Чаму Рада БНР мае рацыю наконт санкцый
Пакуль няма вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў, пра касаваньне санкцый ня можа быць ніякіх нават размоваў, мяркуе Алесь Чайчыц з Масквы.
Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выступіў з заклікам пашырыць сьпіс лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, у дачыненьні да якіх прымяняюцца візавыя санкцыі. У прыватнасьці, прапануецца ўключыць у сьпіс неўязных ўсіх супрацоўнікаў лукашэнкаўскага рэпрэсіўнага апарата — КДБ, МУС, пракуратуры і іншых. Прычым зварот адрасаваны ня толькі ЕС і ЗША, а таксама Ўкраіне, Эгіпту і Турэччыне — папулярным у Беларусі турыстычным краінам. З чым, па-мойму, цяжка не пагадзіцца.
Але заява Рады БНР — не пра санкцыі. Заява — пра вызваленьне і рэабілітацыю ў правах палітычных вязьняў:
людзей, якія згодна з воляй Лукашэнкі супрацьзаконна сядзяць у турме. Сядязць не за тое, што яны ў кагосьці нешта скралі ці парушылі чыісь правы — а за тое, што ўяўляюць сабой найбольшую небясьпеку для Лукашэнкавай дыктатуры, бо, відаць, гэта нашмат больш сур’ёзныя палітыкі, чым тыя, хто знаходзіцца на воле і езьдзіць па Варшавах і Брусэлях. Ні за што болей.
Пакуль няма вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў — Міколы Статкевіча, Алеся Бяляцкага ды іншых — пра касаваньне санкцый ня можа быць ніякіх нават размоваў,
і хай члены вышэй памянёных арганізацый езьдзяць адпачываць на Менскае мора заміж Міжземнага.
Я бы, ведаеце, нават і расейскія ўлады хацеў бы заклікаць забараніць уезд усім гэтым людзям,
каб ня тое што Парыж з Турэччынай, але нават курорты Краснадарскага краю для іх былі зачыненыя.
Тыя, хто заклікае да касаваньня санкцый (пагатоў такіх сымбалічных — візавых) — гэта людзі, якія хочуць, каб Лукашэнку прынялі на Захадзе і каб ён заплаціў за гэта як мага меншую цану. Асабіста я хачу, каб гэтая цана была як мага большай.
Магчыма, нехта з тых, хто абараняе Лукашэнку ня дзеля сваіх прафэсійных абавязкаў, а сьвядома, лічыць, што дыктатарскі рэжым, які сябруе з Захадам (у адказ на тое, што Захад не патрабуе дэмакратычнай трансфармацыі) — гэта лепш, чым дыктатарскі рэжым, які не сябруе з Захадам і ад таго вымушаны шчыльней узаемадзейнічаць з рознымі цэнтральнаазіяцкімі дыктатурамі (некаторыя групоўкі ў некаторых зь якіх квапяцца на беларускую незалежнасьць як такую).
Я й сам ня супраць таго, каб Лукашэнка пайшоў на Захад і каб яго там прынялі. Але я хачу, каб гэта суправаджалася хаця б (!) вызваленьнем незаконна пасаджаных у турму людзей (пра выплату ім кампэнсацый пакуль прамаўчым) і правядзеньнем нармальных дэмакратычных выбараў.
Бо гэта не капрыз мяне, Рады БНР ці Захаду. Гэта аб'ектыўна мінімальныя неабходныя ўмовы для пачатку трансфармацыі Беларусі ў нармальную краіну.
Каментары