Тых, хто не хоча працаваць, будуць караць. Такая прапанова прагучала з боку міліцыі.
— Што ў гэтым было дрэннага — законным шляхам прымусіць людзей працаваць, прыносіць карысць у першую чаргу сабе і сваёй сям'і, а па-другое, — грамадству? Каб меліся сродкі да існавання. А не так, як некаторыя цяпер: скраў, выпіў, сеў, скраў, выпіў, сеў. За чатыры гады — пяць судзімасцяў. І такія выпадкі бываюць, — распавёў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў на прэс-канферэнцыі 1 лютага.
Такую прапанову органы ўнутраных спраў плануюць накіраваць у заканадаўчы орган, які сфармуецца пасля выбараў дэпутатаў, а таксама агучыць на Усебеларускім народным сходзе, піша «Вячэрні Гродна».
Унесці ў адміністрацыйны кодэкс артыкул аб дармаедстве, па якім непрацуючых беларусаў можна будзе прыцягваць да адказнасці, Міністэрства ўнутраных спраў прапаноўвала яшчэ ў 2015 годзе. Тады гаворка ішла пра тое, каб штрафаваць паўналетніх працаздольных грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі і больш за 6 месяцаў на працягу года ўхіляюцца ад выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Для злосных ухілістаў прадугледжвалі арышт з прымусовым накіраваннем на працу.
У лютым і сакавіку 2017 года ў розных гарадах краіны прайшлі масавыя пратэсты супраць закона, якія ўдалося задушыць толькі прэвентыўнымі рэпрэсіямі. Лукашэнка ў выніку адмяніў закон.
Зараз жа заканадаўствам не вызначана паняцце «дармаедства». Існуе іншае — не занятыя ў эканоміцы працаздольныя асобы. Гэтыя людзі аплачваюць некаторыя камунальныя паслугі па поўным кошце.
У СССР існавала сістэма мер па барацьбе з дармаедствам. Крымінальнымі кодэксамі саюзных рэспублік была прадугледжана адказнасць (у БССР — артыкул 204) за занятак бадзяжніцтвам або жабраваннем альбо вядзенне іншага паразітычнага ладу жыцця з максімальным пакараннем — адзін год пазбаўлення волі.
Каментары
А сейчас немного по-другому всё будет. Без цветочков.