Як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19 у новым сезоне. Парады

Восень памалу пераходзіць у зіму. Сезон халадоў прымушае людзей часцей збірацца ў закрытых памяшканнях. Разам з гэтым расце і рызыка заразіцца новымі штамамі каранавіруса, які нікуды не знік. Радыё Свабода на аснове матэрыялу The New York Times сабрала парады медыкаў.

28.10.2023 / 09:59

Што трэба зрабіць, каб засцерагчы сябе

Першую параду спецыялістаў вы ўжо чулі раней і шмат разоў: маскі могуць дапамагчы абараніць сябе і іншых ад заражэння.

Трэба таксама старанна мыць рукі і не дакранацца нямытымі рукамі да твару.

Абноўленыя вакцыны супраць COVID-19 таксама ўсё яшчэ працуюць і могуць знізіць вашы шанцы заразіцца. Таксама важна памятаць, што вакцыны зніжаюць рызыку цяжкіх захворванняў.

Жыццёва важны інструмент у эпоху COVID-19 — экспрэс-тэсты. Медыкі нагадваюць, што тэсты варта рабіць пры з'яўленні сімптомаў, а таксама пасля пацверджанага ўжо заражэння, каб вызначыць, ці застаецца вірус у арганізме. Дзеля пэўнасці варта зрабіць два тэсты з інтэрвалам у 48 гадзін.

Калі вы захварэлі, то ў першыя дні пасля пачатку хваробы можна пачаць прымаць нешта з процівірусных лекаў. Гэта можа дапамагчы пазбегнуць цяжкага або зацяжнога COVID-19.

Якія віды актыўнасці найбольш рызыкоўныя

Медыкі сцвярджаюць, што рызыка заразіцца залежыць ад таго, ці бываеце вы ў шматлюдных месцах і як доўга.

Напрыклад, калі мы заходзім у краму, рызыка, хутчэй за ўсё, мінімальная. Але калі мы гадзінамі знаходзімся без маскі ў перапоўненай канцэртнай залі, рызыка будзе значна большая.

«Кожны раз, калі вы знаходзіцеся ў памяшканні з вялікай колькасцю людзей, рызыка ўсё яшчэ існуе», — сказаў у інтэрв'ю The New York Times доктар Марк Сала, судырэктар аднаго з цэнтраў барацьбы з COVID-19 у Чыкага.

У метро ці аўтобусе інфекцыяністы рэкамендуюць насіць маскі.

Самалёты, як лічыцца, менш небяспечныя з прычыны добрай вентыляцыі, але мае сэнс надзець маску пры пасадцы і высадцы.

Агулам, трэба памятаць, што ў халодны сезон любая актыўнасць у памяшканні, напрыклад, паход у бар ці на дыскатэку, нясе пэўную ступень рызыкі.

Як доўга чакаць паляпшэння пасля пачатку хваробы

Па меры з'яўлення новых штамаў каранавіруса час паміж заражэннем і развіццём сімптомаў скараціўся. Цяпер у большасці людзей тэсты, як правіла, даюць станоўчы вынік праз тры дні пасля заражэння. Але шмат каму патрабуецца цэлы тыдзень, каб атрымаць станоўчы вынік экспрэс-тэсту.

Аднак, як толькі звычайны для каранавіруса тыднёвы тэрмін мінецца, вы, хутчэй за ўсё, адчуеце сябе лепш.

Ці мяняць свае планы, калі вы адчуваеце недамаганне, але не ведаеце, ці гэта COVID-19

Гэта залежыць ад таго, наколькі вы і навакольныя людзі схільныя да рызыкі заразіцца.

Гэта таксама залежыць ад таго, з кім вы збіраецеся бавіць час. Напрыклад, калі вы плануеце наведаць старэйшага сваяка, то сустрэчу лепш перанесці.

Можна таксама папярэджваць тых, з кім вы збіраецеся сустрэцца, пра сваё недамаганне. У гэтым выпадку можна перанесці сумесную вячэру на вольнае паветра або прызначыць яе на іншы дзень.

Калі ж у вас тэмпература, трэба застацца дома.

Галоўнае — не забывацца, што самы дакладны спосаб вызначыць, чым выкліканы ваш катар — прастудай, грыпам або COVID-19, — гэта зрабіць тэст.

Наколькі трэба быць асцярожным пасля перанесенага COVID-19

Калі вы хварэлі на каранавірус на працягу апошніх трох месяцаў, вы дастаткова добра абароненыя ад яго натуральным імунітэтам.

Але трэба памятаць, што і ў гэтым выпадку ўсё роўна можна заразіцца паўторна. Зрэшты, гэта значна менш імаверна, бо штамы і іх варыянты, якія цыркулююць у кожны канкрэтны час, вельмі падобныя.

Ці трэба праходзіць каранцін, перад тым як паехаць дадому на вакацыі

Лекары раяць падумаць пра дадатковыя захады засцярогі.

Можна абмежаваць час, які мы праводзім з людзьмі без масак, за пяць дзён да сустрэчы са сваякамі.

Трэба вельмі ўважліва прыслухоўвацца да свайго самаадчування і сачыць за сімптомамі.

Нарэшце, перад паездкай дадому варта зрабіць тэст на каранавірус.

Памятайце, што цалкам рызыку выключыць нельга, але яе можна значна знізіць.

Чытайце таксама:

«Спутнік V» зусім перастаў абараняць ад новых штамаў кавіду. А ў Беларусі ім працягваюць вакцынаваць

Галоўны сандоктар падзяліўся лайфхакам, як пазбегнуць чэргаў у паліклініках

У гэтай узроставай групе ў Беларусі колькасць хворых на ВРВІ вышэйшая ў два разы

Галоўны санітарны доктар Беларусі зрабіў ужо пяць прышчэпак ад каранавіруса

Nashaniva.com