Грамадства1111

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Алесь Юркойць, былы мытнік, вядомы краязнаўца і душа Астравеччыны, некалькі месяцаў таму перабраўся ў Польшчу. Вымусілі перабрацца. «Краіна зрабілася зусім іншай і дарогі назад не будзе», — кажа ён. «Наша Ніва» занатавала яго развагі пра жыццё.

Алесь Юркойць. Фота: архіў суразмоўцы

Алесь Юркойць — краязнаўца і актывіст з Варнян, што на Астравеччыне, стваральнік краязнаўчага таварыства «Вільняр». Ён усталёўваў на сваёй малой Радзіме памятныя камяні, шыльды беларускім паэтам, чытаў лекцыі, ладзіў краязнаўчыя вандроўкі, адкрыў музей і арганізоўваў творчыя імпрэзы.

У 2015-м Юркойця затрымалі разам з групай ашмянскіх мытнікаў, з якімі ён тады разам служыў. Мытнікаў, у тым ліку і Юркойця, абвінавацілі ў хабарніцтве, ён не прызнаў сваёй віны. Выйшаў на волю ў 2021-м. Той справе прысвечаная кніга Сяргея Дубаўца «Тантамарэскі».

Цяпер «Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Алесю і яго вялікай сям'і (у мужчыны тры дачкі, адна з цяжкай прыроджанай хваробай) асвоіцца ў Польшчы. Паўдзельнічаць можна тут.

«Капаў дол, забіраў нябожчыкаў з морга, усталёўваў помнікі»

«Апошнія гады я працаваў падсобным рабочым: капаў дол, забіраў нябожчыкаў з морга, усталёўваў помнікі, вазіў граніт. Пасля вызвалення ў мяне быў прэвентыўны нагляд, прыходзілі ўчастковыя, выклікалі на «прафілактыку».

Зімой прыляцела вестка ад знаёмага, што мной цікавяцца ў КДБ. Той знаёмы так напужаўся, што прыехаў да мяне ўначы — маўляў, уцякай. Перадаў мне цытату: «Прынятае рашэнне зноў яго пасадзіць або ліквідаваць». 

Было некалькі іншых гісторый, раскажу самую яскравую. Прыйшлі да мяне сілавікі з пастановай на ператрус — кажуць, на мяне паступіла ананімка ад жыхароў аграгарадка Варняны, што ў хаце могуць захоўвацца «экстрэмісцкія матэрыялы». 

Нічога яны не знайшлі, забралі мой мабільны і сказалі, каб прайшоў з імі. Я ўжо навучаны жыццём: узяў цёплую куртку, паўтара літра вады ў заплечнік, выцягнуў нейкую тоўстую кнігу. Дайшлі да іх машыны, кажуць «рукі за спіну» і дастаюць кайданкі — маўляў, без кайданкоў не даедзем да Астраўца, у іх інструкцыя. Зашпілілі кайданкі за спіну і паехалі.

Прывезлі мяне ў Астравец і з дадатковым нарадам міліцыі завялі ў будынак РАУСа, у адзін з кабінетаў. Прыйшоў нейкі чалавек без формы, але па просьбе паказаў мне пасведчанне — запомніў, што гэта быў падпалкоўнік Іканопула, грэчаскае прозвішча.

Сказаў міліцыянтам, што панясе мой мабільнік на сканаванне спецыялістам. Дакладна ведаю, што панёс яго кадэбэшнікам, бо назваў паверх, куды пойдзе, а кібераддзел астравецкай міліцыі працуе на іншым паверсе. 

Адсканавалі мой мабільны і амаль нічога там не знайшлі, акрамя размовы з маім добрым знаёмым, блогерам Аляксандрам Лапшыным, мы з ім некалі пазнаёміліся ў Пішчалаўскім замку. У нашай перапісцы на ватсапе было галасавое паведамленне ад Лапшына, дзе ішла гутарка пра нейкую знаёмую і КДБ. Вынеслі мне пісьмовае папярэджанне, хаця там у паведамленні і голас быў не мой. Сабраліся мяне адпускаць і толькі тады расшпілілі кайданкі, каб я мог пакінуць подпіс у іх паперах.

