Галоўны санітарны доктар Беларусі зрабіў ужо пяць прышчэпак ад каранавіруса
Але, як кажуць, ёсць нюанс.
У гэтым сезоне намеснік міністра аховы здароўя — галоўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка ўжо прышчапіўся яшчэ і вакцынай супраць грыпу расійскай вытворчасці. І яшчэ прайшоў чарговую бустэрызацыю супраць COVID-19 — ён абраў «Спутнік лайт».
«Ад кавіду гэта была чацвёртая ці нават пятая вакцынацыя», — сказаў Тарасенка.
Ён нагадаў, што медыкі і фармацэўты ўваходзяць у групу рызыкі. «Прымусіць мы нікога не можам, але настойліва раім прышчапіцца, — кажа ён. — Да таго ж нельга выключаць таго, што прыйдзецца працаваць у «чырвонай зоне».
Тарасенка рэкамендуе праходзіць вакцынацыю ад каранавіруса раз на год: «Гэта спрыяе таму, каб нашы людзі як мінімум не траплялі на рэанімацыйны ложак, як максімум — не сыходзілі ў іншы свет».
Але толькі ўчора кіраўнік расійскага Цэнтра імя Гамалеі, які распрацаваў вакцыну «Спутнік», якой прышчапляюць у Беларусі, Аляксандр Гінзбург прызнаў, што першапачатковы варыянт вакцыны зусім згубіў свае якасці перад новымі штамамі кавіду.
Цэнтр імя Гамалеі ўжо распрацаваў новы варыянт, але ён у шырокі ўжытак паступіць толькі ў сакавіку.
У Беларусі таксама прышчапляюць кітайскай вакцынай Vero Cell і бустарнай кубінскай «Саберана».
Каментары