Не вучыце Еўропу, што ёй рабіць
Мы мусім перадусім самі вучыцца з сытуацыі вакол расстрэла рэдакцыі Charlie Hebdo, піша Алесь Чайчыц.
Тэракт у Францыі зноў падняў буру ў нашым мэдыя-полі: кожны паўадукаваны дзеравенскі мысьляр што з Масквы, што зь Менску пачувае сябе ў праве выказацца па тэме.
Трошкі больш прагрэсіўныя заклікаюць мачыць чурак в сарціре, трошкі менш прагрэсіўныя наракаюць на разбэшчанасьць ліберастаў-карыкатурыстаў (дарэчы, а ці вы бачылі іхную калядную карыкатуру на Езуса й Марыю? Ото ж!)
Чаму мяне навучыў 2014 год, дык таму, што вось гэты
выкрывальніцкі антыталеранцкі дыскурс, калі постсавецкія паўадукаваныя люмпэны кшталту ўсіх нас з вамі пачынаюць вучыць Эўропу талерантнасьці або неталерантнасьці, — гэта сьмех і карыкатура.
Ведаеце, ніводзін чалавек, за плячыма якога маецца толькі савецкая ці постсавецкая гуманітарная або эканамічная адукацыя, ня мае права называць сябе інтэлектуалам. Нават калі ён мае тытул кандыдата навук, вядзе сэмінары і напісаў стос якіхсь пустых кніжак са сфармуляванымі мудрагелістымі словамі банальнасьцямі.
У СССР не было гуманітарнае навукі і гуманітарных ведаў як такіх. Была толькі камуністычная ідэалёгія, і нічога болей. У СССР не было журналістыкі і публіцыстыкі, а была толькі прапаганда: выпускнікі журфакаў што МГУ, што БГУ могуць спакойна распальваць сваімі дыплёмамі вогнішча. У СССР не было філязофіі, не было гісторыі, не было права. У СССР ні ў якой, нават марксісцка-ленінскай форме, не было паліталёгіі і сацыялёгіі. У СССР не было і навукі эканомікі, а былі вартыя жалю фантазіі.
І пасьля распаду СССР гуманітарнай навукі і адукацыі ў Расеі і Беларусі яшчэ не зьявілася.
Я штодзень назіраю ў Маскве разумных людзей з бліскучымі матэматычнымі мазгамі, выбітных бізнэсоўцаў і мэнэджэраў — з грамадзянскай сьвядомасьцю і палітычнай культурай на ўзроўні вучня сярэдняй школы. У Беларусі справы яшчэ горш.
Гэта бяда, і каб яе пераадолець, нам патрэбныя гады для яе хаця б усьведамленьня і дзесяцігодзьдзі для прагрэсу па яе выпраўленьню.
Паміж намі і Эўропай у пляне асэнсаваньня такіх матэрый, як іміграцыя, мультыкультуралізм, узаемадзеяньне культураў - прорва,
у тым ліку і праз той аб'ектыўны факт, што ў Беларусі, Украіне ці Расеі няма такое зьявы, як масавая мусульманская іміграцыя з Афрыкі і Азіі.
У 90-я гады многія маладыя постсавецкія людзі цікавіліся танчыкамі і агнястрэльнай зброяй, чыталі Толкіена, потым займаліся праваслаўем і арагантна крытыкавалі Эўропу за гей-шлюбы і нібы засільле мусульманаў. У той час, калі іхныя бацькі — з такой прасунутай і нібы самай чытаючай савецкай нацыі — глядзелі Кашпіроўскага, галасавалі за Жырыноўскага і разважалі пра змовы масонаў і іншаплянэтнікаў.
І да 2014 года, да анэксіі Крыма і вайны ў Данбасе, гэта можна было расцэньваць як бяскрыўдныя праявы нашага даганяючага постсавецкага інтэлектуальнага разьвіцьця. Больш за тое, усё вышэй апісанае тычыцца і іншых усходнеэўрапейцаў, напрыклад, палякаў або вугорцаў.
Але ў 2014 гэтыя постсавецкія гарадзкія лятэнтныя фашысты-рэканструктары-мадэлісты паехалі ў Данбас ваяваць супраць піндосаў, паверылі ў «кіеўскую хунту» і сьвятасьць Путіна; у тое, што рэйс MH17 зьбілі ўкраінцы, а абвал расейскага фондавага рынку - сродак танна выкупіць у замежных інвэстараў расейскія акцыі. Усё нашае дзікунства і барбарства, уся маральная і інтэлектуальная дэградацыя апошніх дваццаці (ці ўсіх дзевяноста?) гадоў вылезла вонкі і набыла ганебную і небясьпечную форму.
Так што сваімі справамі давайце лепш займаймася і ў сябе дома навучымся хоць трошкі хоць каго талераваць, перш як раздаваць Эўразьвязу парады, што цяпер рабіць.
Адзінае, што мусім цяпер рабіць мы, гэта не заўзець за, панімаеш, Эўропу ў бітве з праклятымі мусьлімамі або кпіць з эўрапейцаў, якія, панімаеш, дагуляліся са сваёй хвалёнай талерантнасьцю.
Мы мусім перадусім вучыцца з гэтае сытуацыі і рабіць высновы непасярэдна для саміх сябе.
Пабачыць, што супярэчнасьці трэба вырашаць праз дыялёг і дэбаты, а не праз гвалт, кулакі, разгон дэманстрацый, цэнзуру і падлог на выбарах. Што крытыку трэба цярпець, нават несправядлівую. Што на парушэньні правоў трэба рэагаваць неадкладна, масава і супольна. Што яшчэ? ну дадумайце самі.
Каментары