Гляджу, а там напісана — маўляў, калі яны мяне зноў заўважаць у «экстрэмізме», да мяне выкарыстаюць больш жорсткія меры. Для мяне гэта быў адзін з апошніх сігналаў, што мушу пакідаць краіну.

«А беларусы будуць ціхенька думаць сваё»

Калі з’язджаў, з аднаго боку меў пачуццё цяжару, а з другога — адчуваў лёгкасць. Зрабіў для сябе выснову, што не магу ў Беларусі займацца чымсьці стваральным. Спадзяваўся: калі адтуль з’еду, хутчэй вярнуся ў сваю, беларускую Беларусь, бо здолею для гэтага нешта рабіць.

Перад самым ад’ездам, калі ўжо прыняў рашэнне, мяне некалькі дзён трэсла — так хваляваўся, што, думаў, захварэю. А калі выйшаў з хаты і мяне павезлі ў машыне, мне стала вельмі спакойна, хаця яшчэ і не на мяжы быў. Даў сабе адказ: гэты спакой ад таго, што прыняў правільнае рашэнне. 

Калі паўгода таму пакідаў краіну, меў поўнае адчуванне — такой Беларусі, якой яна была заўжды пры Лукашэнку, ужо не будзе, ён не здолее яе зноў зацугляць.

Я прапусціў 2020-ты, бо быў за кратамі, і ўвогуле доўга не адчуваў жыцця ў краіне. Меў прэвентыўны нагляд і ўвесь час працаваў, мала дзе бываў. Не мог зразумець, чым краіна дыхае, як яна змянілася, прычым у маім выпадку гэта не некалькі прапушчаных месяцаў, а шмат гадоў.

Але паступова

праз гутаркі з людзьмі я адчуў, што краіна зрабілася зусім іншай і дарогі назад не будзе.

Вядома, будуць спрабаваць загнаць назад у стойла, але я бачыў, як эмацыйна мне людзі расказваюць пра 2020-ты. Цяпер яны будуць маўчаць, і гэта, можа, правільна, таму што рэпрэсіі вельмі жорсткія і няма сэнсу сядаць у турму, калі ты адтуль нічога не можаш змяніць.

Веру ў беларускі народ, ведаю яго — з дзяцінства рос сярод простых людзей. Мае бацькі былі такімі, у іх быў гэты дух свабоды, яны ніколі не прымалі савецкія каштоўнасці. Такіх людзей у Беларусі шмат, а цяпер фактычна ўжо паўтара пакалення выраслі вольнымі. І як, яны цяпер стануць рабамі? Гэта не так проста будзе зрабіць.

Фота: архіў суразмоўцы

Разумею, што ідэалагічная машына будзе працаваць, бачыў па расказах маіх дзяцей, што адбываецца ў школах. Але

я памятаю старэйшае пакаленне, якое перажыло больш жорсткія часы — і сталінскія рэпрэсіі, і махровыя застойныя часы. Яны заўсёды думалі сваё: памятаю іх застольныя гутаркі, тое, што слухалі «Голас Амерыкі». Цяпер ёсць інтэрнэт, доступ да свабоднага свету, і немагчыма цалкам схаваць інфармацыю. 

Ведаючы беларусаў, упэўнены, што яны будуць ціхенька думаць сваё. На працы часам можна прамаўчаць, мо і трэба прамаўчаць, але хто можа, няхай скажа свае думкі.

Я ніколі гэтага не баяўся: на трыбуну не залазіў, але заўжды быў прынцыпова супраць Лукашэнкі. Тое ж самае робяць і людзі ўнутры Беларусі, а вада камень точыць, і паступова гэты працэс будзе ісці.

Калі не лірыка, то фізіка, і Лукашэнка фізічна не вечны. А гэта персаналісцкі рэжым, і як толькі зменіцца персона, сістэма ўжо будзе не такая ўстойлівая.

«Чатыры гады прайшлі, і такі вэрхал у краіне, вось вам і адказ»

Цяпер заставацца беларусам у Беларусі — гэта адназначна нейкі змагарны чын. Нават калі проста там жыць, але захоўваць свае думкі і традыцыі, не класціся пад гэтую жорсткую таталітарную сістэму — ужо важна, што такія беларусы ёсць. І змены ў першую чаргу адбудуцца менавіта ўнутры краіны, мы за мяжой можам толькі дапамагчы.

Людзі сістэмы гэта ведаюць і менавіта праз гэта не спыняюць зачысткі. Чатыры гады прайшлі, і такі вэрхал адбываецца ў краіне, вось вам і адказ.

Краіна не вернецца назад, бо яны (сілавікі — НН) гэтаму дапамагаюць. Няўжо вы думаеце, што ў людзей ад рэпрэсій з’явяцца задаволенасць і шчасце? Калі людзі не бачаць людзей у кайданках, інфармацыя пра рэпрэсіі ўсё роўна гуляе, ды ў малых гарадах гэта дакладна не схаваеш.

Заставацца беларусам у Беларусі — гэта думаць і гаварыць адпаведна ў сваім коле, дзяцей сваіх так выхоўваць, весці такую ціхую штодзённую працу.

Я зайшоў вясной у мінскую кнігарню і размаўляў па-беларуску, жанчына мне пачала таксама адказваць па-беларуску, але шэптам. Не зразумеў гэтага, там і людзей побач не было. А яна мне казала, што нас засталося ўжо мала, выказвала нейкія словы падтрымкі. 

Кажу ёй: «Не так мала, як вы думаеце. Мала хто адкрыта размаўляе па-беларуску, як я. Але такіх, як вы, хто падтрымлівае, вельмі шмат, 2020-ты гэта паказаў».

І гэта таксама дае надзею, што змены будуць. Жыццё развіваецца, і будзе вялікі геапалітычны перадзел свету, бо цяперашняя сістэма не працуе. Важна, ці будзем мы, беларусы, у гэтым удзельнічаць, або будзем назіраць збоку.

Што важна беларусам, каб не згубіць сябе? Думаю, у любой сітуацыі важна заставацца самім сабой, асабліва гэта тычыцца беларусаў у Беларусі. Кожны сам дае сабе адказ, як гэта зрабіць. 

Але мы ўсё ж такі павінны стварыць беларускую эліту. Сістэмная апазіцыя не змагла за 30 гадоў стварыць нейкую сілу, вакол якой гуртаваліся б беларусы, на ябацькаў тым больш не выпадае спадзявацца — яны здадуць краіну ў любы момант. Павінна з’явіцца нейкая трэцяя сіла, туды мусяць прыйсці людзі з розных сфераў дзейнасці. Час пакажа, хто гэтым зоймецца, бо заўсёды час нараджае герояў. 

«Пад намі магутная краіна»

У складаныя часы бачна, хто ёсць кім. Кожны чалавек можа шмат пра сябе думаць, але пакуль ён не трапляе ў форс-мажорныя абставіны, ён сам не ведае, на што здольны.

Бачу, у Беларусі цяпер адбываецца лёгкі рэверанс у бок беларускай мовы, але разумею, што ўсё гэта пустое.

Нядаўна там хацелі правесці агульнабеларускую краязнаўчую канферэнцыю, дык у выніку забаранілі 70% краязнаўцаў, якія там мусілі быць, удзельнічаць у ёй. Гэта значыць, што гэтыя 70% — нармальныя людзі, якія і сябе захавалі, і краіну будуць захоўваць.

У мяне ёсць вобраз, што Беларусь — краіна паэтаў і краязнаўцаў. Нават калі прыедзеш у самую малую вёску, там будзе або мясцовы краязнаўца, які табе раскажа нейкую гісторыю, або мясцовы паэт, які складае часам просценькія, але душэўныя вершы. 

