«Не надо меня хоронить с помпой, я же не на войну иду». Какие загадки таят завещания и эпитафии времен ВКЛ?
Исторические документы могут быть разными, и не последнее место среди них занимают… могильные плиты. Об этом напоминает научный сборник «Epitaphium», изданный Национальным историческим архивом Республики Беларусь. Книга свидетельствует, что тема погребальной культуры Великого Княжества таит множество открытий, которые будут интересными не только для узких специалистов. О грамотности как факторе престижа, странных обычаях и первом минском стихотворении газета «Культура» побеседовала с одним из составителей сборника, историком Денисом Лисейчиковым.
Па словах гісторыка, цікавасць да сумнай, але пазнавальнай тэмы распачалася ў архіве праз вывучэнне тастаментаў шляхты і мяшчан XVI стагоддзя: у сховішчах такіх дакументаў назапасілася нямала.
— Ці істотна яны адрозніваліся па змесце ад цяперашніх завяшчанняў?
— Так, вельмі! Тастаменты — гэта не проста сухія юрыдычныя дакументы: яны адлюстроўвалі ўнутраны свет чалавека. Іх аўтары маглі даць волю эмоцыям, паразважаць на вечныя пытанні. Хаця зразумела, што акты апошняй волі ўтрымлівалі і практычныя клопаты пра сям’ю і маёмасць.
Ды гэтым не абмяжоўвалася. Людзі сталі задумвацца, што ж такое пасмяротная памяць. Адказ лепей за ўсё сфармуляваў слонімскі шляхціц Павел Ірыковіч: «Память человеческая есть коротка, если бы письмомъ подпирана не была». Уласна, у гэтым сказе адлюстраванае стаўленне да пісьмовага слова: калі што і застаецца пасля нас, дык менавіта яно. І сапраўды, у тых тастаментах мы чуем галасы нашых продкаў, якія спачылі ўжо 500 гадоў таму.
— Наколькі на пахавальную культуру ўплывала канфесійная прыналежнасць, якая і сёння лічыцца важным складнікам ідэнтычнасці?
— У Вялікім Княстве тастаменты пакідалі хрысціяне самых розных канфесій, дый нават не толькі яны — захавалася некалькі мусульманскіх. Па некаторых можна з лёгкасцю вызначыць веравызнанне. Скажам, калі аўтар не звяртаецца да Святой Тройцы, гэта сведчыць пра прыналежнасць да пэўных кірункаў пратэстантызму.
Зразумела, у кожнай канфесіі былі свае нормы і традыцыі пахаванняў. Аднак куды болей даецца ў знакі розніца ва ўзроўні адукацыі аўтара. Калі ён недзе вучыўся і шмат чытаў, яго развагі на тэму жыцця і смерці будуць больш грунтоўнымі, а мова — дасканалая. У тастаментах знаці сустракаюцца цытаты са Святога Пісання, лацінскія прыказкі, адсылкі на артыкулы Статута, розныя небанальныя вобразы…
— А ці дакладна арыстакраты іх самі пісалі? Або, магчыма, выкарыстоўвалі прыдворных «літаратурных неграў»?
— Нярэдка ў канцы тастаменту ёсць пазнака: «пісана рукой маёй уласнай». Значыць, гэта было важна і прэстыжна. Толькі прадстаўнікі ніжэйшых слаёў прасілі аб такой паслузе пісараў, і тыя надта не высільваліся: усё коратка і паводле шаблону. Арыстакраты ж часам стваралі сапраўдныя літаратурныя творы, годныя ўключэння ў хрэстаматыю.
Тое, што канцлер Астафей Валовіч быў чалавекам высокаадукаваным, мы ніколі не сумняваліся. Ды, як выявілася з яго тастаменту, ён меў і літаратурныя здольнасці — а таксама своеасаблівае пачуццё гумару. Маўляў, не трэба мяне хаваць з помпай, я ж не на вайну іду. Не варта надта ўпрыгожваць коней, што павязуць маю труну, — яны не паскардзяцца, ды і Богу няма да гэтага справы.
