Романтический текст о Беларуси будущего, который не прозвучал с трибуны Дня Воли.
За некалькі дзён да Дня Волі да мяне зьвярнуўся лідэр адной з палітычных арганізацыяў з прапановай напісаць тэкст, які, як меркавалася, прагучыць з трыбуны сьвяточнага мітынгу.
Задачай было напісаць узвышанае эсэ пра будучую «ідэальную» Беларусь, у якой хацелася б жыць. Тэкст, не прывязаныя ні да якой ідэалёгіі, які б станоўча быў успрыняты людзьмі з самымі рознымі палітычнымі поглядамі. Таксама немалаважнай умовай было, каб гэты тэкст добра ўспрымаўся на слых, бо ён мусіў зачытвацца з трыбуны рознымі людзьмі па аднаму абзацу.
Я напісаў. Я ўклаў у тэкст у сваю душу, усё, што я адчуваю пра Беларусь і жыцьцё. Але атрымалася так, што сцэнар у арганізатараў зьмяніўся і гэты тэкст аказаўся непатрэбным. Я ні ў якім разе не пакрыўдзіўся, і сёньня хачу прапанаваць яго вашай увазе. Вось гэты тэкст — уявіце, што вы чытаеце яго на Дзень Волі з высокай трыбуны перад шматтысячным сходам.
«Сёньня, зьвяртаючыся да гераічнага чыну нашых папярэднікаў, якія зрабілі першыя крокі ў заснаваньні незалежнай Беларусі — мы заяўляем, хто зробім усё магчымае, каб пабудаваць свабодную і дэмакратычную Беларусь будучыні.
Краіну, у якой найвышэйшай каштоўнасьцю будзе чалавек, ягоныя правы і свабоды. Законы і дзеяньні дзяржаўных структур павінны быць накіраваныя найперш на тое, каб выконваць, абараняць і пашыраць правы і свабоды грамадзян. Краіну, дзе асноўная мэта ўлады і грамадзтва — раскрыць творчы патэнцыял чалавека, стварыць такія ўмовы, каб свабода і разьвіцьцё асобы гарманічна супадала з інтарэсамі грамадзтва і дзяржавы.
Краіну, у якой канстытуцыйна замацаваныя незалежнасьць і падзел уладаў, дзе выканаўчая ўлада ня ўмешваецца ў дзейнасьць судовай і заканадаўчай. Дзе грамадзяне самі непасрэдна выбіраюць кіраўнікоў сваіх раёнаў, абласьцёў, дэпутатаў парлямэнту і вышэйшую асобу дзяржавы на свабодных, празрыстых і дэмакратычных выбарах, справядлівасьць якіх ніхто ў краіне і сьвеце не ставіць пад сумнеў.
Краіну, дзе суды рэальна незалежныя, і таму судзьдзі лічаць, што лепш адпусьціць вінаватага, чым асудзіць невінаватага. Дзе ў месцах зьняволеньня створаныя чалавечыя ўмовы, які не прыніжаюць годнасьць асобы. Дзе ўсе аднолькава роўныя перад законам, праваахоўныя структуры падуладныя і падсправаздачныя грамадзтву, і не лічаць сябе асаблівай кастай.
Краіну, у якой права прыватнай уласнасьці непарушна, а органы ўлады закліканыя максымальна спрыяць разьвіцьцю эканамічнай актыўнасьці грамадзян. Краіну са свабоднай канкурэнцыяй, з эканомікай, адкрытай для інвэстыцый і адказнага замежнага капіталу, у якой цэняць працоўную этыку, наватарства, вынаходніцтва, і дух прадпрымальніцтва.
Краіну, у якой не пануе ніякая палітычная ідэалёгія, акрамя павагі да нацыянальнай гісторыі, сымбаляў, мовы, і культуры. Дзе ўсе рэлігійныя канфэсіі роўныя перад законам і аддзеленыя ад дзяржавы. Дзе большасьць людзей добраахвотна прымае ўдзел у грамадзянскай і палітычнай дзейнасьці, у жыцьці сваёй супольнасьці, бо лічаць, што паляпшэньні ў краіне залежаць перш за ўсё ад іх саміх.
Краіну, дзе дзяржава ўсяляк спрыяе разьвіцьцю беларускай мовы і культуры, дзе не існуе цэнзуры і чорных сьпісаў, дзе сродкі масавай інфармацыі свабодныя і не прыналежаць дзяржаве. Дзе школьная адукацыя выхоўвае гарманічна разьвітых і незалежных асобаў, а ўнівэрсытэты зьяўляюцца крыніцай глыбокіх ведаў, прытулкам свабоднага духу і творчага крытычнага мысьленьня.
Краіну, у якой хочацца жыць, тварыць і разьвівацца!»
Комментарии