Настаўніца хіміі ў Мінску самастойна разабралася з пажарам у школе
Ніхто не пацярпеў, усяго з будынка школы эвакуявалі 821 чалавека.
Учора ў школе №218 імя Еўфрасінні Полацкай, што ў Малінаўцы на вуліцы Ясеніна, пачаўся пажар. У школу адправіліся супрацоўнікі МНС, аднак настаўнікі пакінулі ратавальнікаў без працы.
Як высветлілася, у адным з памяшканняў адбылося загаранне. Дым хутка распаўсюдзіўся па калідорах, што магло стаць прычынай трагедыі. Пазбегнуць сур'ёзных наступстваў дапамагла зладжаная праца педагогаў.
Яшчэ да прыбыцця МНС настаўнікі арганізавалі эвакуацыю і вывелі на вуліцу 772 вучняў. Пасля гэтага настаўніца хіміі ўзяла парашковы вогнетушыцель і самастойна разабралася з полымем, піша Tochka.by.
«Я разумела, што недзе гарыць дрэва і гэта не замыканне. Я разумела, што парашковы агнетушыцель падыходзіць, і я патушыла пажар», — кажа на відэа Святлана Мамонава.
Ніхто не пацярпеў, усяго з будынка школы эвакуявалі 821 чалавека, а супрацоўнікі МНС высвятляюць прычыну ўзгарання.
Каментары