Кіно11

Барацьба оркаў за мірнае неба і душныя эльфы. Што паказалі ў новым сезоне «Пярсцёнкаў улады»

На Amazon выйшлі адразу тры серыі другога сезона серыяла па творах Джона Р. Р. Толкіна, якога фанаты чакалі два гады. Паглядзелі іх, каб зразумець, ці ўдалося стваральнікам выправіць памылкі першага сезона і якімі новымі загадкамі інтрыгуе ягоны працяг.

Адар забівае Саўрана ягонай жа шыпастай каронай, вызваляючы народ оркаў ад служэння чарговаму цёмнаму дэспату. Кадр з серыяла

Асцярожна, ёсць спойлеры!

Гэтым разам стваральнікі «Пярсцёнкаў улады» не дапусцілі галоўнай памылкі — выпусцілі новы сезон амаль праз месяц пасля выхаду другога сезона «Дома Цмока». У 2022 годзе абодва серыялы выйшлі ў адзін час і натуральна канкуравалі паміж сабой за ўвагу гледачоў. Параўнанне было не на карысць «Пярсцёнкаў улады».

Нягледзячы на свой непамерна велізарны бюджэт, у «Пярсцёнках улады» не было ні захапляльнага сюжэту, ні глыбокіх дыялогаў, ні пераканаўчай гульні акцёраў. Візуальны складнік, які таксама месцамі можна была раскрытыкаваць за празмерную глянцаваць, і вядомы ўсім чароўны свет Толкіна з цяжкасцю выцягвалі серыял.

Першыя тры пярсцёнкі ўлады, які дасталіся эльфам: Нар'я на руцэ Кірдана Карабела, які пасля перадасць яго Гандальфу, Ненья на руцэ Галадрыэль і Вілья на руцэ караля Гіль-галада. Кадр з серыяла

Сёлета шоўранеры вырашылі ўзяць рэванш — збыць загадкавасць, якой без асаблівага поспеху дражнілі гледача, ды скараціць нудныя і расцягнутыя эпізоды, зрабіўшы новы сезон больш жывым і насычаным. 

У першым сезоне нам расказалі пра вяртанне ў свет Серадзем'я здавалася б пераможанага Саўрана, колішняй правай рукі цёмнага валадара Моргата, які кінуў выклік іншым Валар і самому Ілуватару, але быў знішчаны. Гледачы сталі сведкамі ператварэння паўднёвых земляў у бясплодны Мордар, населены оркамі, і стварэння трох Вялікіх пярсцёнкаў, якія мусяць спыніць заняпад эльфійскіх каралеўстваў.

Хваравітая зацыкленасць Галадрыель на пошуку Саўрана, як выявілася, у першым сезоне прывяла яе туды, дзе сапраўды быў Вораг — крэпасць Фародвайт на далёкай поўначы. Кадр з серыяла

Новы сезон вяртае нас у час пасля паражэння Моргата, калі Саўран (у гэтым флэшбэку яго ролю выканаў Джэк Лаўдэн) абвяшчае сябе ў крэпасці Фародвайт новым цёмным валадаром і абяцае зноў павесці ў бой і скарыць усё Серадзем’е.

Нечакана выяўляецца, што злобныя і нікчэмныя оркі не вельмі хочуць гінуць за чужыя ідэі, а хочуць проста жыць.

Прамова і каранацыя цёмнага валадара ператвараецца ў крывавую бойню, развязаную ягонай правай рукой Адарам (у другім сезоне Джозефа Моўла ў гэтай ролі замяніў Сэм Хэзелдайн, вядомы па фільме «Крумкач»). Гэта вам не перад працоўнымі МЗКТ ў жніўні 2020 года выступаць, тут рабяты сур'ёзныя.

Самаабвешчанага сіняпалага валадара не сталі цярпець нават оркі. Кадр з серыяла

Свабодная воля оркаў і іхняя чалавечнасць — новыя тэмы, якія прыўнёс у гісторыю Серадзем’я серыял. Гісторыя падзення Саўрана выглядае вельмі эфектна і тлумачыць ягоную варожасць да оркаў у Мордары.

