Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?
Стала вядома, што былога каліноўца Васіля Верамейчыка (пазыўны «Пацук») затрымалі ў В'етнаме і выдалі беларускаму КДБ. Расказваем асноўнае пра гэтага добраахвотніка.
Вучыўся ў беларускамоўнай школе, служыў у Печах
Васілю 34 гады, ён родам з Салігорска. Але большасць жыцця правёў у Мінску — вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі № 9, потым у гістарычным класе Ліцэя БДУ.
«Мяне затрымлівалі яшчэ ў 2005 годзе пры перайменаванні праспекта Францішка Скарыны, мне тады было 15 гадоў. Маму выклікалі ў школу, яна сказала, што мной ганарыцца, клас паапладзіраваў мне. Я ўдзельнічаў у Плошчы 2006 года», — расказваў «Радыё Свабода» Васіль.
Верамейчык скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі і служыў у Печах. Са службы ён звольніўся ў 2016 годзе ў званні лейтэнанта, пасля чаго працаваў у ІТ.
«Я з вельмі інтэлігентнай сям’і. Першай маёй кнігай пасля «Буквара» быў «Адкуль наш род» Уладзіміра Арлова. Другая — «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» Арлова і Сагановіча. І дачка ў мяне расце прыкладна з такім жа наборам», — дзяліўся ён у інтэрв'ю.
Затрымлівалі на 10 сутак у 2020-м
У 2020 годзе Верамейчык падтрымаў рух за свабодныя выбары, удзельнічаў у мітынгах і маршах. У лістападзе 2020 года яго затрымалі па падазрэнні ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў пракуратуры. Але пасля 10 сутак арышту ён выйшаў на волю: доказаў не знайшлі.
Напачатку 2021 года праз пагрозу паўторнага арышту эміграваў ва Украіну, жыў з сям'ёй у Львове.
Быў намеснікам «Брэста»
У лютым 2022-га Васіль далучыўся да беларускага тады яшчэ батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Ён узяў сабе пазыўны «Пацук».
Гэтая мянушка калісьці дасталася Васілю яшчэ падчас тэрміновай службы — ён прайграў у спрэчцы і павінен быў сабе прыдумаць смешную і крыўдную мянушку.
Мужчына быў намеснікам «Брэста» (Івана Марчука) у батальёне «Волат».
Верамейчык удзельнічаў у баях у Херсонскай, Мікалаеўскай і Луганскай абласцях.
У красавіку 2022 года ў Мікалаеўскай вобласці «Пацука» падчас цяжкага бою паранілі. Тады з сямі байцоў выжылі толькі двое.
Верамейчыка ўзнагародзілі медалём «Украіна перш за ўсё».
Васіль быў таксама сябрам загінулага каліноўца «Волата» (Павел Суслаў).
«Я з «Волатам» перапісваўся апошні раз за гадзін пяць да яго смерці, — расказваў «Пацук». — З самага запамінальнага — гэта размова з ім. Я з трыма замежнікамі прыехаў за дзень да яго смерці на месца, дзе ён загінуў. І мы ўсю ноч з ім прагаварылі пра жыццё, дзяўчат, вайну. Я нават шкадаваў, што не запісаў на дыктафон. Хто ж ведаў».
Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў
Пасля таго, як Васіль пакінуў Полк Каліноўскага, ён жыў у Вільні. Разам з іншымі былымі ваярамі заснаваў Асацыяцыю беларускіх добраахвотнікаў.
Васіль увайшоў у Каардынацыйную раду 3 склікання ад блока Пракоп'ева-Ягорава.
Як апынуўся ў В'етнаме
На падставе таго, што Васіль раней быў беларускім вайскоўцам, Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы. Мужчыну давялося пакінуць краіну. Ва Украіну вярнуцца было немагчыма, бо атрымаў забарону на ўезд у краіну — як мяркуецца, праз канфлікт са штабам Палка Каліноўскага. Нейкі час жыў у Грузіі, а ў выніку Верамейчык апынуўся ў В'етнаме.
Абставіны ягонага затрымання дакладна не вядомыя. Здарылася гэта 13 лістапада — Васіль толькі паспеў паведаміць, што затрыманы. Наколькі вядома, ужо 14 лістапада былога ваяра дэпартавалі ў Беларусь.
Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА
«Хто ж ведаў». Былыя байцы-каліноўцы пра фронт, мары пра дзяўчат, жыццё пасля вайны і асацыяцыю ветэранаў
«Нам патрэбны ваенны досвед, трэніравацца, бо наперадзе Беларусь». Пабрацім успамінае Міраслава Лазоўскага
«Раўкоў аж за сэрца схапіўся». Добраахвотнік «Пацук» быў афіцэрам у Печах, а цяпер ваюе ва Украіне
Лукашэнка пазбавіў званняў 80 афіцэраў, у тым ліку з КДБ і ўласнай Службы бяспекі. Ашаламляльнае прызнанне, наколькі шмат праціўнікаў рэжыму ўнутры сілавых структур
Каментары
у гэтым штабе Каліноўскага???