Бо вуліцам у цэнтры беларускіх гарадоў трэба вярнуць іхныя старажытныя назвы, мяркуе Алесь Чайчыц.
Асабіста я лічу, што назваць імём Быкава вуліцу на ўскрайку — гэта абсалютна слушнае рашэньне. І гэта рэдкі выпадак, калі з рашэньнем уладаў, якое тычыцца гісторыі і тапанімікі, я згодзен.
Вуліцы ў цэнтры любога старажытнага гораду маюць свае гістарычныя назвы, якія павінны быць павернутыя і якія павінны застацца на вечнасьць.
У Менску гэта вуліца Францішканская замест «вуліцы Леніна», вуліца Падгорная замест «вуліцы К. Маркса», вуліца Вялікая Бэрнардынская замест «вуліцы Кірыла і Мяфодзія», і многія іншыя.
За наступную тысячу гадоў, будзем спадзявацца, у Беларусі зьявіцца яшчэ тузін такіх пісьменьнікаў і іншых мастакоў, як Быкаў. І што, усе вуліцы ў іх гонар паперайменаваць?
Бязглузьдзіца гэтая пайшла з савецкага часу. У Расеі, вось, ёсьць горад Пушкін каля Санкт-Пецярбурга. І мне цікава: ці згадзіўся б сам Аляксандр Пушкін, каб ягонае ўлюбёнае і праслаўленае ім Царскае Сяло празьмерна ўдзячныя нашчадкі перайменавалі ў «Пушкін»?
Незадаволеныя гарадзенскія актывісты хочуць назваць імём Быкава старажытную вуліцу, якая, канечне, не павінна называцца вуліцай Сьвярдлова, але павінна называцца вуліца Баніфратарская.
З такім жа посьпехам яны маглі б прапаноўваць перайменаваць усю Гародню ў Быкаўск або раку Нёман у раку Быкаўку ці Фарны касьцёл у касьцёл імя Быкава. Не, ну а што, вялікі ж пісьменьнік?
Гэтаксама ў Менску нейкія палітыканы дзеля набыцьця сабе рэйтынгу ў свой час прапанавалі назваць у гонар Быкава старажытную вуліцу Ульянаўскую (былую Вясёлую і Ніжне-Ляхаўскую) — і гэта было б такім жа злачынствам супраць горада і ягонай гісторыі, як і перайменаваньні, зьдзейсьненыя камуністамі.
Змагацца трэба не за тое, каб цэнтральную вуліцу перайменавалі ў гонар хоць Быкава, хоць Вітаўта. Змагацца трэба за сапраўдную гісторыю і душу свайго гораду — за спрадвечныя гістарычныя назвы ягоных вуліцаў.
Каментары