У Беластоку адкрылі выставу рэпрэсаванага беларускага мастацтва. Яе прысвяцілі памяці Алеся Пушкіна
У экспазіцыі тры дзясяткі работ: карціны, скульптуры, інсталяцыі. Усе яны прадаюцца. Атрыманыя сродкі перададуць сям’і Алеся Пушкіна і рэпрэсаваным мастакам.
05.08.2023 / 12:40
На выставе рэпрэсаванага беларускага мастацтва ў Беластоку. Фота: «Наша Ніва»
Арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў» сабрала разам 14 беларускіх мастакоў, імёны якіх з меркаванняў бяспекі не агучваюцца. Цягам двух тыдняў яны працавалі над работамі, якія і былі прадстаўленыя на выставе. Яе разгарнулі ў Беластоку невыпадкова. Ад яго да беларускай мяжы ўсяго 60 кіламетраў.
Экспанаты выставы рэпрэсаванага беларускага мастацтва. На выставе быў паўтораны перфоманс Алеся Пушкіна з вазком, але не гною, а чарназёму. На ўрадлівай глебе выраслі кветкі.
На адкрыццё ў мясцовы тэатр «Nie Teatr» прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.
На імпрэзе паказалі фільм пра памерлага ў зняволенні беларускага мастака. У ім ён расказвае пра сваю творчасць і пра кроў, якая пралілася ў Беларусі ў 2020 годзе.
Стужка выклікала шквал эмоцыяў. Многія наведнікі выставы не маглі стрымаць слёз, слухаючы Алеся Пушкіна.
«Не браў заходніх грантаў, не служыў уладзе — я ёсць натуральны беларускі мастак. У гэтым мая каштоўнасць…» — казаў мастак з экрана манітора.
На выставе, прысвечанай Алесю Пушкіну.
Кожны экспанат выставы нясе свой сэнс, тлумачыць Вольга Шніп:
«Кветкі — сімвал жыцця, якое мы самі можам пабудаваць. Непрыгожыя спілаваныя дрэвы азначаюць, што шмат гадоў людзі будуць жыць са сваім болем. Тут шмат ніцяў, якія сімвалізуюць тое, што ўсё ўзаемазвязана: нашы эмоцыі, жыццё і смерць».
Вольга Шніп
Дзесяць гадоў таму Алесь Пушкін у Беластоку ўдзельнічаў у культурніцкім перфомансе. У адзенні з барочнага свету ён шпацыраваў па вуліцах гораду, дзівячы мінакоў, згадала папулярызатарка беларускай культуры ў Польшчы Ілона Карпюк.
«Мінула дзесяць гадоў, і мы сустракаемся ў зусім іншых умовах, але постаць Алеся надалей шпацыруе па вуліцах Беластока», — казала дзеячка беларускага руху.
Ілона Карпюк
Выстава прабудзе ў Беластоку да 18 жніўня. Увесь гэты час уваход на яе будзе бясплатным. Да ажыццяўлення праекта спрычынілася і фундацыя «Тутака», якая нядаўна правяла фестываль абуджаных.
Кошт найдаражэйшай з прац, выстаўленых на продаж, 1400 даляраў, а найтаннейшай — 150 даляраў.
Алесь Пушкін памёр у ноч на 11 ліпеня ў шпіталі, куды яго даставілі ў непрытомным стане з гродзенскай турмы.
Мастак быў кінуты на 5 гадоў у калонію строгага рэжыму па абвінавачванні ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» і «распальванні варожасці».
На выставе рэпрэсаванага беларускага мастацтва ў Беластоку
Нагодай для пераследу мастака стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара, які лукашысты інтэрпрэтавалі як «рэабілітацыю нацызму».
Вядомы беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гродна.
Экспанат выставы. Паводле задумы аўтара, кожны нясе свой крыж.
Пахавалі Алеся Пушкіна на могілках роднай яму вёскі Бобр.
Глядзіце таксама:
Галоўная таямніца Алеся Пушкіна
«Нябачныя» сведкі справы Алеся Пушкіна. Хто данёс на мастака
«А теперь давайте еще раз, на нормальном языке». Што адбывалася з Алесем Пушкіным за кратамі
У розных гарадах Еўропы адбыліся акцыі памяці Алеся Пушкіна ФОТЫ