З Масквы. Блог Алеся Чайчыца1212

Прэмія Дарвіна для Расейскай Фэдэрацыі

Для вайны на ўсходзе Ўкраіны не было аб'ектыўных прычынаў. З Масквы піша Алесь Чайчыц.

Для вайны на ўсходзе Ўкраіны не было аб'ектыўных прычынаў. Больш за тое, гэтая вайна прыносіць Расеі, магчыма, нават большую шкоду, чым Украіне. Навошта яе было распальваць - «умом не понять».

Яшчэ год таму ніхто ў Расеі не патрабаваў ніякага гвалтоўнага «ўзьяднаньня» Крыма з РФ. Ніхто, акрамя маргінальных палітычных груповак, ня марыў пра танкі на Данбасе і вайну супраць Украіны.

Дый у самой Украіне, якімі ні былі б напружанымі стасункі палітычных сілаў, гвалт абмяжоўваўся дракамі ў Вярхоўнай Радзе.

А цяпер увесь гэты дурны сон - вайна Расеі і Ўкраіны ў пачатку 21 стагодзьдзя - стаўся рэальнасьцю.

«Ніколі яшчэ расейскі жаўнер ня быў акупантам — і вось цяпер ізноў», — перафразаваў адзін сябар вядомы афарызм Віктара Чарнамырдзіна.

Можна з нацяжкай уявіць сабе, што расейска-грузінскае вайны 2008 года пазьбегнуць было немагчыма або складана. Тую кароткую вайну можна разглядаць як працяг доўгага старога канфлікту, завадатарам у якім, магчыма, была ня толькі Расея, але і, дапусьцім, рэальна існуючыя асэтынскія сэпаратысты. На сэкунду прадставім сабе, што гэта так.

З вайной ва ўсходняй Украіне ўсё іначай: яна за некалькі месяцаў распаленая прапагандай абсалютна на пустым месцы, без аніякіх для яе аб'ектыўных прычынаў. Магчыма, адыгралі ролю чыісьці эмоцыі ад Эўрамайдану, ад няўдачы ўжо другой пасьля 2004 года спробы навязаць Украіне постсавецкі аўтарытарны рэжым. І ў гэтым асаблівая трагічнасьць цяперашніх падзеяў.

У Расеі няма шанцаў перамагчы ў гэтай вайне.

Нават калі ўявіць, што «Наваросія» разрасьцецца да Дняпра ці што РФ юрыдычна прызнае чарговую Паўднёвую Асэтыю з сталіцай у Данецку, гэта будзе азначаць 

па-першае, партызанскую вайну ў тыле расейцаў.

Паглядзіце на баявы дух людзей з Марыюпалю ці на «сафары» харкаўскіх вэтэранаў савецкае арміі па зоне ваенных дзеяньняў.

Увесь энтузіязм Майдану ўжо цяпер скіраваны супраць пуцінскай Расеі.

Па трапным вызначэньні аднаго ўкраінскага камандзіра, расейска-ўкраінская вайна — гэта вайна паміж расейскай дзяржавай (пры паралізаваным расейскім грамадзтве) супраць украінскага грамадзтва (пры паралізаванай украінскай дзяржаве). Матывацыя ўкраінцаў - нацыянальна-вызваленчая барацьба.

Па-другое, калі Расея ня спыніць атаку на Ўкраіну, Захад пачне сапраўдную «Халодную вайну» супраць РФ.

А Захад гэтую вайну ўжо аднойчы ваяваў і аднойчы ў ёй ужо перамог. Прычым тады яму супрацьстаяў моцны мілітарызаваны савецкі блёк, а не адна-адзіная карумпаваная рэгіянальная сыравінная дзяржава зь непараўнальна слабейшым, чым у СССР, ваенным і эканамічным патэнцыялам і з насельніцтвам, якое ня мае сур'ёзнай ідэалягічнай матывацыі супрацьстаяць Захаду. Насельніцтвам, якое, у дадатак, будзе цьверазець з кожным новым «грузам-200», што прыбудзе ў расейскую глыбінку з Украіны.

Ужо можна прынамсі сказаць, што заходнія санкцыі супраць Расеі хутчэй за ўсё будуць пашыраныя і яшчэ мацней удараць па расейскай эканоміцы, якая і без таго напачатку года стаяла на парозе крызісу.

Акрамя санкцый, Расея ўжо сталася абцяжараная безнадзейна датацыйным Крымам і ваеннымі выдаткамі.

У выпадку замацаваньня «Наваросіі» нават у мінімальных межах (што расцэньвалася б як дыпляматычная і вайсковая перамога Расеі) да гэтага дадасца фінансаваньне і гэтае тэрыторыі.

Таму шлях, па якім зараз ідзе Расея, такі: санкцыі, потым параза ў вайне і эканамічны крызіс, потым палітычны крызіс.

Пытаньне толькі ў тэрмінах і ў жорсткасьці: чым дольш усё гэта працягнецца, тым горшымі, напэўна, будуць наступствы.

Выдужаць яшчэ адну бессэнсоўную, цалкам на пустым месцы і без аніякай патрэбы разьвязаную каляніяльную вайну Расеі няма як. Ня памятаю, ці бывала ўжо так, каб Дарвінаўскую прэмію давалі цэлай краіне — але мы з вамі сьведкі зьяўленьня годнага прэтэндэнта на гэта.

Што ва ўсім гэтым для Беларусі? Тут і рызыкі, калі ў эўфарыі або ад адчаю Крэмль захоча, нарэшце, рэалізаваць аншлюс Беларусі. Але тут і магчымасьці, калі ўсьведамляючы пагрозу аншлюса і свайго, у яго выніку, зьнікненьня сучасныя менскія ўлады пойдуць на нейкі прадуктыўны дыялёг з Захадам. У любым выпадку

для Беларусі — і тут і грамадзтва, і Лукашэнка ці не ўпершыню апынаюцца «ў адным чаўне» — гэта шанец выйсьці з самаізаляцыі і скончыць доўгі пэрыяд пасьлясавецкага застою.

А гэта хутчэй добра, чым дрэнна.

Каментары12

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА8

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →