З Масквы. Блог Алеся Чайчыца4444

Рада БНР як найстарэйшы існуючы беларускі палітычны інстытут

Толькі тая беларуская ўлада будзе сапраўды легітымнай, мець канчатковае маральнае і гістарычнае права рэпрэзэнтаваць Беларусь, якой Рада БНР перадасць свой мандат.

У заканчэнне тэмы юбілею БНР, які святкаваўся і працягвае святкавацца на гэтым тыдні — пра сучаснасць.

Вайсковая адзінка лічыцца не знішчанай, пакуль не знішчаны яе баявы штандар, нават калі перабіты ўвесь асабовы склад. Надзея на беларускую нацыянальную дэмакратычную дзяржаўнасць, канкрэтны вобраз гэтае дзяржаўнасці жыве і працягвае жыць дзякуючы таму, што існуе Рада БНР у выгнанні, захавацелька мандата гістарычнага Усебеларускага з’езда 1917 г. і трох Устаўных грамат 1918 г., якія ўпершыню абвесцілі пра стварэнне незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Рада БНР на сённяшні дзень —

не проста самы стары ў свеце «ўрад у выгнанні».
Гэта самы стары дзеючы беларускі палітычны інстытут, які захаваў свае функцыі. Палітычным партыям у Беларусі ад сілы 20–25 гадоў. Лукашэнкаўскім органам улады — ад сілы дзевятнаццаць. Нават псеўдавыбарныя райсаветы і аблсаветы (пагатоў на захад ад Менска) — маладзейшыя за Раду БНР.

Рада — гэта тое, што рэальна злучае нас хоць з нейкай несавецкай традыцыяй беларускай дзяржаўнасці і ўвогле з нашай уласнай гісторыяй. Пажыўшы на Захадзе, разумееш, што гэта нармальна, калі інстытутам, грамадскім арганізацыям, фірмам і сямейным маёнткам можа быць па сто, дзвесце, трыста гадоў.

У пакамечанай войнамі і савецкай уладай Беларусі з дасавецкіх інстытутаў больш-менш нязменным застаўся хіба Касцёл,
улічваючы, што нават Расійская Праваслаўная Царква у сваёй сённяшняй форме існуе толькі з 1943 года.

Расійскія белагвардыйскія эмігранцкія арганізацыі дэ-факта вымерлі. Відаць, апошнія свае гады ў больш-менш самастойнай якасці дажывае Расійская праваслаўная царква ў замежжы. Надзеленая аналагічным з Радай БНР гістарычным і маральным (хаця і не юрыдычным) мандатам расійская белая эміграцыя перастала быць палітычным фактарам, гістарычная дызарыентацыя сучаснай Расіі чым далей, тым робіцца глыбей.

Беларусам пашанцавала ў гэтым трошкі больш,

наша «антысавецкая» эміграцыя і яе асноўныя інстытуты працягваюць існаваць, папаўняць свае шэрагі за кошт новых эмігрантаў, трансляваць свае каштоўнасці на беларускае грамадства. Спадчына гэтае эміграцыі аказала на працэсы ў беларускім грамадстве большы ўплыў,
чым нашмат больш шматлікая і ўплывовая расійская дыяспара — на працэсы ў Расіі. І гэта пры тым, што да беларускага грамадства дайшла пакуль толькі невялічкая частка эміграцыйнай культурнай і інтэлектуальнай спадчыны.

З фармальна-юрыдычнага пункту гледжання, ані Беларусь, ані Расія пасля Лютаўскай рэвалюцыі і сыходу манархіі так і не правялі свае дэмакратычныя Ўстаноўчыя сходы (у Беларусі ён меўся называцца «Устаноўчы сойм»), якія павінны былі вызначыць далейшы канстытуцыйны лад у краінах.

У Расеі ўладу ў 1917 г. захапілі бальшавікі, разагнаўшы дэмакратычна абраны Ўстаноўчы сход (Учредительное собрание). Скончылася бальшавіцкая дыктатура ў Расіі рэформамі «зверху», дэкамунізацыяй 1991 г. і дэсаветызацыяй 1993 г., з навязанымі грамадству выбарамі і новымі правіламі. Па факце познесавецкая эліта ўладу са сваіх рук так і не адпусціла — кіраваць краінай засталіся камсамольскія важакі і афіцэры КГБ, проста зняўшы камуністычную шыльду і звязаныя з ёй абмежаванні.

У Беларусі і за тое горш:

з 1919 па 1991 гады краіна была пад савецкай акупацыяй, а пасля гэтага акупацыйная адміністрацыя плаўна ператварылася ў посткаланіяльную ўладу Лукашэнкі.
Нават «Вярхоўны Савет» Рэспублікі Беларусь 1990—1996 гг. заставаўся посткаланіяльнай і постакупацыйнай структурай, нягледзячы на тое, што туды ўдалося трапіць незалежнікам з Беларускага Народнага Фронту. Ды
мы нават ужо і не звяртаем увагу на тое, наколькі самая гэтая назва, «Вярхоўны» «Савет», ненатуральна і чужа гучыць на беларускай мове.

Сённяшняя

Рада БНР — наша калектыўная «брытанская каралева»:
яна не прэтэндуе на рэальную ўладу ў краіне, але толькі тая ўлада будзе сапраўды легітымнай і законнай і мець маральнае і гістарычнае права рэпрэзэнтаваць Беларусь, якой Рада перадасць свой мандат. Гэта адчувалі савецкія акупанты, гэта адчуваў Кебіч, які ў пачатку 90-х актыўна імкнуўся да таго, каб Рада склала паўнамоцтвы на карысць уладаў незалежнай Рэспублікі Беларусь. Гэта адчувае і Лукашэнка.

Ва ўмовах дэградацыі і дэмаралізацыі беларускай апазіцыі Рада БНР — гэта, бадай што, адзіны беларускі палітычны інстытут, які застаўся варты даверу і безумоўнай падтрымкі ў сілу сваёй важнай гістарычнай сімвалічнай місіі.

Каментары44

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?25

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Пірог з хурмой — рэцэпт4

Абхазскі кіраўнік Бжанія пакінуў Сухумі4

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?25

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →