Дзмітрый Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт абвінавачванняў у забойствах палітыкаў
На сайце асацыяцыі ветэранаў спецназу «Гонар» з'явілася заява старшыні асацыяцыі Дзмітрыя Паўлічэнкі наконт сведчанняў Юрыя Гараўскага, які ў інтэрв'ю DW распавёў пра датычнасць да выкрадання вядомых людзей у 1999 годзе.
Паўлічэнка зазначае, што несумленныя СМІ і прыватныя асобы спрабуюць зганьбіць яго і спецназ у цэлым, распаўсюджваючы такія заявы.
«Гараўскі праходзіў службу ў адным з падраздзяленняў брыгады аператыўнага прызначэння ў 1990-х, і ў канцы 1999 года здзейсніў крымінальнае злачынства, быў судзімы, адбываў тэрмін у СІЗА №1», — зазначае Паўлічэнка і дадае, што Гараўскі быў звольнены за дыскрэдытацыю высокага звання спецназаўца.
Ён зазначае, што ад імя асацыяцыі «Гонар» Гараўскаму некалькі гадоў аказвалася матэрыяльная дапамога. «Я праявіў спагаду да гэтага хворага чалавека, які загнаў сябе ў кут», — падкрэслівае былы спецназавец.
«І зараз прашу вас праявіць цярплівасць да хворага душой і целам Гараўскага. Нікому больш за сябе ён гэтымі выдуманымі «паказаннямі» не нашкодзіць. Час пакажа і рассудзіць», — падкрэслівае Дзмітрый Паўлічэнка.
Ён просіць ды папярэджвае людзей, якія не маюць да спецназу і ветэранскай арганізацыі ніякага дачынення, не рабіць ніякіх заяваў, не склікаць канферэнцый і іншых зборышчаў, а таксама не рабіць ніякіх укідаў у СМІ.
Каментары