Культавы серыял «Сэкс у вялікім горадзе» будзе перакладзены на беларускую мову. І самае цікавае, што прэтэндаваць на ўдзел у праекце могуць не толькі прафесіяналы, але і ўсе беларускія прыхільнікі серыяла!
Сёння — апошнi (!) дзень, калі можна даслаць свой варыянт агучкі любімых персанажаў, каб паўдзельнічаць у кастынгу (правілы чытайце ніжэй).
Мы падрыхтавалі адмысловы тэст, прысвечаны серыялу і яго героям. Праверце, ці добра вы ведаеце, што такое «Сэкс у вялікім горадзе».
Каб усе мы як мага хутчэй убачылі і пачулі, як чатыры добрыя сяброўкі дзеляцца адна з адной сваімі сакрэтамі на беларускай мове, пакутуюць ад разбітага сэрца і немагчымасці трапіць у модны рэстаран, абмяркоўваюць туфлі і мужчын, плачуць і смяюцца, трэба адшукаць чатырох дзяўчат і двух маладых людзей.
Правілы ўдзелу ў кастынгу:
- Вырашыце, каго з галоўных герояў серыяла (аднаго, некалькіх ці ўсіх адразу — абмежаванняў няма!) вы хацелі б агучыць: Кэры, Міранду, Саманту, Шарлоту, Стэнфарда ці Містэра Біга.
- Перайдзіце па спасылцы, дзе змешчаныя фрагменты тэксту кожнага з герояў.
- Зачытайце абраны ўрывак на відэа.
-
Да 21 лютага ўключна змясціце відэа ў сторыз свайго Instagram-акаўнта, адзначыўшы афіцыйны акаўнт Voka (@vokatv).
- Не забудзьце адкрыць доступ да акаўнта і публікацыі на час папярэдняга адбору ўдзельнікаў.
- Чакайце запрашэння на кастынг!
Далей да працы далучыцца журы ў складзе прадстаўнікоў Voka, а таксама гукарэжысёраў студыі дубляжу і закадравай агучкі 13studio. Сябры журы вырашаць, хто з ўдзельнікаў першага этапу праходзіць далей — на жывое праслухоўванне ў студыі гуказапісу. Яны будуць ацэньваць канкурсантаў па такiх крытэрах як валоданне рыторыкай, адпаведнасць вобразу героя, артыстызм і чысціня голасу. Важнай умовай будзе і наяўнасць у прэтэндэнтаў магчымасці аддаць 1-2 дні працы ў студыі над агучкай свайго персанажу.
Пераможцы другога этапу і падораць свае галасы героям пiлотнай серыi «Сэксу ў вялікім горадзе» па-беларуску. Прэм’ерны паказ першага сезона ў беларускай агучцы адбудзецца ўжо ў сакавіку!
Комментарии