На ютуб-канале нямецкага СМІ «Дойчэ Веле» з'явілася відэаінтэрв’ю з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім, у якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
На сёння Гараўскі жыве ў нямецкамоўных Альпах, але з прычын бяспекі краіна не называецца.
Пасля службы ў войску Гараўскі трапіў у спецназ. «Быў вусны загад. Калі б я адмовіўся, то знайшоўся б нехта іншы», — кажа ён.
У 2008 годзе Гараўскі трапіў у загадкавую аварыю, у якой мог загінуць. Ён пашкодзіў сцягно, якое і прыехаў лячыць у Альпы. Мужчына папрасіў палітычны прытулак.
Гараўскі кажа, што даўно збіраўся «скінуць камень з душы». У фільме ён дэманструе пасведчанне асацыяцыі ветэранаў унутраных войскаў.
Ён паказвае ў відэа спіс усіх людзей, якія ўдзельнічалі ў спецаперацыі па ліквідацыі Захаранкі і Ганчара з Красоўскім.
«Захаранка не супраціўляецца, ён толькі просіць выкрадальнікаў: «Зрабіце так, каб мне не было балюча», — кажа закадравы голас. Аўтамабіль выехаў на поўнач ад Мінска.
Гараўскі ў эфіры дэмаструе спадарожнікавы здымак вайсковай базы ў Бягомлі. «Тут забілі Ганчара і Красоўскага, — кажа ён. — А тут была яма, дзе спалілі іх адзенне».
«Нам патлумачылі, што ў Ганчара быў кампрамат на Лукашэнку, што ён несумленна прыйшоў да ўлады. У сувязі з гэтым кампраматам мы яго ліквідавалі», — кажа Гараўскі.
Мужчына кажа, што адчувае віну. «Калі б гэтыя мужчыны засталіся жывымі, то нешта інакш было б у Беларусі».
Захаранку прывезлі на вучэбны палігон Валоўшчына пад Заслаўем. Расказваецца, што забівалі яго спецыяльным «расстрэльным пісталетам». Але пасля забойства нібыта павезлі назад у Мінск. На Паўночных могілках цела аддалі ў крэматорый. Што было пасля, Гараўскі не ведае.
Перад тым, як затрымаць Захаранку, яго адсочвалі паўтара тыдня. «Я з Паўлічэнкам быў у машыне, плюс яшчэ сядзелі Барадач Юра і Шкіндзераў Сяргей. У другой машыне — Карповіч Дзіма, Наватарскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Румянцаў Лёша». Гараўскі адкрыта называе імёны ўдзельнікаў.
Былы баец спецназу абвінавачвае Дзмітрыя Паўлічэнку ў забойстве. Маўляў, ён два разы стрэльнуў у раён сэрца. З Захаранкі нават не здымалі чорны балахон, у якім везлі ў машыне. Мужчына адкідае версію пра тое, што Захаранку адсеклі руку, а нехта здымаў гэта на відэа.
Пра ліквідацыю Ганчара і Красоўскага Гараўскі кажа, што пасля таго, як іх затрымалі, нейкі чалавек у цывільным правяраў, ці сапраўды гэта яны.
Гараўскі сцвярджае, што Красоўскі і Ганчар атрымалі па дзве кулі ў раён сэрца ад рук Дзмітрыя Паўлічэнкі. Спецназавец сцвярджае, што трымаў пісталет да забойстваў у сябе, бо Паўлічэнка, маўляў, не любіў трымаць зброю.
Цікава, што ён называе нават такія рэчы, як тое, што ў Ганчара на назе не было аднаго з пальцаў, а ў абутку была артапедычная сцілка. «Я нёс Ганчара за левую руку, са мной нёс Юра Барадач», — кажа Гараўскі.
На наступны дзень БТР раздушыў джып Красоўскага, рэшткі машыны закапалі.
Гараўскі сцвярджае, што асобы Ганчара і Красоўскага ён на той момант не ведаў, у адрозненне ад Захаранкі. Маўляў, праз нейкі час Паўлічэнка прывёз за гэтую аперацыю ўдзельнікам па тысячы даляраў.
Мужчына кажа, што 14 удзельнікаў аперацыі могуць пацвердзіць ягоную гісторыю. Амаль усе яны засталіся служыць у сілавых структурах.
Паміж сабой спецназаўцы гэтага ніколі не абмяркоўвалі. Пры звальненні Гараўскі падпісваў рапарт «Аб неразгалошванні вайсковай таямніцы».
Спецназавец кажа, што ў ліквідацыі аператара Змітра Завадскага ён не ўдзельнічаў, але саслужбоўцы ў той дзень выходзілі на працу, хоць і не мусілі. Гараўскі перакананы, што Юрый Сівакоў і Віктар Шэйман ведалі пра дадзеную сітуацыю. Ці ведаў Лукашэнка, спецназаўцу цяжка адказаць.
Гараўскі быў затрыманы ў 2000-м годзе разам з Дзмітрыем Паўлічэнкам, але выйшаў праз дзень. Ягоны камандзір — праз тры.
Гараўскі абяцае пацвердзіць усё сказанае ў судзе.
Каментары