— А якой мовай пісаліся тастаменты ў XVI стагоддзі?
— Каля 90% — старабеларуская. Мова Статутаў і Метрыкі ВКЛ. Тут можна адсачыць пэўную тэндэнцыю: калі ў сярэдзіне XVI стагоддзя на польскай з’яўляюцца хіба адзінкавыя тастаменты, то бліжэй да канца іх ужо дзясяткі. Аднак усё адно гэта меней за чвэрць ад агульнай колькасці.
Адпаведна, ёсць усе падставы меркаваць, што на нашых землях у побыце і справаводстве бытавала родная мова — а не лацінская, як у Польскім каралеўстве. Масавая паланізацыя на пісьмовым узроўні адбудзецца толькі ў наступным, XVII стагоддзі. А да гэтага часу і шляхта, і мяшчане, і самыя ўплывовыя магнаты карысталіся беларускай.
— Няўжо тут ужо ў тыя даўнія часы было багата пісьменных людзей? А як жа стэрэатып пра павальную непісьменнасць?
— Акурат у XVI стагоддзі адбываецца алфавітызацыя — масавае далучэнне да пісьмовай кніжнай культуры, карыстанне яе здабыткамі, а ў дадатак і памкненне самому выкласці свае думкі на пісьме. Таму і з’яўляюцца розныя эга-дакументы — скажам, скаргі або прашэнні. Але тастаменты сярод іх асабліва цікавыя: яны даюць аўтару вялікае поле для імправізацыі.
Тое стагоддзе — наогул вельмі адметны перыяд у нашай гісторыі, ён характэрны не толькі эканамічнымі ды юрыдычнымі навацыямі (згадайма тыя ж Статуты), але таксама і пэўнымі ментальнымі зрухамі. Яны адлюстроўваюцца і ў культуры пахаванняў. Скажам, менавіта ў XVI стагоддзі з’яўляюцца надмагільныя эпітафіі: раней людзі не лічылі патрэбным нешта пісаць на помніках. Маўляў, навошта, калі Бог і так кожнага ведае…
— Праз сціпласць або неўсведамленне важнасці сваёй асобы?
— Магчыма. Але меркаванне змянілася, эпітафіі год ад году станавіліся ўсё больш квяцістымі: часам адлюстроўвалася ледзь не ўся біяграфія спачылага. Самая змястоўная — помнік Марыне Тышкевіч з вёскі Дзікушкі 1598 года. З яе мы даведаліся, што жанчына пражыла вялікае жыццё і ў добрым розуме прычакала сваіх нашчадкаў ажно ў чацвёртым пакаленні!
— Калі казаць пра надгробкі таго часу, перад вачыма адразу паўстае папулярны ва ўсёй Еўропе сармацкі пахавальны партрэт: мужчына ў неактуальных тады даспехах, з заспакоеным выразам твару. Ці характэрны ён быў для нашых мясцін?
— Так, але, зразумела, толькі для вышэйшых саслоўяў — не кожны мог сабе дазволіць наняць выбітных майстроў. Можна прыгадаць і надмагілле Сапегаў у Гальшанах, і надгробак віцебскага кашталяна Мікалая Вольскага ў касцёле ў Крамяніцы ля Зэльвы. Раней было меркаванне, што рыцарскія вобразы характэрныя толькі для каталіцкіх родаў. Аднак знаны абаронца праваслаўя Канстанцін Астрожскі або апошні праваслаўны сенатар Рэчы Паспалітай Адам Кісель мелі такія самыя пафасныя сармацкія надмагіллі. Гэта сведчыць, што статус у грамадстве куды болей уплываў на пахавальныя звычаі, чым канфесійная прыналежнасць.
— Ці трапляюцца сярод эпітафій сапраўдныя літаратурныя творы?
