Здароўе5

Печань будзе маўчаць да апошняга. Коратка — пра асноўныя небяспекі

Печань — той орган, які будзе трываць, колькі магчыма, і не падаваць сігналаў, што нешта не так. Звычайна заўважныя сімптомы з’яўляюцца тады, калі сітуацыя ўжо запушчаная і прымаць меры трэба неадкладна.

Як зразумець, што печані патрэбная дапамога, мы высвятлялі ў загадчыка трэцяга тэрапеўтычнага аддзялення Першай цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Цэнтральнага раёна Мінска Дануты Касабуцкай.

Як убачыць, што ёсць праблема

Многія захворванні адразу ж «вылазяць» на твары і целе чалавека. І печань тут не з’яўляецца выключэннем. Ёсць тры асноўныя сігналы, якія даюць зразумець, што варта пачаць хвалявацца:

  • бялкі вачэй становяцца жаўтаватымі,
  • з’яўляюцца сасудзістыя «зорачкі» і пігментныя плямы,
  • скура набывае жаўтаватае адценне.

Акрамя таго, чалавек можа згубіць колішнюю працаздольнасць і пачаць хутка стамляцца. Можа знікнуць апетыт, з’явіцца горыч у роце, а таксама заўважны жывот — як наступства назапашвання вадкасці ў брушной поласці.

Чаму печань пачынае хварэць

Вывесці гэты орган са строю складаней, чым многія іншыя, але магчыма. Вось асноўныя прычыны, якія могуць справакаваць развіццё захворванняў:

  • злоўжыванне алкаголем,
  • вірусныя захворванні печані,
  • паслабленне імунітэту,
  • парушэнне абмену рэчываў,
  • спадчынныя захворванні,
  • пэўныя лекі і таксічныя рэчывы,
  • захворванне жоўцевага пузыра і падстраўнікавай залозы.

Самыя распаўсюджаныя хваробы

Тлушчавы гепатоз

Гэта хранічнае захворванне, калі клеткі печані пераўтвараюцца ў тлушчавую тканку. Звычайна тлушчавы гепатоз развіваецца праз залішнюю вагу, пераяданне, злоўжыванне тлустай ежай. Іншы фактар — алкаголь. Прычым да хваробы могуць весці не толькі вялікія дозы спіртнога, але таксама і малыя, калі яны штодзённыя. Яшчэ адна прычына — працяглы прыём лекаў, якія шкодзяць клеткам печані.

Калі тлушчавую хваробу запусціць, яна можа прывесці да стэатагепатыту, то бок запалення тканак печані, цырозу і ў рэдкіх выпадках раку.

Алкагольнае паражэнне печані

Прыём 40-80 грамаў этанолу ў дзень на працягу 10-12 гадоў правакуе развіццё алкагольнага паражэння печані. Аднак варта ўлічваць таксама ўплыў спадчынных фактараў і ўздзеянне наваколля.

Трэба сказаць, што ў жанчын алкагольнае паражэнне печані развіваецца хутчэй і для гэтага хапае меншых доз алкаголю.

Хранічныя вірусныя гепатыты В і С

Гепатытам называюць розныя запаленчыя захворванні печані. Гепатыты В і С — неспадчынныя хваробы, перадаюцца яны толькі праз кроў. Падчапіць вірус можна ў сумнеўных тату-салонах, на сеансе манікюру ці педыкюру або параніўшыся шпрыцам, на якім была кроў чалавека, што хварэе на гепатыт. Пры простым пацалунку ці знаходжанні побач з хворым чалавекам заразіцца амаль немагчыма.

Гепатыт В нашмат больш распаўсюджаны, чым гепатыт С. Першы працякае востра, аднак сур’ёзныя ўскладненні пасля яго ўзнікаюць адносна рэдка. З гепатытам С усё наадварот: ён працякае спакойна, аднак нашмат часцей пераходзіць у хранічную форму.

Менавіта гепатыт С называюць адной з найбольш небяспечных хвароб печані, бо часта ён перарастае ў яшчэ больш небяспечную хваробу — цыроз печані. А гэтая хвароба, у сваю чаргу, з’яўляецца адной з самых распаўсюджаных прычын смерці ў 35-65 год.

Як папярэдзіць хваробы печані

Найперш варта максімальна зменшыць знешнія рызыкі:

  • падтрымліваць здаровую вагу цела,
  • абмежаваць ужыванне алкаголю,
  • правесці вакцынацыю супраць гепатытаў А і В,
  • ужываць толькі тыя лекі і так, як прапісаў доктар, каб пазбегнуць гепататаксічнасці,
  • пазбягаць непасрэднага кантакту з кроўю і сэксуальных сувязяў з малазнаёмымі.

Праблемы з печанню могуць узнікнуць у любым узросце, але найчасцей з імі сутыкаюцца ва ўзросце 15-45 гадоў.

Як баліць печань

Пра «непаладкі» можа сігналізаваць боль у правым падрабрынні. У печані няма нервовых канчаткаў і боль у ёй сам па сабе ўзнікнуць не можа, нават калі хвароба ўжо ёсць. Нервовыя канчаткі ёсць не ў печані, а ў абалонцы, што яе пакрывае. Праз хваробы печань павялічваецца ў памерах, расцягвае абалонку печані, ад чаго і з’яўляецца боль.

Аднак каб зразумець, якія праблемы ёсць у вашым арганізме, адназначна трэба звярнуцца да доктара.

ААТ «Экзон», УНП 200433278

Каментары5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →