Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі зацвердзіла вынікі парламенцкіх выбараў. Згодна з канчатковым пратаколам, уладная партыя «Грузінская мара» атрымала перамогу, набраўшы амаль 54% галасоў і забяспечыўшы сабе 89 месцаў з 150 у парламенте, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
«Кааліцыя за змены» атрымлівае 19 мандатаў, «Адзіны нацыянальны рух» — 16, «Моцная Грузія» — 14, «За Грузію» — 12 дэпутацкіх мандатаў.
На заключным пасяджэнні камісіі адбылася сварка паміж старшынёй ЦВК Георгіем Каландарышвілі і прадстаўніком апазіцыйнай партыі «Адзінства — Нацыянальны рух» Давідам Кіртадзэ.
Кіртадзэ запытаў магчымасць выступіць, але пасля заканчэння рэгламентаванага часу для выступлення Каландарышвілі адключыў мікрафон. У разгар канфлікту Кіртадзэ выліў на Каландарышвілі чорную вадкасць, верагодна, фарбу. Пасяджэнне камісіі было прыпынена.
Праз некаторы час старшыня ЦВК працягнуў пасяджэнне з павязкай на воку.
Па інфармацыі апазіцыі і няўрадавых арганізацый, на выбарах 26 кастрычніка не была забяспечана таямніца галасавання — бюлетэні прасвечваліся, і з адваротнага боку былі бачны пазнакі маркераў.
Адначасова з пасяджэннем каля сцен будынка ЦВК праходзіла акцыя пратэсту. Аб правядзенні акцыі пратэсту раней абвясцілі частка апазіцыі, грамадзянскія арганізацыі і студэнты. Пратэстоўцы патрабуюць правесці паўторныя выбары.
Міжнародная супольнасць заклікае Тбілісі да аб'ектыўнага расследавання спрэчных вынікаў выбараў для праверкі падазрэнняў у фальсіфікацыях.
Каментары