— Так, часам нават у вершаванай форме. Аўтарства аднаго такога барочнага твора 1652 года я ўстанавіў. Напісаны ён у гонар манаха магілёўскага Богаяўленскага манастыра Арсеня Азаровіча настаяцелем і духоўнікам Ігнаціем Іяўлевічам, паплечнікам і сябрам Сімяона Полацкага, з якім яны ў свой час стварылі літаратурны гурток. Сярод манахаў цяга да паэтычнай творчасці наогул была вельмі распаўсюджаная.
Другі вядомы мне прыклад можна лічыць першым мінскім вершам, які да нас дайшоў. Надмагілле, на жаль, не захавалася, але ёсць не надта дасканалая яго замалёўка ХІХ стагоддзя. Гэта помнік жонкі мінскага бурмістра Марыі Маслянкі, які датуецца канцом XVI ст. і быў размешчаны ў сценах Увазнясенскай царквы (яна не захавалася, цяпер на гэтым месцы будынак Генштаба. — «Культура»). У вершы ёсць цікавая вобразнасць: прыкладам, пішучы пра гадзіннік, які ўжо адмераў час зямнога жыцця, аўтар робіць адсылку да таго канкрэтнага гадзінніка, што знаходзіўся на мінскай ратушы. Туды, нагадаю, хадзіў на працу муж спачылай.
Хто мог гэты верш напісаць? Яўна хтосьці з адукаваных манахаў. Колькі я ні спрабаваў перабраць тагачасную праваслаўную брацію Увазнясенскага манастыра, адказу пакуль не знайшоў.
— Ці багата засталося такіх лапідарных вершаў?
— Вядомыя толькі згаданыя два. Агулам мне ўдалося выявіць 33 кірылічныя эпітафіі, але не выпадае сумнявацца, што іх было шматкроць болей.
— Хаця, здавалася б, камень — матэрыял самы трывалы…
— Аднак ён патрэбны пры будаўніцтве. Да ўсяго, часам эпітафіі рабіліся не з каменя, а на металічным лісце. А метал заўсёды знаходзіць сабе другаснае прымяненне, асабліва падчас войнаў. Ды і не толькі ён ад іх церпіць. Прыкладам, падчас кампаніі 1812 года дакументы на пергаменце з радзівілаўскага архіва ў Нясвіжы вайскоўцы выкарыстоўвалі на рамонт папруг. Што ні кажы, скура там добрая… Нешта падобнае здаралася і з эпітафіямі. Такім помнікам не надта шанцавала.
— Ці можна з эпітафій і тастаментаў зразумець, як людзі ставіліся да смерці?
— Акурат у гэтыя часы квітнее культура, якая ўмоўна называецца memento mori, — яе вельмі актыўна пашыралі святары розных хрысціянскіх канфесій. У тастаментах нярэдка сустракаецца такая думка: няма нічога больш пэўнага за смерць, але няма нічога менш пэўнага, чым яе гадзіна. Адпаведна, трэба паўсячасна дбаць пра жыццё вечнае ды старацца загадзя ўладкаваць свае пасмяротныя справы. Скласці той жа тастамент у добрым розуме. Менавіта таму яны гэтак масава і з’яўляліся.
Тое самае тычыцца і надмагілляў: многія рабіліся яшчэ пры жыцці. Мы здзіўляемся, калі нашы бабулі ставяць сабе помнік без даты смерці: маўляў, нашто пра гэта заўчасна думаць, настрой сабе псаваць… Але замовіць майстру помнік, а паэту — эпітафію лічылася нармальнай справай як мінімум з XVI стагоддзя. Практычнае стаўленне і цвярозае разуменне сваёй смяротнасці…
— Тады смерць была звыклай справай нават без войнаў і эпідэмій, а тых, каму пашчасціла дажыць да сарака, лічылі ўжо старымі. Наколькі адчуванне хуткай смерці адбівалася на светапоглядзе?
