Геральт з Рывіі таксама з’явіцца ў доўгачаканай гульні, але ўжо не будзе галоўным героем.
CD Projekt рыхтуецца пачынаць этап паўнавартаснай распрацоўкі чацвёртай гульні з серыі пра Ведзьмара (The Witcher). У кампаніі заявілі, што перадпрадакшн гульні, якая мае кодавую назву Project Polaris, ужо практычна скончаны.
Серыя гульняў «Вядзьмар» заснавана на літаратурнай першааснове — аднайменнай серыі раманаў польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, якая скарыла чытачоў яшчэ ў 1990-я гады. Праўда, поспех раманаў збольшага быў абмежаваны славянскім светам. Сапраўдны шалёную папулярнасць па ўсім свеце гісторыя пра ведзьмара атрымала пасля выхаду гульняў.
Апошняя гульня серыі «Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне», якая выйшла ў 2015 годзе, стала сапраўды культавай і задала высокую планку для ўсіх гульняў у жанры RPG. Глыбокі сюжэт з пакутліва складанымі маральнымі дылемамі выдатна дапаўняў праўдападобны глыбокі свет, сплецены з масавай культуры, славянскай міфалогіі, эстэтыкі і гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Так, напрыклад, у дадатку «Каменныя сэрцы» прадстаўнікі аднаго роду насілі імёны Вітольд (Вітаўт), Альгерд і Кейстут, якія яўна адсылаюць да імёнаў вялікіх князёў літоўскіх з дынастыі Гедзімінавічаў.
Новую гульню ў свеце Ведзьмара раней апісвалі як пачатак другой трылогіі, таму ў назве не будзе парадкавага нумара. Мяркуючы па кодавай назве і постары, на якім вядзьмарскі медальён занесены снегам, гульня можа далей развіваць гісторыю прароцтва эльфійкі Ітліны, якая прадказвала страшныя бедствы і гібель свету ад Белага Холаду.
Па словах Дага Кокла, які агучваў па-англійску гэтага персанажа ў папярэдніх частках франшызы, Геральт сапраўды з'явіцца ў новай гульні CD Projekt Red. Але цяпер ён будзе другарадным персанажам:
«Так, чацвёртага «Ведзьмара» ўжо анансавалі. Нічога пра яго расказаць я не магу. Але мы ведаем, што ў гульні будзе Геральт, хоць і не ведаем, ці шмат яго там будзе. І ў цэнтры сюжэту будзе не Геральт, гэтая гісторыя не пра яго. Пра каго яна — нам невядома. Мне і самому хацелася б даведацца!»
Па словах Кокла, сцэнарыяў ён не бачыў, але і не змог бы расказаць пра гэта, нават калі б распрацоўшчыкі ўжо паказалі яму нешта.
Самі стваральнікі гульні пакуль не давалі адназначнага адказу на пытанне ці з’явіцца Геральт у працягу серыі. Але і не адмаўлялі, што ў яго можа быць нейкая роля ў ёй нават пасля фіналу трылогіі.
Цяпер фанаты ў сацсетках спрачаюцца, хто ж зможа замяніць абаяльнага забойцу пачвараў. Многія лічаць, што гэта будзе альбо Цыры, якая была адным з цэнтральных персанажаў трэцяй часткі, або невядомы вядзьмар.
Мяркуючы па справаздачах, новая частка «Ведзьмара» можа выйсці ўжо ў канцы 2025 года. Сёння CD Projekt таксама працуе над рэмэйкам першай часткі трылогіі, які пабачыў свет у далёкім 2007 годзе, і шматкарыстальніцкай гульнёй па сусвеце Ведзьмара.
Гэтым летам фанатаў ашчаслівіў і Анджэй Сапкоўскі, які паведаміў што працуе над новай кнігай у сусвеце «Ведзьмара». Паводле слоў пісьменніка, яна будзе скончана на працягу года, то-бок мае ўсе шанцы выйсці ў адзін час з новай гульнёй.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары