Здароўе

Сухафрукты: Каб умацаваць імунітэт, падтрымаць сэрца і аздаравіць кішэчнік

Каб умацаваць імунітэт, падтрымаць сэрца і аздаравіць кішэчнік, дыетолагі раяць восенню і зімой замяняць салодкія дэсерты сухафруктамі. Улетку карысных «заменнікаў цукру» на нашым стале хапае. А ў кастрычніку-лістападзе на рынках з'яўляюцца разынкі, курага, чарнасліў, фінікі і інжыр новага ўраджаю. «Звязда» высвятляла, па чым іх прапануюць пакупніку гэтай восенню.

Так склалася гістарычна: у нашых шыротах рацыён мае яскравую сезоннасць. Напрыклад, пра сухафрукты сярэднестатыстычны спажывец успамінае бліжэй да халадоў. Менавіта цяпер клапатлівыя бабулі пачынаюць круціць на мясарубках для ўнукаў вітамінную сумесь — напэўна, многія з дзяцінства памятаюць яе склад: чарнасліў, курага, разынкі, грэцкія арэхі і мёд. Магчымыя варыянты — часам дадаюць інжыр, часам фінікі, часам фундук.

Неапетытную з выгляду, але духмяную і смачную масу раскладваюць у некалькі паўлітровых слоікаў і перадаюць дзецям з загадам: «Не забудзьцеся, па адной чайнай лыжцы раніцай нашча, а запіваць — цёплай кіпячонай вадой». Рэцэпт правераны, упершыню ўвайшоў у моду ў 1980-х. І, дарэчы, атрымаў адабрэнне сучасных нутрыцыёлагаў. Рэч у тым, што, напэўна, няма такога прадукту, які мог бы параўнацца з сухафруктамі па колькасці ўтрымання мінеральных рэчываў і мікраэлементаў — калію, магнію, фосфару, марганцу, жалеза, медзі, серы, хлору, цынку, натрыю, нікелю, малібдэна, кобальту, ёду і селену.

Плюс да гэтага яны — найбагацейшая крыніца вітамінаў. З 10 кг садавіны атрымліваецца ўсяго каля 2 кг сухафруктаў, гэта значыць, у іх у 5 разоў больш арганічных кіслот, вітамінаў і мінеральных рэчываў, чым у такой жа колькасці свежай садавіны. Гэтым і абумоўлены выдатныя карысныя ўласцівасці: пазбаўляючыся вады, але не губляючы пажыўнай каштоўнасці, сухафрукты ператвараюцца ў магутны канцэнтрат вітамінаў і мікраэлементаў.

Сяброўка гіпертонікаў

Усё вышэйсказанае ў поўнай меры можна аднесці да курагі — галоўных сухафруктаў сардэчнікаў. Курагу — сушаныя абрыкосы без костачкі — прыдумалі старажытныя кітайцы. На Каўказе і ў Сярэдняй Азіі, дзе абрыкосавыя дрэвы вырошчваюцца ў гарадскіх садах і на прысядзібных участках, як у нас яблыні, сушаныя плады гэтага дрэва дзеляць на розныя віды, і курага — толькі адзін з іх. Сушаны цалкам абрыкос з костачкай называецца ўрук. Курага — гэта высушаныя палавінкі абрыкосу без костачкі. А тое, што прывыклі называць курагой мы, — высушаны цалкам абрыкос без костачкі — гэта кайса.

— Дык вось, самы карысны — гэта ўрук, — распавядае прадавец Тэнгіз.

Ён кажа, што ў яго на радзіме абрыкосы сушаць непасрэдна на дрэвах, пакідаючы плады на галінцы да поўнай страты вады.

Але, у прынцыпе, пры любым спосабе сушкі менавіта ўрук вызначаецца высокім утрыманнем калію, неабходнага для здароўя нерваў, рэгуляцыі крывянога ціску і падтрымання аптымальнай работы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Сёння кардыёлагі салідарныя са старажытнымі медыкамі: урук сапраўды ліквідуе закупорванне сасудаў і размягчае пухліны. Такія ж гаючыя ўласцівасці, хоць і ў некалькі меншай ступені, медыкі прызнаюць за курагой і кайсой. Салодкія гатункі сухафруктаў з абрыкосу традыцыйна прапісваюць пры нервовых захворваннях, кіслыя — пры прастудах і мігрэні. Але ў нечым курага і кайса пераўзыходзяць урук. Сушаныя абрыкосы без костачкі ўтрымліваюць значна больш ёду, цукраў і каратыну. Рэгулярнае спажыванне курагі — добрая прафілактыка эндакрынных захворванняў. Любыя сухафрукты з абрыкосаў — з костачкай і без — умацуюць сардэчную мышцу і падтрымаюць зрок пры ўзроставых зменах сятчаткі (сухафрукт утрымлівае калій, каратын, арганічныя кіслоты, жалеза, фосфар, кальцый, вітаміны С і В5).

Да ведама тых, хто худзее: курага каларыйная. У 100 г — 190 ккал. Каб скінуць вагу, а не патаўсцець на кураге, за дзень трэба з'ядаць 5-10 штук, і не больш.

У Беларусь курага прыехала ў гэтым сезоне ў асноўным з Таджыкістана і Турцыі. Таджыкская з кіслінкай на Камароўцы 19 рублёў за кіло, салодкая — 23, турэцкая «шакаладнага» гатунку — 40 рублёў за кілаграм. Урук (таксама з Таджыкістана) абыдзецца гэтай восенню ад 18 да 30 рублёў за кілаграм.

Жалезныя нервы, здаровыя ныркі

Чарнасліў, высушаны плод аднайменных гатункаў слівы, — здаецца, самыя народныя сухафрукты нашых шырот.

— Больш за ўсё бяруць чарнасліў, потым ідуць па запатрабаванасці разынкі і курага, — распавядае прадавец Святлана.

Яна кажа, што найлепшыя для высушвання — слівы сорту «венгерка» (яны салодкія і са шчыльнай мякаццю, таму сушыць іх нескладана, і чарнасліў без усялякіх хітрыкаў атрымліваецца выдатным). Зараз на Камароўцы можна знайсці чарнасліў з Паўночнага Каўказа, Малдовы і з паўднёвых абласцей Расіі.

Калорый у чарнасліве нават больш, чым у куразе (231 ккал на 100 г), але і карысных уласцівасцяў не менш. Прадукт багаты вітамінамі (Е, бэта-каратын, РР, С, групы В), змяшчае жалеза, калій, кальцый, натрый, магній, фосфар, кобальт, ёд, цынк, фтор, марганец, медзь. Дзякуючы поліфенолам павышае пругкасць сасудзістай сценкі (прывітанне, гіпертонікі!), аднаўляе паніжаную працаздольнасць (асабліва актуальна для знясіленых гіпадынаміяй прадстаўнікоў «сядзячай працы») і паляпшае агульны стан арганізма (на заметку аслабленым маркотнай гарадской восенню). Таксама чарнасліў — верны саюзнік дзяўчат: паляпшае стан скуры пры акнэ. Карысныя сухафрукты пры мочакаменнай хваробе і падтрымліваюць рН-баланс у арганізме.

Чарнасліў, як і курага, бывае з костачкай і без яе. З костачкай — больш карысны. І танны, дарэчы. Малдаўскі з костачкай — у сярэднім 10-13 рублёў за кіло, без яе — 15-17.

— Лепш вазьміце з костачкай, — раіць Святлана. — Калі костачку дастаюць, у плод могуць трапіць шкодныя бактэрыі. Я заўсёды раю пакупнікам менавіта з костачкай, асабліва калі бяруць для дзяцей. Костачку дастанеце самі. А калі бераце без костачкі, абавязкова старанна мыйце пад праточнай вадой адтуліну ў плодзе, праз якую костачку даставалі.

