Учительница географии из Бобруйска популяризирует белорусский язык через инстаграм. И разговаривает по-белорусски со своим котом!
Бабруйчанка Дар’я Роскач працуе настаўніцай геаграфіі ў школе №25 свайго роднага горада. Школа хоць і рускамоўная, але дзяўчына імкнецца пераходзіць на беларускую ў любы магчымы момант. Вядзе па-беларуску яна і свае сацсеткі.
Дар’я скончыла Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці «геаграфія і аховы прыроды». Па размеркаванні трапіла на працу ў Бабруйск. У педагагічную ВНУ дзяўчына ішла мэтанакіравана, і маці-інжынерка з бацькам-электрыкам яе выбару не пярэчылі.
«Кніжкі па геаграфіі хоць і надрукаваныя па-руску, але я прапаноўваю на добраахвотнай аснове адказваць па-беларуску. За гэта дзеці могуць атрымаць бонусы. Калі праходзім геаграфію Беларусі, магу расказваць матэрыял на роднай мове. Ці калі гаворка ідзе пра нешта з нашай краінай звязанае: напрыклад, пра гару Касцюшкі ў Аўстраліі, якая была названая ў гонар Тадэвуша Касцюшкі», — расказвае Дар’я.
Настаўніца лічыць, што большасць дзяцей не разумее, навошта ім беларуская і якім чынам мова спатрэбіцца ім у будучыні, таму і адносіны да яе пагардлівыя. «Няма прыкладу цікаўнасці да беларускай з боку дзяржавы», — дадае Дар’я. Але ў большай ступені, упэўненая яна, сітуацыя залежыць ад выхавання ў сям’і:
«Будучы ўжо дарослай, я аналізую, як у маё жыццё прыйшла беларуская мова. Бабруйск жа пераважна рускамоўны. Але я ўрыўкамі памятаю, як мне з дзяцінства прывівалася любоў да свайго, роднага. Бацька быў родам з вёскі і, дзякуючы яму, я ішла ў першы клас, ведаючы, як пішацца беларуская літара «і», а астатнія дзеці не ведалі гэтага. І паступова, пад апошнія курсы ўнівера, гэта нацыянальнае ўва мне ўмацавалася».
Пачынаць адносіны з беларускай мовы Дар’я раіць хаця б з банальнага «дзякуй» і «калі ласка» у адказ людзям у крамах, на вуліцы і гэтак далей. Сама яна, калі побач няма нікога з кім можна было б папрактыкавацца ў гаворцы, размаўляе па-беларуску са сваім катом.
Замацаваным допісам ва Укантакце ўжо не першы год у дзяўчыны вісіць выказванне Вацлава Ластоўскага: «Хто саромеецца сваёй мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як недалюдкам, бо саромеючыся роднае мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў — бацькоў сваіх, але і увесь народ».
Інстаграм яна таксама вядзе па-беларуску, каб вучні, настаўнікі і іншы людзі ведалі яе пазіцыю: «Хай дзеці бачаць мову хаця б у маіх сацсетках і такім чынам разумеюць, што ёй можна карыстацца не толькі на занятках па беларускай мове і літаратуры».
Адміністрацыя школы, кажа Дар’я, з паразуменнем ставіцца да яе пазіцыі. Тым больш што маладая настаўніца прыўносіць у школу шмат новага.
Так, напрыклад, па яе ініцыятыве ў школе запрацаваў гурток «Юны рэжысёр». І калі на некаторыя іншыя кружкі дзяцей прыходзілася запрашаць доўга і настойліва, то сюды школьнікі ходзяць з энтузіязмам. Дар’я завяла для школы асобны ютуб-канал, на ім можна ўбачыць увесь кантэнт зроблены маладымі рэжысёрамі.
Акрамя настаўніцкай дзейнасці, Дар’я займаецца калекцыяніраваннем незвычайных лялек (для якіх сама перашывае адзенне), малюе і фатаграфуе.
«Я мару, што аднойчы прафесія настаўніка здабудзе прэстыжны статус сярод насельніцтва. А калі казаць пра інстаграм… Буду і далей публікаваць фота і думкі на роднай мове, бо яна самая лепшая і самая жывая, што б хто ні казаў».
Комментарии