Як перажыць пахмелле. Упэўненыя, вы робіце памылкі

Па запыце «лекі ад пахмелля» можна знайсці сотні біядабавак, траў і г. д. Іх так шмат, бо гэты стан, як і прастуда, праходзіць сам, а магчымасці для манетызацыі велізарныя, кажа таксіколаг і доктар-тэрапеўт Аляксей Вадавозаў. Паводле яго, самае важнае — не перашкаджаць арганізму. Ён распавядае, якія тут рацыянальныя падыходы.

02.01.2023 / 12:15

Фота: pxhere.com

Лекі ад пахмелля

З пункту гледжання таксікалогіі, трэба ліквідаваць наступствы ўздзеяння алкаголю.

Мы страцілі глюкозу, гэта значыць, нам патрэбна ежа высокаэнергетычная і нятлустая — бульбачка, каша, але не торт — там шмат тлушчаў.

Мы страцілі калій, кальцый, хлор і г. д.

Тады нам спатрэбіцца мінералка, але з яе трэба выпусціць газ. Падыходзіць таксама расол, але людзі блытаюць расол і марынад. У марынадзе — воцат. Воцатам мы замарудзім пахмелле. А расол, у асноўным, соль і вада.

У продажы ёсць гатовыя парашкі, якія разводзяцца і ўтрымліваюць усё неабходнае ў патрэбных фізіялагічных прапорцыях. Яны не скароцяць пахмелле, але паменшаць сімптомы.

Ці трэба апахмяляцца?

«Не. Гэта памылка, якая ўзятая з пахмелля алкаголіка, якое, па сутнасці, з'яўляецца абстынентным сіндромам. Кажуць: глядзіце, Васіліч робіць так рэгулярна, і ўсё нармальна, ён сябе добра адчувае. Каб пахмяляцца, нам спачатку трэба дайсці да таго стану, у якім знаходзіцца Васіліч. Бо яму дрэнна ад нізкага ўтрымання этанолу, а ў нас, наадварот, праблемы ад таго, што вельмі высокае ўтрыманне этанолу. Нам трэба, каб яно ўпала, і тады мы прыйдзем у норму», — тлумачыць доктар.

Кава. Кафеінаўтрымліваючыя напоі на наступны дзень пасля алкагольнага атручвання піць нельга. Па-першае, яны мачагонныя і працуюць на абязводжванне арганізма. Па-другое, кафеін перашкаджае дастаўцы кіслароду ў сэрца. Чай, колу і іншыя кафеінавыя напоі піць у такой сітуацыі нельга.

Лазня. Існуе павер'е, што лазня выводзіць таксіны. Доктар кажа, што лазня найперш дапамагае хутка пацець. А гэта зноў страта вадкасці, электралітаў, то-бок абязводжванне, плюс цеплавая нагрузка, высокая нагрузка на сэрца і як вынік — гіпертанічныя крызы, прыступы ішэміі і г. д.

«Лазня і алкаголь не спалучаюцца паміж сабой. Вы спачатку схадзіце ў лазню, а потым піце, калі ўжо вырашылі гэта рабіць», — гаворыць доктар.

Прэпараты

Можна прыняць нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі тыпу аспірыну, ібупрафену і г. д. Яны валодаюць невялікай уласцівасцю прадухіляць склейванне трамбацытаў і за кошт гэтага разрэджваюць кроў (гэта няправільны тэрмін, але як побытавы падыдзе, каб зразумець механізм). Нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі на фоне пахмелля будуць сапраўды дапамагаць.

А вось парацэтамол пры пахмеллі не рэкамендуецца. Не паглыбляючыся ў механізм, парацэтамол тармозіць дзейнасць ферментаў.

Выдатны варыянт — кропельніцы з фізрастворам або пяціпрацэнтным растворам глюкозы, але дома гэта недаступна.

Актываваны вугаль прымаць не варта. Энтэрасарбенты ўжо бескарысныя, бо этанол — у крыві. Мы не «дастанем» яго пры дапамозе актываванага вугалю ці нейкіх іншых сарбентаў.

Таму толку з іх толькі як пакаральная функцыя, бо вугаль будзе выклікаць запоры, і чалавек вельмі пашкадуе і што «злоўжываў», і што прымаў вугаль.

Пахмелле як выхаваўчая мера

Пакуль не прыдуманы лекі ад пахмелля. Доктар кажа, што яны і не трэба.

«Пахмелле павінна быць у якасці пакарання. Чалавек павінен усведамляць наступствы, інакш у нас не застанецца ніякіх стрымліваючых фактараў. Калі пахмелле знікае, гэта сведчанне таго, што чалавек рухаецца даволі актыўна ў бок алкагольнай залежнасці. Пакуль яно ёсць, арганізм успрымае алкаголь як мае быць, чалавек робіць высновы, вызначае сваю дозу, разумее, за якім аб'ёмам пачнуцца наступствы. Уласна для гэтага пахмелле нам і дадзена».

Ці далёка вам да алкагалізму? Праверце сябе

Сухафрукты: Каб умацаваць імунітэт, падтрымаць сэрца і аздаравіць кішэчнік

Кардыёлаг расказаў, якія сімптомы перадінфарктнага стану і як дзейнічаць пры інфаркце

 

Nashaniva.com