Разувасоблены Саўран доўгія гады збірае сілы, каб выбрацца з-пад зямлі і здабыць сабе новае аблічча (Чарлі Уікерз), паглынаючы, падобна да Венама з сусвету Marvel, усё жывое на сваім шляху. Пасля страты ўсяго і здрады сваіх прыспешнікаў, здаецца, ён вагаецца, ці не пачаць усё нанова, прыняўшы бок дабра. Гібель карабля, на якім ён адплываў з Серадзем’я на Захад, відаць, адганяе ад яго гэтыя думкі, а сустрэча ў моры з Галадрыель (Морвед Кларк) вяртае да ранейшых планаў. 

Галадрыель канфліктуе з Элрандам (Роберт Арамая), які лічыць, што пярсцёнкі падпарадкуюць эльфаў волі Саўрана. Кадр з серыяла
Эльфійскія валадары ў Ліндане. Кадр з серыяла

Матывацыя Саўрана насамрэч так і не была раскрытая — ён прагне ўлады без дай прычыны. Пад імем чалавека Халбранда ён выдаваў сябе за караля Паўднёвых земляў і дапамог найвялікшаму эльфійскаму кавалю Келебрымбару (Чарльз Эдвардс) вырабіць эльфійскія пярсцёнкі, але ў канцы мінулага сезона раскрыў сваю сапраўдную сутнасць.

Эльфы Ліндана, якія даведаліся пра сапраўдную сутнасць Халбранда, паўсталі перад невырашальнай дылемай — скарыстацца пярсцёнкамі, каб спыніць заняпад сваіх земляў, або не рызыкаваць трапіць пад уплыў Саўрана і назаўжды сплыць у райскі Валінар.

Кірдан Карабел — наймудрэйшы з эльфійскіх валадароў, які робіць караблі, на якіх эльфы адплываюць у Валінар. Кадр з серыяла
Пярсцёнкі ўлады імгненна вяртаюць былую веліч лясному каралеўству. Кадр з серыяла

Канфлікт вырашае наймудрэйшы з эльфійскіх валадароў — Кірдан Карабел (Бэн Дэніелс, які нядаўна выканаў ролю генерала-гея ў серыяле «Фундацыя» паводле Азімава). Як і ў літаратурным каноне, Кірдан адзіны эльф, які носіць бараду, але згаляе яе ў знак абнаўлення, калі разумее, якую сілу даюць Пярсцёнкі. У адзін момант яны вылечваюць эльфійскія лясы ад хваробы, а Кірдану, Галадрыель і каралю Гіль-галаду (Бэнджамін Уокер) даюць звышнатуральныя здольнасці бачыць тое, што было, і тое, што толькі мае адбыцца.

Хітрун Саўран можа абвесці вакол пальца нават таго, хто яго забіў, а пасля паланіў. Кадр з серыяла. 

Саўран сутыкаецца ў Мордары са сваім забойцам Адарам, «бацькам оркаў», які не пазнае яго ў новым абліччы. Але замест таго, каб забіць яго адразу, ён выкарыстоўвае ягоны ўплыў, каб наслаць чорныя полчышчы на Эрэгіян, дзе, як яму ўдаецца пераканаць Адара, ненавісны Саўран уступіў у змову з ненавіснымі эльфамі.

Шчаслівая сям'я оркаў з маленькім крыважэрным анёлачкам на руках. Кадр з серыяла

Трэба адзначыць, што ў серыяле нам нясмела спрабуюць паказаць оркаў пад іншым ракурсам — як народ дзікі і злобны, але які хоча жыць у міры з іншым светам па сваіх парадках. Але іншы свет адмаўляе ім у існаванні. «Жыцці оркаў важныя» — так і крычаць некаторыя сцэны ў новым сезоне.

Напрыклад, калі нам паказваюць сям'ю оркаў з пачварнай мамай, якая трымае свайго «анёлачка» на руках. Ну як тут не расчуліцца? Фанаты не расчуліліся, а наадварот прыйшлі ў шаленства ад такога здзеку з сусвету Толкіна.

Анатар спакушае Келебрымбара стаць «Валадаром Пярсцёнкаў» і выратаваць увесь свет ад Цемры. Кадр з серыяла.