Ад бяссоніцы і грыпу

Разынкі бываюць чатырох асноўных відаў: светла-карычневыя (са светлага вінаграду гатунку кішміш, самыя маленькія і без костачак), чорныя (з цёмнага вінаграду без костачак), жоўтыя (з белага вінаграду з адной костачкай) і буйныя цёмна-карычневыя (з чырвонага вінаграду).

— На выпечку больш падыходзяць цёмныя салодкія разынкі, — праводзіць «лікбез» прадавец Кацярына. — Белы не такі салодкі, яго часцей бяруць проста паесці або для здароўя.

Усе чатыры разнавіднасці зараз прапанаваныя на харчовых рынках даволі шырока. Каштуюць яны па-рознаму. Ад 24 рублёў за кіло (светлыя разынкі, без костачак, «джамба» прыехалі з Чылі) да 11-12,50 («голд», Малдова). Узбекскія цёмныя разынкі з вінаграду гатунку кішміш — 17-25 рублёў за кіло.

Пра карысць разынак для здароўся разважаць можна доўга, так што абмяжуемся асноўнымі плюсамі. Сухафрукты здымаюць апухласць і зніжаюць раздражняльнасць, хутка аднаўляюць сілы і лечаць ад анеміі, паляпшаюць стан зубоў і дзёсен і нармалізуюць работу сэрца. І што асабліва актуальна, спрыяюць хуткаму лячэнню ад прастуд, грыпу (і нават кавіду, калі верыць прадаўцам) і ўмацоўваюць імунітэт. А акрамя гэтага, дапамагаюць справіцца з бяссонніцай. Усе віды разынак ўтрымліваюць вітаміны групы В (В1, В2, В5), Н і РР, беспрэцэдэнтна вялікую колькасць калію, а таксама кальцый, магній, жалеза, фосфар і натрый.

Нічога, акрамя карысці

Мы, ураджэнцы паўночных шырот, не ўмеем выбіраць сухафрукты. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў наш час нялёгка знайсці прадукт, высушаны па ўсіх правілах. Сучасныя тэхналогіі сушкі ўключаюць прымяненне хімікатаў, што значна зніжае карысць, а часам можа зрабіць сухафрукты і зусім не карыснымі для здароўя. Напрыклад, для надання куразе інтэнсіўнай аранжавай афарбоўкі, а таксама каб не дапусціць гніення падчас доўгага захоўвання, выкарыстоўваецца сярністы ангідрыд (SO2). У сучасным працэсе вытворчасці курагі могуць удзельнічаць таксама фарбавальнікі. Сліва і вінаград маюць тоўстую скурку, і каб паскорыць сушку, іх могуць апрацаваць каўстычнай содай (Е524) — гэта сінтэтычнае рэчыва таксама выкарыстоўваюць у бытавой хіміі. Каб сухафрукты не зліпаліся паміж сабой, іх апрацоўваюць раслінным тлушчам, і наколькі ён якасны, застаецца на сумленні вытворцы.

На самай справе, сапраўдны якасны і карысны прадукт моцна прайграе ў прыгажосці сухафруктам, вырабленым з ужываннем вышэйназваных рэчываў. Калі абрыкосы сушацца ў натуральных умовах, яны, губляючы вільгаць, набываюць цёмна-карычневы колер. Курага, якая прынясе карысць арганізму, не павінна быць празрыстай. Дастаткова пругкая навобмацак, такая яна мае матавае або нават шараватае адценне. Калі вы не ўпэўненыя ў якасці набытай курагі, лепш заліце яе кіпенем на паўгадзіны, потым добра вымыйце пад праточнай вадой і зноў высушыце, расклаўшы на папяровай сурвэтцы.

Высушаныя без прымянення хімікатаў разынкі таксама з матавым адценнем — яны не павінны мець бліскучую паверхню. У ідэале, калі разынкі «эка», на частцы ягад павінна прысутнічаць пладаножка. Разынкі не павінны быць празрыстымі — гэта паказвае на апрацоўку іх рознымі рэчывамі.

«Правільны» чарнасліў — цёмна-сіняга колеру, цалкам сухі і досыць «нетаварнага выгляду» — зморшчаны і матавы, а не бліскучы.

Каментары

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →