Вайна

«Глупства або здрада, магчыма, і тое і другое». Як здалі Херсон

Спецкар «Новай газеты» Алена Касцючэнка апублікавала новы рэпартаж з Украіны. Гэтым разам яна пабывала ў Херсоне і распавяла, як быў акупаваны гэты горад.

Херсон. Фота: Алена Касцючэнка / «Новая газета»

Херсон быў заняты расейскім войскам 3 сакавіка. Спачатку горад узялі ў кола: былі заняты навакольныя вёскі і аэрадром Чарнабаеўка. Потым расейскія вайскоўцы зайшлі ў горад.

Як бралі Херсон? «Глупства або здрада, магчыма, і тое і другое», — кажа былы губернатар Херсонскай вобласці Андрэй Гардзееў.

— Значыць, у нас ёсць чатыры лініі абароны.

Першая — перашэек паміж Херсонскай вобласцю і Крымам, ён увесь цалкам замініраваны павінен быў быць. І мне, дарэчы, сказалі, што за тыдзень да <…> яго размініравалі нейкага хера.

Далей — пагранцы, але задача пагранцоў не ўступаць у бой, а ўбачыць факт <…>, даць сігнал і адысці, адсунуцца і гэтак далей. Потым ужо — наша арашальная сістэма. Арашальная сістэма — яна праектавалася ў Савецкім Саюзе Міністэрствам абароны і Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Сама структура — як бы форма канала — не прадугледжвае яго перасячэння ніякім відам транспарту. У любым выпадку гэта ўскладненне руху. Гэта значыць, логіка такая: узрываюць масты, яны ўсе спыняюцца, і наша артылерыя <…>.

Потым трэцяя лінія абароны — гэта ўжо сам Дняпро. Да апошняга трымаецца Дняпро, мост Антонаўскі, калі што, ён узрываецца, і Херсон як бы наогул па-за ваеннымі дзеяннямі, моста няма, мы толькі ахоўваем лінію вады. Хер яго хто пяройдзе, той Дняпро. І апошняя лінія абароны — Кахоўскі плацдарм. Ідзе эвакуацыя Новай Кахоўкі, там высяляюцца людзі і трымаецца кахоўскі плацдарм. Там робяцца рэдуты, капаніры. На ўсё гэта адводзіцца суткі. Вось гэтыя суткі нам трэба было спыніць іх на ўваходзе. Не атрымалася.

Дзейны губернатар Генадзь Лагута, са слоў таварышаў па службе, у першы дзень вайны паклаў ключы на стол мэру са словамі: «Я ў гэтым не ўдзельнічаю», — і з'ехаў з рэгіёна.

Разам з ім — у першы дзень спецаперацыі — з'ехала кіраўніцтва паліцыі, пракуратуры, суды, крыху пазней эвакуіраваліся супрацоўнікі СБУ.

За Антонаўскі мост цераз Дняпро баі ішлі два дні. Мост спрабавалі падарваць двойчы, <…>. За іншы мост Херсонскай вобласці — Генічаскі аўтамабільны — аддаў жыццё інжынер асобнага батальёна матрос Віталь Скакун, які асабіста ажыццявіў падрыў.

Зяленскі прысвоіў яму званне Героя Украіны.

<…>

Тэрабарона — падраздзяленне ўзброеных грамадзянскіх для аховы стратэгічных аб'ектаў, аналаг народнага апалчэння — была арганізавана ў Херсонскай вобласці яшчэ ў 2016 годзе. Па словах Андрэя Гардзеева, перад падраздзяленнем не было пастаўлена задач, і пасля таго, як змяніўся ваенкам, у тэрабарону запісаліся многія ваенныя пенсіянеры — каб атрымліваць зарплату разам з пенсіяй.

— Пачалася вайна, а ў нас ніводнага блокпаста няма, ніводнага! Усе хочуць нешта рабіць, ніхто не ведае, што рабіць. Нікім ніхто не кіруе.

Я заходжу да гэтага камбрыга тэрабароны, кажу: «Дзіма, што такое?» Нават мапы Херсона ў яго не было на стале. Разумееш? Добраахвотнікі прыбягалі на працягу дня, стаялі каля ваенкамата, не ведалі, што рабіць.

Да іх ніхто не выходзіў. А 7-й гадзіне вечара падвезлі аўтобус, і іх павезлі ў сяло на Дняпранскае, дзе павінна была быць база тэрабароны.

А 7-й раніцы таго ж дня была нарада па абароне вобласці. Камбрыг кажа: «Хлопцы, <…>, мне патрэбен грузавік, забраць зброю са склада да сябе на базу». Тыя кажуць: «Усё добра, чакай, зараз будзе».

Ён тэлефануе а 8-й раніцы: «Дзе мой грузавік?» Кажуць: «Пачакай, зараз будзе». Якіменка ён тэлефанаваў, намгубернатара па абароне. Тэлефануе а 9-й раніцы, тэлефануе а 10-й раніцы — пачакай. А аб 11-й раніцы Якіменка яму адказвае: «Прабач, звярніся да мэра, таму што я ўвогуле цяпер далёка, у эвакуацыі».

То-бок, у той час, пакуль ён абяцаў транспарт, ён проста ўцякаў з адміністрацыяй разам.

Аб 11-й раніцы камбрыг ужо разумее, што ў яго няма машыны. І ён выпадкова даведваецца, што едзе машына са зброяй у Алёшкі — даганяе 59-ю брыгаду, якую там разбілі. Ён кажа: «Я яе спыняю і скідаю з яе 660 аўтаматаў з боекамплектамі». І ўсё, яна паехала. Добра, што хаця гэта ўзяў, бо машына не даехала, яе расхерачылі на дамбе. І з гэтай машыны выдаюць 400 аўтаматаў у першы дзень добраахвотнікам на Дняпранскім. На Антонаўскім мосце ідзе бой. Трэба ўзяць пад ахову мост — тыпу, усе туды. І яны пешшу недзе кіламетры тры пайшлі, на гэты Антонаўскі мост.

Прыйшлі туды, там ноч ужо была, глухая ноч. Па іх <…>, яны ўбачылі кішкі і як драпаку далі! Недзе палову аўтаматаў вярнулі, палова так прапала. Як і людзі. Ну, у сэнсе, недзе залеглі на дно, забаяліся.

Гэта было ноччу з 24-га на 25-га.

У выніку ў яго засталося 220 аўтаматаў. У камбрыга. Я ім прывёз каля 50 «мух» (РПГ-18 «Муха». — Рэд.), тут жа стаяў аўтобус, пагружаны з гэтымі хлопцамі, кіпеж такі. Мы прыйшлі, багажнік адчынілі, тамака «мухі» ляжаць. «Дзецюкі, можна?» Камбрыг кажа: «Так, вазьміце». І мы, карацей, палову «мух» ім аддалі. Яны ў цэлафане. І там вось на кадрах [відэа з загінуўшымі байцамі тэрабароны] ёсць: яны так у цэлафане і ляжаць.

І іх камбат завозіць у аўтобусах з кактэйлямі з гэтымі і «мухамі» ў Бэзавы парк. Каб прадухіліць наступ рускіх з боку Камышан. Калі б людзі былі крышачку больш падрыхтаванымі, то гэтай бы трагедыі не адбылося. <…> Але людзі былі проста мяса. За ідэю. Толькі ў Бэзавым парку загінула 36 хлопчыкаў і дзяўчатак. Іх <…>. Бацюшка наш херсонскі пахаваў 67 хлопцаў з тэрабароны, неапазнаных, сам. Яны проста як сабакі, на 20 сантыметрах глінай прысыпаны, без трунаў, без нічога!

Вось бацюшка іх усіх пафатаграфаваў, нумарацыю зрабіў, зрабіў у тэлеграме закрыты чат. Пераможам, кажа, потым будзем іх усіх даставаць.

Бэзавы парк. Дрэвы пашкоджаны кулямётным агнём. Месца гібелі 36 чалавек з тэраабароны Херсона. Фота: Алена Касцючэнка / «Новая газета»

Херсонскі журналіст Канстанцін Рыжэнка расказвае:

— Намеснік кіраўніка аблрады проста публікаваў такія тыпу вясёлыя публікацыі аб тым, што ўсё будзе добра. І людзі былі ў поўнай упэўненасці, што ў нас ёсць тэрытарыяльная абарона, што ў вайскоўцаў ёсць нейкі хітры план, што мы зараз вось іх завабім на нейкія ключавыя падыходы, закідаем кактэйлямі Молатава, потым з-за нейкага кута вынырнуць нашы вайскоўцы, <…>. Ну, такая як бы эйфарыя ў людзей, якія рэальна не былі на «спецаперацыі». Я таксама ў нейкай меры ў гэта верыў, таму што я гляджу на досвед іншых гарадоў. Там яны прыцягнулі шыны, мяшкі з пяском, неяк трымаюцца. Відаць, што аказваюць супраціў. Я такі думаю: «Клас, а мы таксама!»

А ў выніку аказалася, што тэрабарона сабрала ўсяго толькі 200 чалавек, у першы ж дзень вывезлі іх кудысьці, яшчэ нават вораг не перайшоў мост, далі ім адзін аўтамат на пяць чалавек, жменю патронаў, і ўсе сказалі: сядзеце, чакайце. Нічога не адбывалася. Ім там нейкія фізічныя практыкаванні даюць, ледзь не адцісканні і бег. Потым яны суткі там праседзелі, прыехалі гэтыя вайскоўцы, кажуць: «Слухайце, давайце ідзіце дадому». Потым праз два дні сказалі: «Вяртайцеся».

Прыехала адна маршрутка. 20 чалавек размясцілася. Усім астатнім сказалі: «Усё, ідзіце дадому».

Людзям сказалі: «Ідзіце дадому», людзі зразумелі, пачулі гэта як «мы здаём горад» і вырашылі, што хрэн вам, а не здача горада. Вось неяк так самаарганізаваліся. І загінулі.

Як зараз жыве Херсон пад акупацыяй, чытайце тут.

Каментары

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА8

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →