У 2025 годзе ў Беларусі ўступіць у сілу шэраг важных новаўвядзенняў у галіне пенсійнага забеспячэння, якія тычацца як жанчын, так і мужчын, піша «Люстэрка».
Павышэнне страхавога стажу
З 1 студзеня 2025 года ў Беларусі будзе павышаны мінімальны страхавы стаж да 20 гадоў (цяпер ён складае 19 гадоў 6 месяцаў). Ён неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. У гэты стаж улічваецца толькі той час, калі чалавек працаваў, а працадаўца плаціў за яго страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Напрыклад, дэкрэтны адпачынак у гэты стаж не ўключаецца (але ў агульны стаж — так).
Раней мінімальны страхавы стаж складаў 5 гадоў, але з 2013 года яго сталі рэзка павышаць. Беларусы, якія паводле новых правілаў не накапілі гэты стаж, трапляюць у пенсійную пастку: яны не могуць разлічваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную (цяпер яна складае 218,9 рубля). Жанчыны могуць атрымліваць яе з 60 гадоў, а мужчыны — з 65.
Стандартны пенсійны ўзрост у Беларусі складае 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын. У Міністэрстве працы напярэдадні заявілі, што пытанне далейшага павышэння гэтага паказчыка «на парадку дня не стаіць».
Змена для шматдзетных маці
Адна з змен тычыцца жанчын. Канкрэтна яна закранае шматдзетных маці, у якіх чацвёра дзяцей. Для іх з 1 студзеня 2025 года паменшаць мінімальны страхавы стаж — з 10 да 5 гадоў.
Новаўвядзенне для мужчын
З 2025 года мужчыны змогуць выйсці на датэрміновую пенсію па ўзросце, калі яны выхавалі дзіця з інваліднасцю. Але ёсць важная ўмова — зрабілі гэта без удзелу маці. Датэрміновую пенсію замест маці прызначаць бацьку, калі яму споўніцца 58 гадоў (жанчынам — у 53 гады).
Але для гэтага трэба выканаць некалькі патрабаванняў. Першае — выхоўваць дзіця не менш за 8 гадоў. Калі па нейкіх прычынах яно не дажыве да гэтага ўзросту, то датэрміновай пенсіі не будзе (гэта правіла тычыцца і жанчын). Другое — стаж працы не менш за 25 гадоў. З іх 5 гадоў страхавога стажу, гэта значыць, з уплатай страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны. Для маці гэтыя патрабаванні адрозніваюцца — стаж работы не менш за 20 гадоў (з іх — 5 гадоў страхавога).
Некаторых пенсіянераў перастануць рэгістраваць у цэнтрах занятасці
З студзеня 2025 года таксама ўвядуць змены ў заканадаўства, якія тычацца занятасці насельніцтва. Сярод іншага чыноўнікі забароняць рэгістрацыю ў якасці беспрацоўных у цэнтрах занятасці тых, хто атрымлівае сацыяльную пенсію.
Цяпер такое абмежаванне дзейнічае для тых, каму выплачваюцца пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, а таксама прафесійныя.
Перамесцяць тэрміны падання заяў на пенсію
З 1 студзеня 2025 года павялічаць тэрмін падачы заявы для прызначэння некаторых пенсій — па ўзросце, за выслугу гадоў і сацыяльных. Заяву можна будзе падаць за месяц да пенсійнага ўзросту і ў межах такога ж тэрміну пасля яго. Выплаты прызначаць з той даты, калі чалавек дасягне ўзросту для выхаду на заслужаны адпачынак.
Цяпер па прызначэнне пенсіі можна звяртацца ў любы час пасля таго, як з'явіцца права на яе. То-бок калі жанчыне споўніцца 58 гадоў, а мужчыну — 63 гады (калі гэта не льготнікі). Але калі чалавек прыйдзе за пенсіяй не ў свой дзень нараджэння, а пазней, то гэтыя выплаты будуць пачынаць налічваць з той даты, калі ён звярнуўся.
Здымуць абмежаванні для працуючых на пенсіі
Улады адменяць столь па памеры выплат для тых, хто працягвае працаваць на пенсіі і адначасова атрымлівае і зарплату, і пенсію. У некаторых з іх ёсць абмежаванні па максімальным памеры пенсійных выплат. Гэта тычыцца тых, у каго да выхаду на заслужаны адпачынак была зарплата, якая ў 1,3 разы перавышала сярэднюю па краіне.
Ёсць такое паняцце, як індывідуальны каэфіцыент заробку — гэта суадносіны фактычнай зарплаты, якую чалавек атрымліваў да выхаду на заслужаны адпачынак, і сярэдняй па краіне. Калі зарплата канкрэтнага чалавека была ў паўтара раза большая за сярэднюю, то ў яго гэты каэфіцыент складае 1,5, калі на ўзроўні сярэдняй — 1. Так вось для тых, хто працягвае працаваць на пенсіі, ёсць столь па памеры выплаты — бярэцца максімальны каэфіцыент на ўзроўні 1,3. Нават калі ў кагосьці ён складае 1,5 або 2, то ўсё роўна дзейнічаюць абмежаванні. То-бок фактычна чалавек не да атрымлівае частку пенсіі, калі працягвае працаваць на заслужаным адпачынку.
Яшчэ адно новаўвядзенне для пенсій і рынку працы
У Беларусі ў некаторых беспрацоўных зараз ёсць магчымасць выйсці на пенсію датэрмінова. Рашэнне тычыцца тых, хто быў звольнены з-за ліквідацыі арганізацыі, стаў на ўлік у цэнтр занятасці, але не змог знайсці працу. Такія людзі зараз могуць выйсці на пенсію на два гады раней: жанчыны — у 56 гадоў, а мужчыны — у 61 год. Але для гэтага патрэбна згода службы занятасці.
У 2025 годзе для датэрміновага выхаду на пенсію па такім падставам увядуць узмацненне: пайсці на заслужаны адпачынак можна будзе не на два гады раней, а толькі на адзін.
Каментары