«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну
Перапіскі былога намесніка камандзіра Палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, якія былі выгружаныя хакерамі з яго ўзламанага тэлеграма, праліваюць святло на адносіны ўнутры беларускіх добраахвотнікаў. Як натуральнае імкненне да мінімізацыі рызык, так і барацьба амбіцый прыводзяць да прыняцця рашэнняў, якія часам маюць неспадзяваныя і доўгатэрміновыя наступствы.
11.01.2025 / 20:18
Васіль Верамейчык у руках беларускага КДБ
Арышту былога байца Палка Каліноўскага Васіля «Пацука» Верамейчыка і выдачы яго з В'етнама беларускаму КДБ папярэднічала адмова яму ў праве заставацца ў Літве. Літоўцы кіраваліся сваімі прычынамі, але, можа быць, маглі ўлічыць і забарону на ўезд ва Украіну. А з чыёй падачы Украіна прыняла тое рашэнне? Чалавек ваяваў, а яму забаранілі заязджаць. Зразумець, што папярэднічала ўнясенню «Пацука» ў стоп-ліст, дапамагаюць перапіскі намкампалка Кабанчука.
Прывядзём размову, якая адбываецца летам 2023-га паміж Вадзімам Кабанчуком і спецпасланнікам Офіса Ціханоўскай ва Украіне Генадзем Манько.
«Бачыш, якія цікавыя дэталі»
Ініцыюе дыялог Кабанчук. Ён скідвае Манько юнацкія фота Верамейчыка з сістэмы «Пашпарт» і суправаджае выявы сваім каментаром.
З кантэксту ясна, што гэта працяг ранейшай вочнай размовы, у якой абмяркоўвалася нейкая «папера», пра змест якой у курсе два суразмоўцы. А Кабанчук яшчэ раз асобна хоча падсвяціць адзін момант.
«Вітаю, дружа. Верагодна, ён мае сувязь з Пракопам (мянушка Вадзіма Пракоп'ева — НН), разам ляталі ў Маскву 2018-07-10», — піша Кабанчук і дае тлумачэнне аб асобе на фота ўжо галасавым паведамленнем.
«Гэта «Пацук» (пазыўны Верамейчыка — НН), ён быў раней у Палку. Бачыш, якія цікавыя дэталі высвятляюцца… Тут падобна, што кубло такое сплецена было ўжо даўно…», — кажа ён.
«Вітаю, дружа. Ну я то зразумеў, прачытаў з твайго тэксту. У гэтай паперы толькі бачу па ім два адрэзкі, па Пацуку. Так, я ведаю яго, я бачу, ён часам з'яўляецца на нейкіх перадачах. Толькі дзе пра сувязь з Пракопам? Я не ўбачыў», — голасам выказвае сумневы Манько.
«А яны ляцелі на адным самалёце. Ну, тут проста дакумент не ўставілі, але гэты дакумент ёсць. Там яшчэ іншыя цікавыя сувязі з'яўляюцца», — кажа Кабанчук.
На гэтым суразмоўцы сканчаюць перагаворвацца галасавымі паведамленнямі, працягу мы не ведаем.
Вадзім Кабанчук на канферэнцыі «Новая Беларусь» 3 жніўня 2024 года. Фота прэс-службы Офіса Ціханоўскай
Сувязь з Пракоп'евым
З размовы можна зрабіць выснову, што кіраўніцтва Палка запытвалася ў «Кіберпартызанаў» не толькі біяграфічныя даныя свайго былога байца Верамейчыка, але і больш тонкія моманты — куды лятаў, калі. І аналізавалі, з кім ён лятаў і куды. У прынцыпе, у такой праверцы няма нічога незвычайнага. Гэта нармальная контрразведвальная і кантрольная дзейнасць.
Ці факт палёту Пракоп'ева і Верамейчыка адным рэйсам Мінск-Масква ў ліпені 2018 года быў выпадковасцю, ці гэтыя двое ляцелі разам?
«Васіль тады праз Маскву лятаў у Тайланд», — сказалі нам яго сябры.
