Піша Антон Лявіцкі.
Пытанне аб тым, чаму распаўся СССР, — не проста даследчая тэма. Гэта таксама непасрэдная частка палітычнай барацьбы. Найбольш папулярны адказ на яго унёс свой уклад у фарміраванне той Расіі, якая сёння нястрымна «ўстае з кален».
Сяргей Плахі, вядомы беларускаму чытачу па перакладзенай выдавецтвам ARCHE кнізе «Рускі Вавілон», у 2014 г. выдаў кніжку, прысвечаную распаду Савецкага Саюза. Пад гаваркім загалоўкам «Апошняя імперыя» хаваецца разгляд апошніх месяцаў гэтай дзяржавы — ад маскоўскага саміту ў канцы ліпеня 1991-га (абмяркоўвалася далейшае раззбраенне дзвюх дзяржаў) і да спускання чырвонага сцяга над Крамлём 25 снежня 1991 г.
Ідэя аўтара — паказаць распад вялікай дзяржавы, улічваючы як мага большую колькасць пунктаў гледжання. Традыцыйна распад СССР паказваецца ў замежжы як процістаянне двух асноўных цэнтраў сілы: расійскага кіраўніцтва на чале з Ельцыным і саюзнага цэнтра, кіраванага Гарбачовым.
Плахі не пагаджаецца з такім падыходам і ўключае ў сваё апавяданне таксама прэзідэнта ЗША — Джорджа Буша-старэйшага — і кіраўніка Украіны Краўчука. У меншай ступені адлюстраваная пазіцыя кіраўніка кампартыі Казахстана, Нурсултана Назарбаева. Астатнім рэспублікам надаецца зусім малая вага, хаця ў Станіслава Шушкевіча аўтар увогуле браў інтэрв’ю для кнігі.
Ужо гэта праясняе пытанне аб тым, якую ролю ў распадзе СССР адыграла Беларусь.
БССР стала фармальна незалежнай краінай 25 жніўня — усяго на дзень пазней за паўднёвую суседку, што можна трактаваць як фантастычнае дасягненне Народнага Фронту. Аднак якасць беларускай самастойнасці была надзвычай нізкай, пра што дэталёва пісаў Навумчык. Гэта выражалася нават на сімвалічным узроўні: БССР змяніла назву і сімвалы толькі 19 верасня — Украіна зрабіла гэта адначасова з абвяшчэннем незалежнасці. Яшчэ ў снежні 1991-га Кебіч і Шушкевіч трывала звязвалі палітычную будучыню краіны з Масквой.
Іронія гісторыі палягае ў тым, што 8 снежня абодва беларускія кіраўнікі спрычыніліся да ліквідацыі Саюза, а Шушкевіч разам з Краўчуком і Ельцыным увайшоў у гісторыю як «белавежскі зубр». Пра далікатнасць усёй гэтай гісторыі трапна пісаў у свой час Віталь Сіліцкі: «Савецкі Саюз распаўся насуперак волі беларускай палітычнай эліты (хоць і пры ўдзеле яе тагачасных лідараў, якія памылкова прынялі СНД за новую форму саюза)». Аб тым, як паводзіўся ў часе сустрэчы Шушкевіч, падрабязна пісаў кіраўнік беларускага МЗС Пятро Краўчанка.
Роля беларускіх палітыкаў у распадзе СССР сапраўды несувымерная з тым унёскам, які ў гэты працэс зрабіў украінскі прэзідэнт. Апошні паслядоўна прытрымліваўся курсу на незалежнасць сваёй краіны.
Для Беларусі распад Савецкага Саюза ў немалой ступені заставаўся незаўважаным фактам: яшчэ ў 1996-м для Шарэцкага Масква была свайго роду цэнтрам свету. Урад Кебіча яшчэ доўгі час інерцыйна праводзіў эканамічную палітыку, распрацаваную ўвосень 1990-га. Гісторыя з беларускай грашовай сістэмай («разліковыя білеты Нацыянальнага банка», а не паўнацэнная валюта) і з заснаваннем беларускага войска, якое стала пераносілася на пазнейшыя час, былі праявамі гэтай разгубленасці і непадрыхтаванасці.
* * *
Але пытанне аб распадзе СССР — гэта балючае пытанне «чаму». Вялікая колькасць людзей, сутыкнуўшыся з цяжкімі выклікамі постсавецкай эпохі, пачалі сумаваць па сытым жыцці ў брэжнеўскія гады. Асабліва гэта тычыцца Беларусі, бо традыцыйна лічыцца, што жыццёвыя стандарты ў БССР былі асабліва высокія.
Вобраз Халоднай вайны, вечна варожага Захаду ўжо ў 1990-х паступова пераўтварыўся ў асноўную — калі ўвогуле не адзіную — прычыну «разбурэння такой дзяржавы». Анекдатычная кар’ера «плана Далеса» — адвольнай камбінацыі, апублікаванай у СССР у 1970-х гадах і шырока распаўсюджанай з 1990-х, — добры індыкатар гэтых працэсаў.