Сам Саўран пад выглядам Халбранда сапраўды з’яўляецца ў Эрэгіяне і там уводзіць у зман Келебрымбара, які дагэтуль не ведае пра ягоную сапраўдную сутнасць. Славалюбнаму майстру-кавалю ён раскрываецца як Анатар, валадар дароў, і прапануе таму выкаваць пярсцёнкі для гномаў і людзей, каб абараніць іх ад Цемры.

Хрыстападобнай фігурай Саўрана ў вобразе Анатара серыял замахнуўся абразіць усіх хрысціян. Кадр з серыяла

Зусім невыпадкова Цемра накрывае каралеўства гномаў Кхазад-Дум, прымушаючы іх парваць са сваім ізаляцыянізмам і звярнуцца да эльфаў па дапамогу. За свой цудоўны мітрыл гномы атрымаюць свае сем пярсцёнкаў, якія мусяць зняць Цемру з падземнага каралеўства.

Галадрыель зачараваная пярсцёнкам і той уладай, якую ён дае. Кадр з серыяла

Эльфійская лінія ўсё яшчэ выглядае пафасна гратэскнай. Нават пры ўсёй інакшасці эльфаў цяжка паверыць у тыя паэтычныя словы, якія злятаюць з іхніх вуснаў, і ў складаныя адносіны паміж эльфамі вельмі рознага сацыяльнага статусу. Не верыцца і ў гульню акцёраў — безэмацыйны твар Галадрыель і крыўлянні Гіль-галада. Толькі Кірдан Карабел стаў сапраўднай аддушынай у душнай гісторыі эльфаў.

З'яўленне вялікага арла нуменорцы трактуюць як выбар на карысць Фаразона. Кадр з серыяла

Не менш пафаснай аказалася лінія нуменорцаў. Нейкае падабенства прыдворных інтрыг вакол аслеплай Мірыэль (Сінція Адай-Робінсан), дачкой спачыла караля, якую ўсе вінавацяць у гібелі войнаў і ў зносінах з эльфамі, прыводзіць да ўзвышэння Фаразона (Трыстан Гравель), нягледзячы на супраціў Элендзіля (Лойд Оўэн). З'яўленне вялікага арла пераконвае нуменорцаў у выбранасці новага валадара.

Харызматычная Дыса штурхае ўпірыстых гномаў штосьці зрабіць з бядой, якая накрыла каралеўства. Кадр з серыяла

Сапраўдным задавальненнем аказалася назіраць за жыццёвымі перыпетыямі гномаў: за крыўдамі і ўпірыстасцю караля Дурына III (Пітэр Малан) і ягонага сына, за спрэчкамі і застольнымі размовамі малодшага Дурына (Оўайн Артур) са сваёй харызматычнай жонкай Дысай, за яе спевамі на таемнай мове кхуздул, да якіх застаюцца глухімі камяні гары.

Увогуле Дыса, персанаж якой спачатку парваў інтэрнэт, бо яе ролю выконвае чарнаскурая актрыса Сафія Намветэ, аказалася найлепшай знаходкай серыяла — менавіта такой усе фанаты і ўяўлялі сабе гноміх, а колер скуры, як аказалася, не мае асаблівай ролі.

Чарадзей вядзе свой невялікі народ праз пустыню і шукае адказаў на свае пытанні. Кадр з серыяла

Чарадзей (Незнаёмца, ролю якога выканаў Дэніэл Уэйман, усё яшчэ не назвалі Гандальфам), які разам з паўрослікамі выправіўся на ўсход у мінулым сезоне, ужо дайшоў да пустыннай краіны Рун. Тут яму прыйдзецца авалодаць сваімі здольнасцямі і зноў абараніць махнаногіх спадарожніц ад памагатых загадкавага Цёмнага чарадзея (Кіяран Хайндс, вядомы па ролі Манса-Налётчыка ў серыяле «Гульня тронаў»). Рун гэта абсалютна новая мясцовасць са сваімі ландшафтамі, атмасферай і таямніцамі.

Цёмны чарадзей з краіны Рун мае нейкія віды на безыменнага чарадзея. Кадр з серыяла

Вядомая фанатам па картах Серадзем’я краіна Рун раней ніколі не з’яўлялася на экранах і пра яе амаль нічога не вядома — ідэальнае месца для эксперыментаў шоўранераў, за якія ім не прыляціць ад фанатаў. З марудных бадзянняў па лясах і далінах гісторыя паўрослікаў ператварылася ў адну з найцікавейшых ліній, насычаных прыгодамі. Але яна ўсё яшчэ выглядае неабавязковай і адарванай ад агульнай гісторыі.