У тым ліку і праз гэта трэба захоўвацца — любіць свой край, ведаць мясцовую гісторыю. Калі ты яе ведаеш, табе не змогуць навязаць чужыя штампы.

Кожны беларус павінен усведамляць, што на самой справе пад намі магутная краіна з багатымі традыцыямі і гісторыяй, і па еўрапейскіх мерках яна вялікая. Для ўсяго гэтага не трэба ісці на мітынг і біць сябе ў грудзі, можна проста ціхенька расказваць пра такое ў сваёй сям’і і ў коле знаёмых. 

«Беларусь з Кітаем? Абсурд»

Калі вучыўся на геаграфічным факультэце, нам казалі, што з кожным годам краін у свеце будзе ўсё менш і менш. Гэта праява імперскага мыслення: кожная імперыя думае, што будзе паціху ўцягваць у сваю арбіту маленькія краіны, і іх будзе ўсё менш. Але насамрэч з кожным годам краін усё болей.

Лукашэнка задаў такі вектар палітыкі, што Беларусь практычна ўжо страціла сваю самабытнасць, толькі дзякуючы простым людзям яна захоўваецца. Калі так далей будзе, мы станем правінцыяй Расіі, як кажуць, еўраазіяцкай краінай. Але па факце свайго з’яўлення Беларусь — гэта еўрапейская краіна, і мы не можам гэта змяніць.

Калі мы нарадзіліся ў Еўропе, то ў Еўропе наша месца. Паглядзіце на любую еўрапейскую краіну, і вы зразумееце, як убудаваць Беларусь у гэтую сістэму каардынат. Вось калі мы спрабуем убудаваць яе ў БРІКС разам з Бразіліяй, Кітаем і Расіяй, для мяне гэта трошкі абсурд.

Наша месца ў іншым свеце і з іншымі каштоўнасцямі, дзе будзе кіраваць моц права, а не права моцы, як гэта цяпер адбываецца ў Беларусі. Правы людзей будуць абароненыя, і ў Еўропе менавіта так і адбываецца. У Беларусі ёсць звычайнае месца ў Еўропе, яно зарэзерваванае за намі, дастаткова проста зірнуць на мапу — там ёсць Беларусь.

Алесь Юркойць пасля вызвалення ў 2021-м. Фота: «Радыё Свабода»

І гэта дапамагае мне верыць у тое, што яна будзе існаваць і далей, Беларусь як краіна ўжо адбылася. Яна абавязкова адбудзецца і як нармальная еўрапейская дзяржава.

Мы ідзём гэтым шляхам, 2020-ты паказаў, як фармуецца наша нацыя. Бачыў людзей, якія апынуліся ў цэнтры тых падзеяў, бачыў, як яны не разумелі, што адбываецца — па-мойму, яны не разумелі Беларусі, і таму адбылося ўсё тое, што адбылося. 

Каб зразумець Беларусь, трэба ў беларушчыне трошкі пажыць, а калі чалавек цікавіцца толькі чаркай, скваркай і патрыманай іншамаркай, трэба праводзіць лікбез: ладзіць перш за ўсё незалежныя ютуб-каналы, нават тыктокі. Мяне цешыць, што моладзь гэтым займаецца.

Хто мог падумаць, што Мікіта Мелказёраў пяройдзе на беларускую мову і створыць такую цікавую праграму? Гэта выдатна, і чым больш такіх ініцыятываў, тым лепш. 

«Калі вярнуся ў Беларусь, паеду перш за ўсё на могілкі ў Варняны»

Канечне, я аптыміст, і я ведаю, што думка матэрыяльная — які мы пасыл даем у будучыню, так і будзе. Калі ў мяне пытаюцца, ці хутка нешта зменіцца ў Беларусі, кажу — можа змяніцца хоць заўтра, толькі мы гэтага не хочам. Размаўляю з людзьмі і бачу, як яны сваімі словамі і думкамі навязваюць заўтрашні парадак дня, і калі ў вас песімістычнае мысленне, так усё і будзе. А калі мы будзем аптымістамі, вы здзівіцеся, як хутка ўсё зменіцца.

