«Яны стралялі ў спіну»: дачка Захаранкі сустрэлася з экс-байцом спецназу Юрыем Гараўскім
Праз 20 гадоў пасля знікнення экс-кіраўніка МУС Беларусі Захаранкі яго дачка сустрэлася з былым байцом САХРа Юрыем Гараўскім, які заявіў пра ўдзел у выкраданнях і забойствах, паведамляе Deutsche Welle.
Гэтай ноччу перад палётам у Цюрых Алена Захаранка амаль не спала. Бледная, яна выпіла за ранак жменю таблетак валяр'янкі. Алена стаіць перад дзвярыма, за якімі яе чакае былы сахравец Юрый Гараўскі.
Юры Захаранка рыхтаваў сям'ю да таго, што з ім можа нешта здарыцца, але сыходзіць з палітыкі ўсё адно не хацеў. Захаранка бачыў, што за ім сочаць. У адзін з дзён ён спецыяльна заехаў у тупік, адчыніў дзверы машыны, якая рухалася за ім, і сказаў: «Дрэнна працуеце, хлопцы». У аўтамабілі сядзелі зусім маладыя хлопцы, распавядаў ён потым жонцы і дзецям.
Праўда, палітык думаў, што яго арыштуюць, пасадзяць, але ніяк не заб'юць, перакананая яго дачка. Доўгі час пасля знікнення Захаранкі сям'я не верыла, што яго няма сярод жывых. «Самы жудасны стан быў, вядома, у маёй бабулі. 20 гадоў яна з надзеяй бегла да вакна, калі хтосьці грукаўся, думаючы, а раптам гэта ён. 20 гадоў! І калі яна памірала, апошнім яе словам было яго імя. Яна крычала: «Юра!», — успамінае Алена.
На сустрэчу з Аленай Захаранка Юрый Гараўскі пагадзіўся не адразу: баяўся, што яна на яго «накінецца, пачне вінаваціць». Але потым перадумаў: «У фільме (дакументальным фільме DW, знятым на аснове інтэрв'ю Гараўскага) яна сказала, што вінаваты не я, а сістэма. Так і ёсць. Мне было ў той час 20 гадоў. Я не ініцыяваў забойства яе бацькі». Ад гэтай думкі яму відавочна лягчэй — тое, што ён быў толькі вінцікам у сістэме, Юрый скажа ў гэты дзень яшчэ не раз: «Я ўжо на той момант разумеў, што гэта злачынства. Я разумеў, што калі буду маўчаць, то буду далей жыць. Таму маўчаў».
У рэдакцыю газеты Neue Zürcher Zeitung у Цюрыху, якая дала офіс для сустрэчы з Аленай, Гараўскі прыязджае першым. Перад уваходам у яго здаюць нервы — ён блытана просіць прасачыць, каб Захаранка трымала рукі на стале: «Ці мала — пранясе з сабой пілачку». Але з мэблі тут толькі крэслы, Алена і Юрый будуць сядзець у паўтара метрах адно ад аднаго ў прысутнасці некалькіх журналістаў. Парадак просты: і ён, і яна могуць спыніць размову ў любы момант.
Нарэшце, Гараўскаму паведамляюць, што Алена ўжо тут і стаіць за дзвярыма. У памяшканні павісае цяжкае маўчанне, здаецца, яна ніколі сюды не ўвойдзе. Але Алена заходзіць. Прыкметна напружаная, Захаранка ставіць на падлогу сумку, азіраецца па баках і сядае. Яна цяжка ўздыхае, падымае вочы і пачынае размову: «Вы бачылі бацьку майго апошнім. Я вам давяраю. Я веру ў ваш аповед».
Алена хоча ведаць усё — як вялося сачэнне за яе бацькам, як яго выкрадалі, забівалі. Гараўскі, гледзячы спадылба, пералічвае: вось так Захаранку схапілі, ззаду зашпілілі кайданкі, пасадзілі ў машыну галавой уніз паміж сядзеннямі. Моўчкі выехалі за горад — грала радыё. Дасталі з машыны, паклалі на зямлю, па сцверджанні Гараўскага, заснавальнік САХРа Дзмітры Паўлічэнка двойчы ў яго стрэліў. Пагрузілі ў багажнік на ўжо падрыхтаваную цырату, адвезлі ў крэматорый, спалілі…
— Вы казалі, што за бацькам вялося сачэнне.
— Мы проста прыязджалі да дома і глядзелі, дзе, хто, як будзе расстаўлены. Мы назіралі, супастаўлялі час яго прыезду, колькі ён ідзе ад стаянкі да дома. 10 хвілін. Вось у гэтыя 10 хвілін мы павінны былі ўкласціся. Але сам момант затрымання вашага бацькі, яго пагрузкі ў машыну — гэта было секунд 20-30.
— Што вы бачылі, ён быў адзін?
— Адзін раз ён стаяў і хвілін 10-15 размаўляў з ахоўнікам на стаянцы.
— Гэта праўда. Ён часта размаўляў з ім. Я доўгі час думала, што бацьку расчлянялі, рэзалі па частках …
— Не, не і яшчэ раз не. На ўсё пра ўсё сышло каля чатырох-пяці гадзін. Як вы думаеце, за гэты час можна забіць, спаліць цела, прыехаць на базу? Калі мы павінны былі катаваць вашага бацьку? І што мы павінны былі даведацца?
— У яго, напэўна, быў нейкі кампрамат.
— Гэтых фактаў я не маю, нам пра яго ўвогуле нічога не было сказана. Толькі «тут зарыентавацца», «тут прасачыць».
— Забіць чалавека, а потым гуляць, смяяцца… Кажуць, калі хочаш застрэліць, то толькі не глядзі ахвяры ў вочы...
— Ніхто і не глядзеў. Яго паклалі тварам уніз. Яму стралялі ў спіну, вашаму бацьку, як і Ганчару, і Красоўскаму. Ім усім стралялі ў спіну.
— А вы ведалі пра нашыя пакуты? Бачылі паведамленні ў прэсе? Чулі крык маёй бабулі?
— Каб засцерагчы сябе, не трэба гэта глядзець. Я чуў пра вашую бабулю, пра тое, што пра яе пісалі. Але не адсочваў.
— Вы ж яго захоплівалі, вы можаце сказаць, якога ён быў росту?
— Вось такога (паказвае на аператара, які стаяў за Аленай). Целаскладу добрага такога, жылісты мужык. І рукі досыць вялікія.
— Такія, як у вас …
Гутарка доўжыцца ўжо дзве гадзіны. З боку можа здацца, што гэта ветлівая размова малазнаёмых людзей, але змест яе жудасны. «А калі б з бацькам у той момант была мая мама, з ёй бы тое ж самае было?», — манатонна пытаецца Алена. «Хутчэй за ўсё, так», — ледзь памарудзіўшы, адказвае Юры. Пачуўшы ад яе аповед, як Захаранка заўважыў сачэнне, ён усміхаецца і з ходу выдае прозвішчы таварышаў па службе, якія тады «спалі». Гэтую гісторыю ён ужо чуў — ад іх саміх 20 гадоў таму.
У нейкі момант Гараўскі ўскрыквае: «Перапынак, перапынак!» і з цяжкасцю падымаецца з месца. Ад доўгага сядзення ў яго забалела праапераваная нага. Ужо стоячы, ён паказвае Алене карту: «Тут стрэльбішча Валоўшчына», «вось тут заезд», «Вось на гэтай дарозе забіты ваш бацька».
Алена просіць паглядзець ёй у вочы і паклясціся самым дарагім, што гэта праўда. «Клянуся здароўем сваёй дачкі», — імгненна рэагуе Гараўскі.
Сустрэча скончана. Выйшаўшы на вуліцу, Юрый закурвае, яго вочы блішчаць. «Я выціснуты, як лімон», — кажа ён. Яго злуе, што не змог адказаць на ўсе пытанні — ён ужо не памятае, у што быў апрануты Захаранка, як былі размешчаны дамы. «Я разумею, што я, можна сказаць, забойца іх бацькі, мужа, сына. Я не сказаў, што пераглядаў відэа ў СМІ, як іх бабуля хадзіла на могілкі і пра сына казала: «Я не ведаю дзе ты, што ты». Я гэта ўсё бачыў», — прызнаецца ён.
Алена сыходзіць у іншы бок. Яна спытала ў Юрыя ўсе, што хацела, і абсалютна ўпэўненая — Гараўскі не хлусіць. Вось толькі лягчэй ёй ад гэтага не стала: «Я глядзела яму ў вочы, і ён мне таксама. Я адчувала бязмежнае пачуццё віны з яго боку. Але гэта вельмі цяжка, цяжкі асадак. Мне цяжка гэта ўсё ўсведамляць, наогул пра гэта думаць», — тлумачыць яна. Алена Захаранка спадзяецца, што пасля прызнанняў у саўдзеле ў забойствах былы сахравец застанецца ў жывых. Спадзяецца, што ён яшчэ раскажа тое ж самае ў судзе. Гараўскі ёй сказаў, што да гэтага гатовы, гатовы і адседзець за гэтыя злачынствы. Але толькі не ў Беларусі — у Еўропе.
На пажаданне выспацца і ачуняць абодва — незалежна адзін ад аднаго — рэагуюць аднолькава. Ачуняць пасля гэтай гутаркі ні Юры Гараўскі, ні Алена Захаранка яшчэ доўга не змогуць.
Каментары