— Вядома ж, мы да не канца разумеем мысленне людзей таго часу, але складаецца ўражанне, нібы пра смерць яны думалі ледзь не штодня. А ў часы эпідэмій і войнаў — якія, дарэчы, цягнулі за сабою працяглыя перыяды голаду і заняпаду, — дык і наогул пастаянна. Менавіта ў такія гады з’яўлялася найболей узнёслых тастаментаў.
Нашы продкі разумелі, што перад смерцю ўсе роўныя — і каралі, і жабракі. Яна заваблівае ў свой танец — згадайма алегарычны вобраз dance macabre! — прадстаўнікоў самых розных народаў. На той свет мы не пацягнем за сабою матэрыяльныя набыткі, і таму найперш мусім дбаць пра духоўны скарб і пазбаўляцца ад балансу грахоў. А матэрыяльнае — гэта другаснае. Такая думка скразной ніткай праходзіць праз усе тастаменты і дэманструе вельмі важную рысу светапогляду нашых продкаў.
— Якія пахавальныя звычаі найбольш вас уразілі?
— У тыя часы многія завяшчалі пахаваць сябе не на могілках, а ў некім канкрэтным месцы: пад грушкаю, або ў бярозавым гаі, або ў полі… Падчас палявых даследаванняў недзе на ростанях старых дарог даводзілася сустракаць магілы, якія адносяцца прыблізна да гэтага перыяду.
Пра распаўсюджанасць такога спосабу пахавання можна меркаваць хаця б таму, што ў трэбніку вядомага праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілы 1646 года выдання святар пра гэты звычай прыгадвае, маўляў, нельга хаваць людзей у полі, гэта ж дзікунства! Тое, што яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя даводзілася змагацца з такімі практыкамі, сведчыць пра вялікую іх папулярнасць.
— І сапраўды, вельмі дзіўная «апошняя воля». Чым яна вытлумачваецца?
— Пакуль пра гэта можна толькі здагадвацца: тэма вартая асобнага даследавання. Можа, гэта сантымент да любімых мясцін? Бо звычайна людзі прасілі пахаваць іх не проста падалей ад могілак, а на канкрэтным пагорку альбо ля пэўнага дрэўца. А магчыма, прычына ў тым, што пратэстанты тады не мелі сваіх цвінтароў?
Яшчэ адзін дзіўны звычай, пра які ў зборніку піша мой калега Сяргей Грунтоў, паходзіць ужо з канца XVIII стагоддзя. Паход Напалеона ў Егіпет спарадзіў у Еўропе сапраўдную егіптаманію, якая ахапіла і нашы мясціны. І вось, на беларускіх могілках сталі з’яўляцца піраміды — некаторыя з якіх, дарэчы, ацалелі дасюль. Такая мода пратрывала ажно да Першай сусветнай.
— Піраміды і сёння экзатычна выглядаюць у тутэйшых ландшафтах — не кажучы пра былыя часіны. Няўжо просты люд не пратэставаў? Тым болей традыцыі ж зусім не хрысціянскія…
— Безумоўна, мінакі перашэптваліся, аднак… чапаць не адважваліся. Пагатоў гэтымі інтэлектуальнымі гульнямі захапляліся не толькі самыя адукаваныя і эксцэнтрычныя прадстаўнікі грамадства, але і ўплывовыя ды заможныя ў сваіх мясцовасцях. Так што надта пратэставаць не выпадала. І з царскімі ўладамі ўдавалася «вырашыць пытанне»: яны на такіх разумнікаў, якія сочаць за трэндамі, глядзелі скрозь пальцы.
— Які век мае найстаражытнейшае надмагілле ў Беларусі?
— Самае ранняе кірылічнае надмагілле, якое ўдалося атрыбутаваць, — 1555 года. Лацінамоўныя не нашмат старэйшыя — мо на некалькі дзесяцігоддзяў. Калі ж браць былыя землі ВКЛ, то доўгі час пальму першынства трымаў надгробак Сапегаў у вёсцы Кодань, якая цяпер на тэрыторыі Польшчы, — ён датуецца ажно 1520 годам. Аднак прааналізаваўшы самыя розныя складнікі — і шыкоўнае аздабленне, і лексічныя асаблівасці, і прыведзеныя ў эпітафіі звесткі, — даследчыкі паставілі гэтую дату пад сумнеў. Верагодна, перад намі свайго кшталту фальсіфікат, стылізацыя пад даўніну, створаная Сапегамі ўжо на пачатку XVIII стагоддзя, каб падкрэсліць багатую гісторыю свайго роду.
Вядома ж, мы не да канца разумеем мысленне людзей таго часу, але складаецца ўражанне, нібы пра смерць яны думалі ледзь не штодня. А ў часы эпідэмій і войнаў — якія, дарэчы, цягнулі за сабою перыяды голаду і заняпаду, — дык і наогул пастаянна. Менавіта ў такія гады з’яўлялася найболей узнёслых тастаментаў.
— Часта даводзіцца чуць пра нейкія рунічныя надпісы на помніках, што паходзяць яшчэ з дахрысціянскіх часоў. А вы кажаце толькі пра XVI стагоддзе…
— Чуткі зазвычай узнікаюць у тых выпадках, калі надпісы спрабуюць расчытаць або энтузіясты, або не надта абазнаныя канкрэтна ў гэтай справе спецыялісты — скажам, самі археолагі, якія іх адшукалі. Так з’яўляюцца розныя дзівосныя версіі, якія ў ахвоту падхопліваюць СМІ. Але варта звярнуцца да кваліфікаваных палеографаў-эпіграфікаў — і яны адразу знойдуць у тых «рунах» знаёмыя рысы кірылічных літар. Прычым высечаных на камені ўсяго пару-тройку стагоддзяў таму.
— А што наконт надгробкаў зусім без надпісаў?
— Такія артэфакты датаваць вельмі цяжка. Старадаўніх каменных крыжоў захавалася ў нас нямала — самыя вядомыя, пэўна, у Тураве. Але як вызначыць іх сапраўднае прызначэнне? Можа, гэта капліца была, а мо і надмагілле… Уласна таму надпісы і з’яўляюцца галоўным элементам атрыбуцыі, які сведчыць пра час, мэту, веравызнанне. Усё звязана з алфавітызацыяй, распаўсюджваннем пісьмовасці сярод шырокіх слаёў грамадства. І ў гэтым сэнсе слонімскі шляхціц меў рацыю: менавіта пісьмо перадусім спрыяе захаванню памяці.
— Вы казалі пра палявыя даследаванні. Ці шмат захавалася аўтэнтычных надмагілляў таго ж XVI стагоддзя, або даводзіцца задавальняцца адно іх апісаннямі?
— Магчыма, такіх камянёў з надпісамі вельмі шмат па ўсёй Беларусі. Аднак, калі могілкі старыя, паспрабуй тыя надгробкі адшукаць: яны або зусім пад зямлёю, або зараслі травой, або перакуленыя надпісам уніз. З маім калегам, супрацоўнікам Ганцавіцкага краязнаўчага музея Віталём Герасіменем мы не так даўно знайшлі і атрыбутавалі помнікі XVI стагоддзя ў вёсцы Малькавічы. Ім у пэўнай меры пашанцавала: могілкі даволі далёка ад вёскі, там даўно не хаваюць. Гэта свайго кшталту востраў пасярод балот, былое царковішча, і таму на ім захаваліся камяні з надпісамі амаль 500-гадовай даўніны! Думаю, такіх неспадзяванак, якія чакаюць свайго даследчыка, у Беларусі яшчэ вельмі шмат.
«Пабыўшы ў пячоры Алі-Бабы, я вынес толькі тое, што змясцілася ў маіх далонях». Выйшла кніга пра беларускія фатаграфіі
«Купленно мною в Гомле на Міхайла віна церковнаго і воцту с лішком фляшку». Калі прыносіць карысць недастатковая пісьменнасць?
У красавіку археолагі пачнуць даследаванні гарадзішча на Менцы. Можна далучыцца да раскопак
Комментарии