За Норы (Маркела Кавена) следам увязваецца яе сяброўка Попі (Мэган Рычардс), якая дапамагае ёй з чарадзеем выйсці на патрэбны шлях. Кадр з серыяла

У сапраўдную сюжэтную сметніцу, якой адведзена найменш часу, ператварыліся гісторыі цемнаскурага эльфа Арандзіра (Ісмаэль Крус Кардова) і нуменорца Ісільдура (Максім Болдры), якія цяпер спляліся ў адну. У першым сезоне нам распавядалі пра каханне Арандзіра і лекаркі Бронвін, яўна натхнёнай толкінаўскай легендай пра Берэна і Люціен.

Але актрыса Назанін Баніядзі вырашыла спыніць сваю акцёрскую кар’еру, каб прысвяціць сябе барацьбе за правы сваіх землякоў з Ірана.

Шоўранеры не знайшлі нічога лепшага, як проста пахаваць Бронвін, нягегла патлумачыўшы яе смерць. Няма цела — няма справы. Ісільдур, Арандзір і прыжыты ім байструк Тэа (Тайра Махафідзін) займаюцца малацікавай мітуснёй з мясцовымі бандытамі, пакуль за кадрам не з’яўляюцца энты — жывыя дрэвы, якіх нам абяцалі паказаць у гэтым сезоне. 

Ісільдур, уцякаючы з Мордара, знаходзіць сабе па дарозе дзяўчыну. Нехта мусіў падмяніць раптоўна спачылую Бронвін у гэтым мужчынскім клубе. Кадр з серыяла. 

Пачатак новага сезона выглядае лепш, чым увесь папярэдні. Стваральнікі серыяла, вядома, пастараліся пазбегнуць зацягнутасці і насычаць кожную серыю падзеямі пасля доўгай завязкі. Але з іншымі хібамі так і не разабраліся. 

Невядома чаму, ці праз паскарэнне сюжэту, ці праз адсутнасць прамога параўнання з «Домам Цмока», ці праз тое, што мы проста змірыліся, што «Пярсцёнкі ўлады» будуць вось такімі і нічога іншага ад іх ужо не чакаем, але ўсё ж новы сезон больш не выклікае былой непрыязнасці. Відаць, ізноў працуе магія чароўнага Серадзем’я і чарадзейных Пярсцёнкаў.

Каментары1

  • Так
    09.09.2024
    А чаму не напісалі пра woke аспект, які так гучна абгаворваецца ў аспекце гэтага серыялу, з улікам чаго мае слабыя ацэнкі?

    Пры аказіі маглі б патлумачыць беларускім чытачам, што такое blackwashing.

Вольга Чамаданава таксама будзе спарынг-партнёрам на выбарах19

Вольга Чамаданава таксама будзе спарынг-партнёрам на выбарах

Усе навіны →
Усе навіны

Сіноптыкі прагназуюць пад канец тыдня пахаладанне і мокры снег2

Закрытая справаздача Мінздароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу19

У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі тыкток-старонкі Славы Камісаранкі і Аляксандра Івуліна

У Гродне правераць бяспеку Замкавай гары — каб Стары замак не споўз у Нёман

«Вось убачыце, адбудзецца родная Беларусь, бо гэта папроўдзе». Мілінкевіч расказаў пра свайго дзеда, які змагаўся за беларушчыну2

Уладальнік TikTok стаў самым багатым чалавекам Кітая

«Некаторыя настаўнікі прамываюць мазгі дзецям, што іх у Еўропе ніхто не чакае». Бацькі пра ідэалогію ў школах15

«Больш, чым проста выбар». Харыс выступіла з ключавой прамовай за тыдзень да галасавання4

Google стварае «Джарвіса» — паўнавартаснага ШІ-сакратара

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вольга Чамаданава таксама будзе спарынг-партнёрам на выбарах19

Вольга Чамаданава таксама будзе спарынг-партнёрам на выбарах

Галоўнае
Усе навіны →