«Цяпер ужо не ўспомню, але праз Маскву ў тыя годы я лётаў ва Улан-Батар, у Тбілісі», — патлумачыў «Нашай Ніве» Пракоп'еў.
«Калі я і лятаў адным самалётам з Верамейчыкам у мінулым, то я пра гэта не ведаў, дый ён таксама. Першы раз я ўбачыў гэтага чалавека ў 2022 годзе ў пачатку вайны, калі сабраўся агульны аўтобус на Кіеў з Варшавы. Ён быў адным з тых, хто ехаў. Падсеў, здаецца, у Львове, хацеў ваяваць», — сцвярджае Пракоп'еў.
Сам факт гэтай размовы Кабанчука і Манько не дае падставаў адназначна сцвярджаць, што за адпраўкай Верамейчыка ў стоп-ліст стаяў намеснік камандзіра палка ці яго кіраўніцтва.
Размова адбылася праз паўгода пасля моманту, калі Верамейчык даведаўся аб забароне на ўезд ва Украіну: апошні раз ён быў там восенню 2022-га, а ў пачатку 2023-га ўжо не змог заехаць.
Мы не ведаем, калі Верамейчыка палічылі пагрозай бяспецы Украіны і на падставе якой інфармацыі было прынятае тое рашэнне. Спецслужбы і дзяржаўныя органы, як правіла, не раскрываюць такіх звестак.
Але гэтая размова ўказвае на тое, што кіраўніцтва Палка Каліноўскага адназначна лічыла кампраметуючым фактам сувязь людзей з Пракоп'евым.
Чаму кіраўніцтва Палка Каліноўскага і, у прыватнасці, Кабанчук не ўспрымалі Вадзіма Пракоп'ева?
«У кіраўніцтва Палка была пазіцыя, што ва Украіне не павінна быць альтэрнатыўнага падраздзялення беларусаў», — кажа былы баец.
У падпалкоўніку Сахашчыку — ён на той момант быў прадстаўніком Аб'яднанага пераходнага кабінета па бяспецы і абароне — кіраўніцтва Палка бачыла канкурэнта з туманнай біяграфіяй і шкоднымі мэтамі. Замест далучэння да Палка Каліноўскага ці работы на валанцёрскіх пачатках на яго карысць Сахашчык хацеў стварыць сваю яму альтэрнатыву.
Адпаведна, людзей Сахашчыка ў Палку не лічылі сябрамі. А Пракоп'еў быў найбліжэйшым паплечнікам Сахашчыка, чалавека, які рухаў Сахашчыка ў палітыку.
У Сахашчыка — мінулае ў беларускай арміі плюс расійскі пашпарт. Ядро каліноўцаў, якое выйшла з фанацкіх асяродкаў і з 2014-га у складзе «Азова» рызыкавала сабой за Украіну, убачыла ў ім чалавека, які заяўляе права на лідарства, не маючы на тое заслуг і біяграфіі, з наскоку хоча стаць галоўным на чужым полі.
Асабістая непрыязнасць разагравала падазрэнні ў ненадзейнасці, расійскім следзе.
«І тыя, хто быў з Сахашчыкам звязаны — у тым ліку Пракоп'еў, яны праходзілі для вярхоў каліноўцаў па той жа катэгорыі як мінімум небяспечных канкурэнтаў, а то і магчымых расійскіх засланцаў», — дадаў іншы суразмоўца «Нашай Нівы».
Пры гэтым непазбежная на вайне максімальная падазронасць спрыяла рашэнням, скіраваным на мінімізацыю рызык.
Васіль Верамейчык падчас службы ў Палку Каліноўскага
Прычыны не любіць
Адначасова ў кіраўніцтва Палка Каліноўскага былі прычыны не любіць Верамейчыка.
«У сярэдзіне-канцы 2022-га адносіны ўнутры Палка Каліноўскага былі ўжо складанымі. Загінулы камандзір батальёна «Волат» — Іван «Брэст» Марчук спрабаваў вывесці сваё падраздзяленне са складу ПКК. Але не паспеў», — расказвае саслужывец Верамейчыка.
«Пацук» хацеў давесці да канца гэтую задуму. Кіраўніцтва палка ўспрымала гэта як сепаратызм, як нешта няправільнае. Верамейчык перагарэў, перасварыўся, захацеў узяць паўзу. Звольніўся.
Потым аддыхаўся і зноў захацеў ваяваць.
«Пацук» папрасіўся назад, было нават галасаванне наконт гэтага — вяртаць, не вяртаць. Галасавала толькі вярхушка, а не ўсе байцы. У выніку вырашылі не вяртаць. Як тады сказаў адзін з удзельнікаў галасавання: «Гаўнамут». Вернецца і будзе зноў настройваць частку калектыву на раскол», — расказвае каліновец.
На той момант падраздзяленне «Тэрор» ужо адкалолася ад палка, іншыя байцы вагаліся. Таму з былым намеснікам батальёна «Волат» Васілём Верамейчыкам вырашылі не рызыкаваць.
Беларускія добраахвотнікі — «Пацук», «Волат», «Брэст», «Зубр»
І тут ужо дылема
Прыкладна тады ж Сахашчык з Пракоп'евым спрабавалі ўдыхнуць новае жыццё ў сваю задуму стварыць асобны полк «Пагоня». Полк Каліноўскага выстаўляў на фронт сотні чалавек, «Пагоня» складалася з тузіна пры інтэрнацыянальнай роце. Людзі Сахашчыка хацелі пашырыцца і выйсці на самастойнае падраздзяленне, шукалі сабе байцоў, вялі перамовы з некаторымі каліноўцамі. Хтосьці быў блізкі да згоды.
«Як расказваў мне асабіста Верамейчык, яго таксама абходжвалі. Відаць, Вася дзяліўся гэтай інфармацыяй з былымі саслужыўцамі, яна дайшла да кіраўніцтва палка», — кажа яго былы саслужывец.
І тут ужо дылема. Калі ўзяць Верамейчыка назад — рызыка, што захоча стаць атаманам і звядзе яшчэ групу людзей. Калі не браць, то ён пойдзе да Сахашчыка і ўжо адтуль будзе агітаваць ісці да яго, у «Пагоні» не было аўтарытэтных публічных людзей, ён мог бы стаць такой фігурай».
«Такім чынам, у нейкі момант прычыны не любіць Верамейчыка амаль да літары супалі з прычынамі не любіць Вадзіма Пракоп'ева», — лічаць інфармаваныя суразмоўцы, якім «Наша Ніва» паказала дыялог Кабанчука і Манько.
Барацьба з раскольнікамі, адстойванне манаполіі сваёй арганізацыі прывяло да таго, што абедзве гэтыя фігуры, якія хацелі па-свойму рознага, з пазіцыі кіраўніцтва палка хацелі аднаго і таго ж.
«Напрошвалася найлепшае рашэнне, каб Верамейчык увогуле не апынаўся ва Украіне. ПКК нічога не губляе, «Пагоня» Сахашчыка нічога не набывае — таму, я думаю, так здарылася, таму з ім так абышліся. Менеджмент рызыкаў», — сказаў нам суразмоўца, у мінулым блізкі да Верамейчыка.
Пракоп'еў лічыць прычынай рэўнасць
Вадзім Пракоп'еў катэгарычна абвяргае спекуляцыі пра сваю сувязь з Расіяй. Ён лічыць прычынай недаверу да сябе проста барацьбой за рэсурсы.
«З першых дзён вайны цяпер ужо былое кіраўніцтва ПКК змагалася з любымі альтэрнатыўнымі падраздзяленнямі беларусаў. Я быў абвешчаны ворагам. У ход ішло ўсё: рознага роду падставы, дыскрэдытацыі, выкарыстоўванне сувязяў у ГУР [Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны], у Офісе Ціханоўскай.
«Пагоню» цалкам расфарміравалі, мяне выклікалі ў СБУ і ветліва, але цвёрда прапанавалі выехаць з Украіны.
Але мне пашанцавала больш, чым Верамейчыку, таму што на той момант я ўжо атрымаў прытулак у адной з еўрапейскіх краін», — кажа Пракоп'еў.
«Спроба аб'яднаць нас з Васілём у «кубло» можа быць звязана з тым, што ён цвёрда выказваў незадаволенасць уладкаваннем ПКК. Гэта выклікала рэўнасць кіраўніцтва. А намаляваць нас маскоўскімі шпіёнамі-змоўнікамі — гэта сёння самы верны спосаб сапсаваць камусьці жыццё ва Украіне», — мяркуе Пракоп'еў, які рэзка крытыкуе і былое кіраўніцтва Палка Каліноўскага за інтрыганства, і Офіс Ціханоўскай за нерашучасць у ваенны час.
У той жа час Пракоп'еў ухваляе змену кіраўніцтва Палка.
«Калі б усе адразу разабраліся, што ўяўляе з сябе цяпер ужо былое кіраўніцтва ПКК, то беларускі добраахвотніцкі рух мог бы ўяўляць з сябе абсалютна іншую сілу. І я толькі рады, што адбылася змена кіраўніцтва ў ПКК. Усё, што я ведаю пра Паўла Шурмея, кажа, што ён правільны чалавек і на правільным месцы лідара», — кажа Пракоп'еў.
«Факты не пацверджаныя»
Васіль Верамейчык, 2022 год. Фота: Наша Ніва
Забарона Верамейчыку ўезду ва Украіну сыграла ў лёсе Верамейчыка злую ролю. Ён па натуры не любіў прасіць і аспрэчваць, лічыў гэта ніжэй за свой гонар, казала ягоная жонка. «Сказаў: я тут нічога прасіць не буду», — апісала яна рэакцыю Васіля на прызнанне яго пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.
Апынуўшыся між небам і зямлёю, без магчымасці паехаць ва Украіну хаця б проста жыць, ён паслаў усіх і паляцеў у В'етнам, дзе апынуўся ў зоне дасяжнасці беларускіх спецслужбаў. Так забарона ўезду стала першапрычынай доўгага ланцужка падзей, якія прывялі байца ў камеру СІЗА КДБ. Ніхто не ведае, што з ім там адбываецца.
Што ж магло быць у той паперы, якую нехта — пакуль што невядома хто — падклаў украінскім службам як матывацыю падазрэнняў на адрас Верамейчыка, былога афіцэра беларускай арміі, які свядома выбраў шлях супраціву? Пакуль адказу на гэтае пытанне няма.
Чытайце таксама: Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?
Хто ўзламаў тэлеграм Кабанчука, няясна. Напрошваецца думка, што гэта маглі быць беларускія ці расійскія спецслужбы або звязаныя з імі структуры. Па меркаванні журналіста «Нашай Нівы», які вывучаў узламаныя даныя, узлом адбыўся 24 жніўня 2023 года, трэція асобы мелі доступ да акаўнта з 09:40 да 10:11. Самае свежае з выгружаных у выніку ўзлому паведамленняў датуецца жніўнем 2023 года.
«Факты па гэтай справе пакуль не пацверджаныя, таму без каментарыяў», — адказаў Вадзім Кабанчук на запыт «Нашай Нівы». Мы пыталіся ў яго пра змест той паперы, у якой фігуравала прозвішча Верамейчыка.
Пасля адстаўкі Валерыя Сахашчыка з Аб'яднанага пераходнага кабінета ў жніўні 2024-га Кабанчук заняў там ягонае месца.
Калі вам важная праца, якую робяць журналісты «Нашай Нівы», падтрымайце нас, калі ласка, данатам праз «Патрэон».
«Яна яго шантажавала». Новыя дэталі апошніх дзён жыцця сына Ярмошынай
Рэспекты ад дактароў і спецыфіка ў войску. Прынцыпова беларускамоўны юнак расказаў, як ён адслужыў
«Раўкоў аж за сэрца схапіўся». Добраахвотнік «Пацук» быў афіцэрам у Печах, а цяпер ваюе ва Украіне