У Беларусі ацанілі колькасць «дармаедаў». Лічба ўражвае

У Беларусі рэгулярна праводзіцца даследаванне па пытаннях занятасці. У ім удзельнічаюць члены хатніх гаспадарак ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў. Абследаванне, з пэўнай хібнасцю, паказвае колькасць занятых у эканоміцы. Гэтыя звесткі дапамагаюць разлічыць прыкладную колькасць людзей, якіх дзяржава адносіць да катэгорыі так званых «дармаедаў», пішуць Banki24.

03.05.2024 / 18:21

У першым квартале 2024 года колькасць працоўнай сілы ў Беларусі склала 4,963 мільёна чалавек — гэта звесткі Белстата. Сярод іх каля 4,801 мільёна — гэта занятыя ў эканоміцы, яшчэ 161,9 тысячы чалавек — беспрацоўныя.

Згодна з падыходамі Міжнароднай арганізацыі працы, да гэтай катэгорыі адносяцца працаздольныя людзі старэйшыя за 15 гадоў, у якіх няма працы, але якія знаходзяцца ў яе актыўным пошуку.

Астатняе насельніцтва не ўвайшло ў працоўную сілу, гэта значыць гэтыя людзі па нейкай прычыне не шукалі працу. У першым квартале ў гэтую групу ўвайшлі 2,147 мільёна чалавек. Сярод іх не жадалі працаваць 1,908 мільёна чалавек, хацелі працаваць 239,3 тысячы чалавек.

Асноўная частка гэтай групы — пенсіянеры, якія не хочуць працаваць. Такіх людзей у Беларусі 1,336 мільёна чалавек.

Пры гэтым працаздольных грамадзян, якія не ўваходзяць у працоўную сілу, у краіне 679,5 тысячы чалавек. Сярод іх 488,1 тысячы не хацелі працаваць, а 191,4 тысячы — хацелі, але па розных прычынах не маглі прыступіць да працы.

Сярод тых, хто не жадае працаваць, 302,1 тысячы — гэта навучэнцы на дзённай форме атрымання адукацыі. Яшчэ 41 тысяча чалавек — гэта пенсіянеры працаздольнага ўзросту. Выходзіць, было яшчэ 145 тысяч чалавек, якія не жадалі працаваць і не з'яўляліся ні студэнтамі, ні пенсіянерамі.

Разам з тымі, хто хацеў працаваць, але не мог пачаць, гэтая група і складае так званую базу «дармаедаў». Выходзіць, у суме іх 336,4 тысячы чалавек, або 6,78% ад усёй колькасці працоўнай сілы.

Нагадаем, што паводле новых правілаў база «дармаедаў» у Беларусі абнаўляецца кожны месяц. У яе ўключаюць у тым ліку тых, хто пакінуў краіну больш, чым на месяц, а таксама прадпрымальнікаў, якія не плацяць пэўную суму падаткаў.

Беларусы, якія трапілі ў базу і з'яўляюцца ўласнікамі жылля, вымушаныя аплачваць «камуналку» па максімальных тарыфах.

У Беларусі могуць вярнуць артыкул за дармаедства

Якія змены ў законе па «дармаедах» чакаюцца з 1 красавіка

Колькі плацяць за камуналку «дармаеды»? Беларуска шакавала жыроўкай за студзень

З ліпеня ІП змогуць падаваць у падатковую толькі электронную дэкларацыю. Паслуга не бясплатная

Самазанятыя пачалі атрымліваць лісты пра залічэнне ў дармаеды. Як такое магчыма?

Nashaniva.com