Мы здольныя гэта праверыць на сваім жыцці — змяніце свае думкі, і зменіцца ўсё навокал вас. Гэта можа дзейнічаць і на глабальным узроўні.

Ці магло ў 2020-тым нешта пайсці па-іншаму? Магло, таму што пры добрым і падрыхтаваным кіраўніцтве насамрэч можна было змяніць сітуацыю. Ведаем, што асноўныя лідары, тыя ж Статкевіч і Севярынец, на той момант ужо былі ў турме. Што да людзей, якія кіравалі працэсам — магчыма, што і іх нехта накіроўваў.

Змяніць нешта можна было, але ў тым моманце. Аднак цяпер мы разумеем, што тады Расія хутчэй за ўсё нас не адпусціла б і былі б уведзеныя войскі. З другога боку, тады не трэба было б тлумачыць беларусам, хто ёсць хто. Тады Беларусь адназначна страціла б суверэнітэт, але я лічу, што яна і так яго страціла, толькі цяпер гэта адбываецца няяўна.

Як было з Аўстрыяй: адбыўся аншлюс і яе далучылі да Германіі, але пасля вайны Аўстрыя зноў атрымала незалежнасць, і цяпер гэта развітая еўрапейская краіна. Тое ж самае было б з Беларуссю: так, мы страцілі б суверэнітэт, але потым вярнулі б яго назад, тым больш што новы падзел свету ўжо ідзе. 

Калі вярнуся ў Беларусь, паеду перш за ўсё на могілкі ў Варняны, дзе і я хацеў бы некалі ляжаць. Там усе мае продкі ляжаць, мой тата, матуля. Там мой маленькі брацік, які памёр у паўгода і за якога, можа, я і жыву, там мае дзяды, прадзеды, бабулькі.

Прыехаў бы ім пакланіцца за тое, што я ёсць на гэтым свеце, мы мусім быць удзячныя нашым продкам. У іх, дарэчы, жыццё было зусім не лягчэйшае, чым у нас, проста жаліцца — гэта не ў нашай беларускай традыцыі, у нашай традыцыі спакойна цягнуць сваё і трымацца сваёй лініі.

Што б табе ўлада ні казала, заўсёды рабі сваё».

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Алесю і яго вялікай сям'і (у мужчыны тры дачкі, адна з цяжкай прыроджанай хваробай) асвоіцца ў Польшчы. Паўдзельнічаць можна тут.

А калі хочаце падтрымаць «Нашу Ніву», то гэта можна зрабіць па спасылцы тут унізе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Хрыч
    14.11.2024
    Еще один неверагодный мечтатель
  • Гражданин
    14.11.2024
    Я решительно требую,исполнения всех договорённостей и обязательств,от Соединенных Штатов Америки,подписанных в Минске в 1994 году,во время официального визита Билла Клинтона в Беларусь!
  • Сенатор
    14.11.2024
    Гражданин, Выражение озабоченности вас устроит?

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прадаюць 24-гадовую Alfa Romeo 166 за 15 тысяч даляраў. Што ў ёй такога?4

Правакатара і даносчыка Яўгена Какойту афіцыйна прызналі палітвязнем3

Сясцёр-беларусак, якія зніклі ў турэцкіх гарах, знайшлі жывымі5

Нейрасеткі могуць выпадкова выдаць інструкцыю стварэння ядзернай зброі?

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага20

Памілавалі яшчэ 32 палітвязняў9

Комік Нарышкін расказаў, як яму забаранілі ўезд у Літву2

«Нас, лічы, выкралі!» Хлопец з дзяўчынай не выйшлі з аўтобуса на канчатковым прыпынку, і кіроўца звёз іх2

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →