Колькі плацяць за камуналку «дармаеды»? Беларуска шакавала жыроўкай за студзень
У Беларусі «не занятым у эканоміцы грамадзянам» прыходзяць жыроўкі з поўнай кампенсацыяй затрат ЖКГ на цепла– і газазабеспячэнне. Але колькі гэта? Жанчына паказала ў тыктоку, колькі трэба заплаціць за трохпакаёўку «дармаеда».
На відэа жыроўка за студзень, сума ў якой не можа не ўразіць — амаль 270 рублёў.
— Ацяпленне — 146 рублёў. І гэта добра, што яшчэ дзіця прапісанае — падзялілі з ім. У дзіцяці атрымалася 27 рублёў. А калі б не было прапісанае, заплацілі б усе 300 рублёў. І камуналка, мабыць, абышлася б рублёў у 500. Вось так вось.
Калі меркаваць па тых тлумачэннях, якія жанчына дае ў каментарыях, уласнік трохпакаёвай кватэры неафіцыйна працуе ў Расіі, таму ў Беларусі лічыцца дармаедам.
Менш чым за суткі відэа паглядзела больш за 420 тысяч чалавек. Некаторыя з каментатараў распавялі пра тое, якія жыроўкі самі атрымалі: «У 500 рублёў бы не абышлася трохпакаёвая кватэра. Прапісаныя з мужам, плаціла 280 рублёў, таму што ён працаваў у Польшчы і не ўдзельнічаў у эканоміцы Беларусі», «Такая самая сума, але ў кватэры ніхто не прапісаны», «Мінск, 49 квадратных метраў, прапісаны адзін. Дармаед, 320 рублёў».
Нехта нават пажартаваў з таго, што камуналка ў Беларусі амаль як у Еўрасаюзе, а зарплаты — амаль як у Зімбабвэ.
Каментары