Сёння не толькі на ток-шоу БТ (у выкананні шумных малаадукаваных «палітолагаў» накшталт Вадзіма Баравіка), але і на некаторых навуковых канферэнцыях можна пачуць разважанні аб «плане Далеса», ягонай гістарычнай ролі і тых уроках, якія з гэтага трэба атрымаць.
Між тым аб сапраўдным паходжанні гэтага «гістарычнага факта» кожны ахвотны можа прачытаць проста ў рускай вікіпедыі. Там растлумачана, што гэты «план» — кампіляцыя фрагментаў мастацкага рамана аднаго савецкага пісьменніка, які пабачыў свет у 1981-м. Вось і ўся жудасная гісторыя.
* * *
Аднак ЦРУ, масоны, «антыславянскі Захад» і падобныя вобразы занялі сваё месца ў масавай свядомасці, і не толькі. Варта толькі звярнуць увагу на дзённік беларускага пісьменніка Івана Шамякіна. Ён балюча перажываў крах СССР і кампартыі, застаючыся верным ленінцам. Паступова ён нават пачынае сумнявацца: ці не быў супрацоўнікам амерыканскіх спецслужбаў сам Гарбачоў? У гэтым ягоныя сумневы жывіў іншы адэпт тэорый змоў: «Я не веру абвінавачванню «агент ЦРУ». Не хочацца верыць — першая асоба! A міжнароднік, глыбокі палітык Эдуард Скобелеў даказвае, што i такое магчыма: не ЦРУ напрамую, дык масонскай ложы ці іншай сусветнай арганізацыі — з тых, што, застаючыся ў цяні, кіруюць светам» («Роздум на апошнім перагоне»).
Такія ўяўленні шырока распаўсюдзіліся ў Расіі, таксама і ў Беларусі. Яны сталі асноўным рэсурсам масавага постсавецкага рэсентыменту — псіхалагічны тэрмін для абазначэння сітуацыі, калі чалавек у сваіх няўдачах вінаваціць некага іншага.
Таму нядзіўна, што другое выданне кнігі Плахія ўтрымлівае адмысловую прадмову, якая выкладае ягонае бачанне падзей ва Украіне ў 2013—2014 гадах. Як распад СССР, скіраванасць і змест гэтай падзеі, так і ўспрыманне гэтага распаду дагэтуль вызначаюць постсавецкія траекторыі развіцця.
* * *
Кніга Плахія таму вартая ўвагі, што яна прынцыпова інакш расстаўляе акцэнты. Канцэнтруючыся на апошніх месяцах існавання СССР (а не на перабудове ці глыбокіх, структурных перадумовах краху гэтай дзяржавы), даследчык атрымлівае магчымасць дэталёва абгрунтаваць адну са сваіх цэнтральных думак — аб выключнай ролі Украіны ў гэтым працэсе. Асабліва шмат значэння ён надае рэферэндуму ў снежні 1991 года, у ходзе якога пераканаўчая большасць грамадзян Украіны — ва ўсіх частках гэтай дзяржавы — выказалася за незалежнасць.
Роля ЗША пры гэтым таксама зазнае новую ацэнку, у тым ліку на падставе амерыканскіх крыніц, якія параўнальна нядаўна сталі даступныя даследчыкам. Яны адлюстроўваюць рэальнае стаўленне адміністрацыі Буша да працэсаў, што разгарнуліся ў СССР пасля 21 жніўня 1991 года.
У Вашынгтоне ўвесь час спрабавалі падтрымаць Гарбачова, і распад СССР успрымаўся адназначна як пагроза нацыянальным інтарэсам ЗША — перадусім праз ядзерны арсенал, лёс якога быў няясны. У выпадку распаду СССР у свеце стала б на тры ядзерныя краіны больш: акрамя Расіі, ядзернай зброяй валодалі б Украіна, Беларусь і Казахстан. Гэта было галоўным прадметам клопату амерыканцаў ва ўмовах, калі халодная вайна ўжо фактычна скончылася іхнай перамогай, а распад СССР пагражаў грамадзянскай вайной і выбухам міжнароднай нестабільнасці.
Гэткая палітыка ЗША не была сакрэтам у Кіеве. Калі ў канцы ліпеня 1991-га Буш наведаў Украіну з афіцыйным візітам, на прэс-канферэнцыі апазіцыйнага Народнага руху яго востра крытыкавалі. Іван Драч, адзін з лідараў Руху, абураўся: складваецца ўражанне, што прэзідэнт ЗША «загіпнатызаваны» Гарбачовым.
Кніга Сяргея Плахія (яна перакладалася і на рускую мову) надзвычай цікавая і вартая прачытання.
Каментары