Ці мусіць дыяспара прадаваць беларускія тавары? «Гэта было б прасцей, калі б за Беларусь перастала быць сорамна»
Уладзімір Макей зрабіў важную і прыемную заяву пра супрацу зь беларускай дыяспарай, нават адзначыўшы Зьезд беларусаў сьвету, які мае прайсьці ў 2017 годзе.
Вельмі радуе, што афіцыйная беларуская ўлада дэманструе намаганьні весьці дыялёг зь беларускай дыяспарай. і хаця застаецца шмат хібаў і праблемаў (закон аб суайчыньніках так і застаецца рамкавым, увядзеньня «карткі беларуса» не прадбачыцца, а дыялёг вядзецца перадусім з ідэйна блізкімі арганізацыямі), прагрэс у параўнаньні з сытуацыяй 10-гадовай даўніны ўсё ж ёсьць.
Але на галоўнай выказанай ім думцы, якая атрымала найбольшы рэзананс у СМІ — што дыяспара павінна спрыяць продажу беларускай прадукцыі — хацелася б засярэдзіцца асобна.
Неабыякавая частка беларускай дыяспары заўжды дзейнічала ў нацыянальных інтарэсах Беларусі.
Людзі, якія за 50 гадоў пасьляваеннага выгнаньня не капітулявалі і працягвалі ў, здавалася б, безнадзейных умовах спадзявацца на здабыцьцё Беларусяй незалежнасьці — большых патрыётаў Беларусі наўрад ці існавала і існуе ў сьвеце.
У Вялікай Брытаніі дыяспара дала беларускай амбасадзе яе першае памяшканьне ў прэстыжным раёне Лёндану. Людзі плакалі, калі над ёю падняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Дзяяч беларускай дыяспары ў Нямеччыне Юры Попка ў сваім тэстамэнце завяшчаў перадаць незалежнай Беларусі — «пад бел-чырвона-белым сьцягам» — ягоную кватэру ў мястэчку Ляймэн разам зь беларускім музэем, які там разьмяшчаўся.
Гартаючы падшыўку эмігранцкай прэсы бачыш, што беларусаў у ЗША з 25 Сакавіка віншавалі амэрыканскія прэзыдэнты і сэнатары, мэры буйных гарадоў. Перад ратушамі некаторых гарадоў Канады, ЗША, Вялікай Брытаніі на 25 Сакавіка ў знак павагі да Беларусі вывешваўся бел-чырвона-белы сьцяг.
Беларуская дыяспара напрацавала вялікі рэпутацыйны і лабісцкі капітал, які яны ў пачатку 90-х была гатовая перадаць на службу Беларусі.
Усё спынілася ў 1995—1996, пасьля ўсталяваньня ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму, аднаўленьня русіфікацыі і ператварэньня Беларусі ў міжнароднага ізгоя.
Амбасаду РБ у Лёндане ветліва папрасілі вызваліць памяшканьне, згубілі сэнс абмеркаваньні пэрспэктываў вяртаньня ў Беларусь Бібліятэкі імя Скарыны альбо перадачы ўладам Беларусі афіцыйнага мандату Рады БНР у выгнаньні.
Дыяспара і цяпер была б шчыра радая дапамагаць Беларусі і прадаваць прадукцыю, і прыцягваць замежных інвэстараў.
Толькі для гэтага сама беларуская дзяржава павінна зрабіць адпаведныя крокі насустрач.
І размова не пра фінансаваньне прыамбасадаўскіх дыяспараў — абапірацца ўвогуле трэба не на тых, хто хоча ад Беларусі грошай, а наадварот на тых, хто траціць свае ўласныя грошы, час і сілы на беларускую справу.
Проста зрабіце, нарэшце, так, каб Беларусь была краінай, за якую ня сорамна. Краінай, зь якой людзям хацелася б асацыявацца і якой людзям не хацелася б цурацца й выракацца.
Бо маем перад вачыма дзясяткі тысячаў былых беластоцкіх беларусаў, якія за апошнія дзесяцігодзьдзі сталі называць сябе «праваслаўнымі палякамі». Маем павальную асыміляцыю другога-трэцяна пакаленьня беларусаў у ЗША і Заходняй Эўропе.
І праблема ня ў гэтых усіх людзях, а ў тым, якой Беларусь стала ў выніку палітыкі апошніх дваццаці гадоў. А стала яна краінай, зь якой людзям хочацца мець як мага менш супольнага.
Вызвальце Эдуарда Пальчыса, скасуйце сьмяротнае пакараньне, правядзіце ўпершыню за 20 гадоў сапраўдныя празрыстыя дэмакратычныя выбары. Тады многія пацягнуцца да Беларусі — і грошы ў Беларусь пацягнуцца таксама, вось убачыце.
Каментары