После смерти Франсиско Франко в 1975 году Испания почти мгновенно превратилась в демократию. Но перемены готовились ещё при жизни «последнего диктатора Западной Европы».
У адрозненне ад многіх іншых аўтакратаў, генерал Франка цвяроза ўсведамляў, што ён не вечны. Таму яшчэ з пачатку 1940-х гадоў ён пачаў шукаць сабе пераемніка, палічыўшы патрэбным адрадзіць манархію, ліквідаваную рэспубліканцамі ў 1931-м. Франка спадзяваўся, што кароль пры патрэбе стане арбітрам, які здолее прымірыць розныя палітычныя сілы і не дазволіць ім распачаць новую грамадзянскую вайну.
Заставалася толькі вызначыць, хто ім стане. Франка не жадаў бачыць на троне сына зрынутага ў 1931 годзе караля, бо той актыўна падтрымліваў праціўнікаў Франка. Дыктатар зрабіў выбар на карысць унука караля — Хуана Карласа. Уплываць на яго правадыр нацыі пачаў з малых гадоў: дазволіў атрымаць адукацыю на радзіме (сям’я жыла ў выгнанні), а з 1963-га нават запрасіў жыць у былым каралеўскім палацы Сарсуэла. Але заступіць на каралеўскі трон прынц павінен быў толькі пасля смерці дыктатара.
Як Франка выбіраў пераемніка
Доўгі час Франка вагаўся між двума кандыдатамі з каралеўскага роду: Хуанам Карласам і ягоным стрыечным братам Альфонсам. У апошняга былі свае козыры: Альфонса сустракаўся з унучкай Франка — яны ажэняцца ў 1972-м — і цалкам падтрымліваў погляды каўдылья. Але Хуан Карлас перайграў: ён заўсёды пагаджаўся з дыктатарам і нават абмежаваў кантакты з уласным бацькам-лібералам. Таму летам 1969-га ён і стаў афіцыйна «прынцам Іспаніі».
Пазней новы кароль прызнаўся, што ўсе гэтыя гады таіўся, каб заваяваць давер дыктатара. Хуан Карлас нават атрымаў вайсковую адукацыю, бо «ключом да поспеху былі сілавікі, і я быў вымушаны стаць афіцэрам, каб атрымаць падтрымку вайскоўцаў».
Прынц Хуан Карлас, аднак, вёў двайную гульню і яшчэ да смерці Франка непублічна сустракаўся з палітычнымі апанентамі дыктатара, абмяркоўваючы з імі будучыню Іспаніі. Вядома, службы бяспекі паведамлялі пра ўсё кіраўніку Франка, аднак гэта не змусіла дыктатара раздумаць.
Гэта быў чалавек са сваімі прынцыпамі і ўяўленнямі. Нездарма ж яшчэ падчас грамадзянскай вайны ён казаў, што яму трэба не хуткая перамога любой цаной, а вызваленне ад камуністаў з мінімальнай колькасцю ахвяр.
Адліга пачалася яшчэ пры Франка
Для дэмакратызацыі Іспаніі да 1970-х гадоў наспелі і знешнія, і ўнутраныя перадумовы.
Каб забяспечыць нармальнае кіраванне эканомікай, Франка яшчэ ў 1950-я прывёў ва ўрад тэхнакратаў. Яны зрабілі эканамічны цуд. Па меры таго, як краіна багацела, аўтарытарызм страчваў сэнс, больш не было патрэбы кантраляваць сацыяльныя супярэчнасці жалезнай рукой. Камуністычнай пагрозы больш не было, а дэмакратычныя краіны Еўропы апераджалі Іспанію ў развіцці. А тут яшчэ здарыўся штуршок сусветнага эканамічнага крызісу 1973-га.
Палітычную лібералізацыю падтрымлівалі і многія ва ўладзе. З канца 1960-х улады пачалі скрозь пальцы глядзець на развіццё рэгіянальнай апазіцыйнай прэсы, хоць цэнтральныя СМІ працягвалі заставацца «правільнымі». Тады ж у краіне дазволілі «палітычныя асацыяцыі», з якіх потым вырастуць апазіцыйныя партыі. Ды нават маладзейшыя сябры адзінай дазволенай партыі, Фалангі, выступалі за перамены.
Вось так яшчэ пры жыцці Франка былі зробленыя першыя крокі да дэмакратызацыі ў Іспаніі. Але сапраўды новая эра ў жыцці краіны пачалася позняй восенню 1975-га, калі пасля смерці каўдылья кіраўніком краіны быў абвешчаны кароль Хуан Карлас I.
Новая Іспанія
Ужо ў пачатку 1976-га ў Мадрыдзе прайшлі першыя масавыя дэманстрацыі з патрабаваннямі палітычных свабод. Адным з лозунгаў быў такі: «Хуан Карлас, пачуй нас!». Гэтыя дэманстрацыі далі маладому каралю маральны мандат на перамены.
У ліпені 1976-га, праз восем месяцаў пасля смерці дыктатара, кароль адправіў у адстаўку атрыманы ў спадчыну ад ранейшага рэжыму ўрад Карласа Арыяса Навары і даручае стварэнне новага ўрада франкісту-цэнтрысту Адольфа Суарэсу.
Суарэс быў прадстаўніком маладога пакалення ў франкісцкай эліце. На момант смерці Франка яму было 43 гады. У грамадзянскай вайне ён не ўдзельнічаў, у 1936-м яму было ўсяго 4 гады. Пры Франка ён пачынаў як «вертыкальшчык», узначальваў адну з правінцый, а пасля — дзяржаўнае тэлебачанне.
Усмешлівы Суарэс не толькі меў рэпутацыю ліберала, але і быў ім. Натуральна, лібералам не ўвогуле, а ў параўнанні з іншымі франкістамі. Як казаў пазней сам Хуан Карлас, «Суарэс быў франкістам, але такім, які здолеў пераканаць антыфранкістаў паверыць яму».
Суарэс пераканаў уладную эліту прыняць закон аб палітычнай рэформе, пазней падтрыманы на рэферэндуме. А ў красавіку 1977-га, праз паўтара года пасля смерці Франка, ён распусціў «Фалангу», прыбраў з вуліц сімвалы дыктатуры, дазволіў палітычныя партыі і арганізаваў першыя за 41 год свабодныя выбары, на якіх усе кандыдаты мелі роўныя магчымасці для агітацыі, а падлік галасоў быў празрыстым.
Сам Суарэс павёў на выбары наваствораны Саюз дэмакратычнага цэнтра (СДЦ). І перамог. Яго цэнтрысцкая партыя здабыла 165 мандатаў з 350, а ўчорашнія падпольшчыкі і «экстрэмісты» з Сацыялістычнай рабочай і Камуністычнай партый — 118 і 20 адпаведна. Жалезабетонныя «фалангісты», якія пайшлі на выбары пад адроджаным старым лэйблам, не правялі ніводнага дэпутата, а кансерватыўны, «за стабільнасць», Народны саюз, з якога пасля вырасце правацэнтрысцкая Народная партыя, — толькі 16.
Вядома, прыхільнікі Франка не сталі дэмакратамі за адну ноч. Яны патрабавалі для сабе гарантый і прэферэнцый, і за гэтым назіраў новы міністр унутраных спраў, фалангіст Радольфа Марцін Вілья. Яго галоўнай мэтай было «забяспечыць такі трансфер улады, каб тыя, хто распачаў рэформу, не былі выключаныя з новага палітычнага жыцця». Вілья таксама ўвайшоў у Саюз дэмакратычнага цэнтра.
Мяккі ход перамен быў забяспечаны дзякуючы таму, што новы курс падтрымалі нізавыя структуры ўладнага апарату.
Пераменам спрыяла іх падтрымка на міжнароднай арэне. Еўрасаюз абяцаў Іспаніі членства, і нават адносіны з Ватыканам палепшалі, бо кароль адмовіўся ад ранейшай практыкі ўмяшання дзяржавы ў прызначэнне біскупаў.
Да моманту смерці Франка ў іспанскім грамадстве склаўся кансэнсус адносна неабходнасці зменаў: працягу дыктатуры збольшага не хацелі ні масы, ні эліты. Таму ўсё і пайшло так гладка.
Зраўнялі катаў і ахвяраў
Новым крокам да прымірэння і аб’яднання іспанцаў стаў закон аб амністыі, які ўступіў у сілу 17 кастрычніка 1977 года. Згодна з ім, усе былыя ўдзельнікі грамадзянскай вайны з боку рэспубліканцаў маглі вярнуцца на радзіму, а функцыянеры рэжыму Франка атрымалі амністыю за свае ўчынкі ў мінулым. Левыя палітыкі крытыкавалі закон за тое, што ён зраўноўваў «катаў і ахвяраў». Але і Суарэс, і кароль Хуан Карлас лічылі, што «люстрацыя прывяла б толькі да новага ўсплёску варожасці».
Дарэчы, закон дзейнічае і сёння, хоць замежныя краіны перыядычна выпрабоўваюць іспанскую сістэму на трываласць. Напрыклад, Аргенціна нядаўна абвінаваціла вышэйзгаданага Вілью ў смерці сваіх грамадзян падчас рабочых пратэстаў, але Іспанія выдаць аднаго з айцоў трансферу ўлады адмовілася.
Абароненая дэмакратыя
Першы дэмакратычна абраны парламент распрацаваў новую канстытуцыю. Пасля яе прыняцця, у сакавіку 1979-га, прайшлі новыя парламенцкія выбары, пасля якіх Суарэс захаваў пасаду прэм'ера. Аднак далей яго папулярнасць пачала падаць. Эканамічныя рэформы прывялі да росту беспрацоўя, якое дасягнула 20 працэнтаў, і інфляцыі. Тым часам баскскія нацыяналісты ўзмацнілі тэрор, патрабуючы незалежнасці. Анархісты пачалі забойствы і выкраданні багатых прадпрымальнікаў. Фалангісты падкладалі бомбы ў офісах камуністаў. Узнік тыповы для перамен момант нестабільнасці. Левыя патрабавалі паскорыць палітычныя рэформы, а правыя — запаволіць іх. Унутры Саюза цэнтра нарастаў раскол. Маналіту дыктатуры больш не было, розныя групоўкі кіраваліся рознымі інтарэсамі. Мяккі па натуры Суарэс падаў у адстаўку: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа сысці».
Увечары 23 лютага 1981 года ў парламенце пачалося галасаванне па кандыдатуры новага прэм’ера. І тут здарылася нечаканае: у будынак уварваліся 200 байцоў Guardia Civil, Грамадзянскай гвардыі, — іспанскага спецназа. Атрад узначальваў падпалкоўнік Антоніа Тэхера, які «ад імя караля» запатрабаваў ад дэпутатаў маўчаць і заставацца на сваіх месцах. Аднак не ўсе дэпутаты яму падпарадкаваліся, а даць загад страляць Тэхера не наважыўся.
Тым часам адзін з кіраўнікоў змовы, генерал Альфонса Армада, паехаў у каралеўскі палац пераконваць свайго былога курсанта, а цяпер караля, «узяць ўладу ў свае рукі». Аднак манарх у мундзіры галоўнакамандуючага ў жывым эфіры тэлебачання заявіў, што сілавое ўмяшанне ў дэмакратычныя працэсы недапушчальнае. Стала ясна: пераварот праваліўся.
Сярод дэпутатаў, якія 18 гадзін правялі ў Картэсах пад рулямі аўтаматаў, быў і будучы генеральны сакратар НАТА Хаўер Салана.
Аналітыкі казалі, што шанцы на поспех у вайскоўцаў былі, але толькі калі б яны выступілі раней, у дзень легалізацыі камуністаў, якая выклікала абурэнне ў часткі грамадства.
Апошні крок да ліквідацыі дыктатуры
Далейшая гісторыя Іспаніі нагадвала ход падзей у звычайнай дэмакратычнай дзяржаве. У 1982-м новы прэм’ер Леапольда Кальва-Сатэла распусціў парламент, а на новых выбарах да ўлады прыйшла Сацыялістычная рабочая партыя на чале з Феліпе Гансалесам. Саюз дэмакратычнага цэнтра атрымаў толькі 11 месцаў і праз год самаліквідаваўся — тое самае ўжо ў 1990-я здарылася з альянсамі, якія правялі дэмакратызацыю ў краінах Усходняй Еўропы.
Змяніліся і апаненты цэнтрыстаў. Іспанская сацыялістычная рабочая партыя ператварылася ў тыповую еўрапейскую сацыял-дэмакратычную партыю, якая не збіралася ламаць асновы капіталізму. Ад ідэі дыктатуры пралетарыяту і ліквідацыі манархіі адмовіліся таксама іспанскія камуністы — якія, дарэчы, яшчэ ў 1960-я, разам з італьянскімі і французскімі ідэйнымі аднадумцамі, распрацавалі дактрыну так званага «еўракамунізму», які не ішоў цалкам у фарватары Масквы.
Гэтыя выбары 1982 года сталі апошнім крокам да ліквідацыі дыктатуры, бо партыя, якая кіравала краінай, не стала чапляцца за ўладу і спакойна саступіла яе.
У сакавіку 1982-га Іспанію прынялі ў НАТА, а 1 студзеня 1986 года гэта дзяржава стала сябрам Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, папярэдніцы цяперашняга Еўрасаюза.
Іспанія паказала свету прыклад, як можна за некалькі год перайсці ад жорсткай дыктатуры да дэмакратыі. У канцы 1980-х менавіта ў Мадрыд ездзілі венгерскія камуністы, каб вывучыць рэцэпты хуткага і амаль бяскроўнага дэмантажу аўтарытарызму.
Комментарии