Хто адбірае гісторыю ў беларусаў і беларускіх дыпляматаў
Першай беларускай дыпляматычнай установай была Камісія Міжнародных Справаў БНР, а не Камісарыят па замежных справах ССРБ. А яшчэ раней існавала канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага. Бяз памяці пра гэта мы ня будзем мець паўнавартай гісторыі. Піша Алесь Чайчыц.
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей адчыніў шыльду ў гонар Камісарыяту па замежных справах ССРБ, а таксама панаракаў у сваёй прамове на гэтым адкрыцьці, што іншыя дзяржавы прысвойваюць сабе беларускую гісторыю.
Вельмі добра, што дзяржава пачынае дбаць пра такі аспэкт міжнароднага прэстыжу Беларусі, як тое, што многіх выхадцаў зь Беларусі ня лічаць у сьвеце беларусамі.
Зразумела, што нельга адмаўляць таго, што Касьцюшка і Дамейка могуць называцца і палякамі. Проста рэч у тым, што ў час іх жыцьця Беларусь лічылася часткай Польшчы, таму і многіх прадстаўнікоў беларускай арыстакратыі — пагатоў выхаваных на польскай мове і ў польскай культуры — можна лічыць і палякамі таксама. І тут не павінна быць супярэчнасьці і не павінна быць няёмка за беларускую спэцыфіку: так, у нас такая краіна, дзе чалавек ХІХ стагодзьдзя можа быць і беларусам, і палякам, і расейцам адначасова, а ў ХХ стагодзьдзі з трох братоў адзін можа быць беларусам, другі — палякам, а трэці — літоўцам. Ці робяцца Аляксандар Лукашэнка ці Сьвятлана Алексіевіч небеларусамі толькі ад таго, што не размаўляюць на беларускай мове? Вось тое ж і з Касьцюшкам, і з Дамейкам, і з Міцкевічам.
Аднак куды больш пытаньняў выклікае надпіс на шыльдзе, якую ўрачыста адкрываў У.Макей, прамаўляючы тыя словы пра беларускую гісторыю, якую прысвойваюць іншыя.
Гэтая шыльда сталася своеасаблівым нямым адказам на гэтую фразу міністра:
праблема ня ў тым, што іншыя дзяржавы прысвойваюць сабе беларускую гісторыю. Праблема ў тым, што беларусы выракаюцца ўласнай гісторыі самі.
На шыльдзе Камісарыят па замежных справах ССРБ, створаны ў 1919 г., названы «першай зьнешнепалітычнай установай дзяржавы». Гэта дзіўна, бо на той момант вось ужо амаль год, як існавалі органы ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Камісія Міжнародных Справаў Рады БНР была створаная 29 сакавіка 1918 году.
Як іншыя органы ўлады БНР, яна, імаверна, месьцілася ў Архірэйскім падвор'і (сучасны Праспэкт Незалежнасьці д. 26).
Можна шмат за што папракаць Беларускую Народную Рэспубліку — так, яна не пасьпела аформіцца ў паўнавартасную дзяржаву; так, улады БНР не пасьпелі стварыць паўнавартасную сыстэму кіраваньня эканомікаю; так, ляяльныя да БНР беларускія партызанскія атрады, армія Балаховіча і створаныя пад эгідай БНР беларускія атрады ў складзе войскаў Польшчы і Летувы не былі паўнавартасным рэгулярным войскам. Гэта ўсё зразумела.
Але што-што, а
дыпляматычная праца была ў БНР наладжаная вельмі пасьпяхова. Гэта быў найбольш удалы фронт працы Рады БНР.
Меліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР у больш як дзясятку краінаў, адбываліся кантакты прадстаўнікоў БНР з прадстаўнікамі многіх замежных дзяржаваў. БНР мела фактычнае прызнаньне з боку Украіны (УНР), Літоўскай Рэспублікі, Латвіі, Эстоніі і Чэхаславаччыны і поўнае дыпляматычнае прызнаньне з боку Фінляндыі.
Ну і, канечне, самае галоўнае. Беларуская Народная Рэспубліка была выключна ўласнабеларускім утварэньнем, яна была створаная самімі беларусамі дзеля беларускіх мэтаў. У той жа час ССРБ была створаная на штыхах замежных войскаў з мэтай прасоўваньня савецкай улады на захад.
ССРБ праіснавала два месяцы: на яе месцы потым бальшавікі на паўгады стварылі Літоўска-Беларускую Савецкую Рэспубліку. І толькі ў 1920 годзе, пасьля вайны з Польшчай і ўсталяваньня свайго кантролю над Усходняй Беларусьсю, яны ствараюць БССР.
Дыпляматыя ССРБ, дый нават БССР больш позьніх часоў, нават блізка ня мела такога маштабу і ўзроўню кантактаў, як дыпляматыя БНР.
Пасьля Другой сусьветнай вайны Рада БНР, па аналёгіі з Латвійскай дыпляматычнай службай у выгнаньні, актыўна кантактавала з уладамі дзяржаваў Захаду, папулярызоўвала Беларусь як самастойную краіну, якая дастойная таго, каб быць незалежнаю. А чым займалася МЗС БССР у той час?
У рэлізе МЗС Беларусі пішацца, што «на працягу вось ужо 100 гадоў нязменнымі застаюцца задачы і прынцыпы беларускай дыпламатыі: абарона нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне бяспекі і дастойнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне». Гэта цалкам дзіўна чуць у дачыненьні да зьнешнепалітычнай структуры ССРБ/БССР: яе задачай было галасаваць у ААН усьлед за дэлегацыяй СССР.
Давайце ня будзем хлусіць самі сабе. МЗС БССР ня быў замежнапалітычным ведамствам самастойнай (або нават марыянэткавай) дзяржавы, а быў, на жаль, дэкаратыўным і прапагандысцкім органам, які сымбалічна трошкі прыпадымаў БССР над многімі іншымі савецкімі «рэспублікамі» — але ня больш за тое. Як і БССР не была рэспублікай, а была правінцыяй у аднапартыйнай таталітарнай дзяржаве, дзе ўлада манапольна належала Камуністычнай партыі, а любое іншадумства і пагатоў палітычная апазыцыя жорстка падаўляліся.
Дрэнна, што афіцыйныя ўлады Беларусі дагэтуль баяцца БНР і старанна ігнаруюць БНР як фактар будаўніцтва беларускай дзяржаўнасьці. Абсурднасьць гэтага бадай што найбольш відавочная, калі камісарыят ССРБ называюць «першай беларускай зьнешнепалітычнай установай».
Сучасная Беларусь упершыню заявіла пра сябе як пра дзяржаватворчую нацыю менавіта праз абвяшчэньне БНР, а атрыманьне паўнавартаснай незалежнасьці ў 1991 годзе стала перамогай на менавіта тым шляху, які распачаўся ў сакавіку 1918 году.
Бясспрэчна, эпоха БССР адыграла сваю важную ролю: менавіта там аформіліся беларускія дзяржаўныя інстытуты, якія потым змаглі перафарматавацца ў незалежную Рэспубліку Беларусь. У тым ліку гэта тычыцца і МЗС Рэспублікі Беларусь, які арганізацыйна зьявіўся як МЗС БССР. Але пачатак гэтага працэсу — ён ляжаў у 1918 годзе.
Зрэшты, акрамя БНР мела дыпляматыю і Вялікае Княства Літоўскае — хіба ж вялікакняская канцылярыя ня першая зьнешнепалітычная ўстанова? Канстытуцыя Беларусі (нават у яе цяперашняй рэдакцыі) спасылаецца на «шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці».
Як нават вонкава суадносіцца шматвяковая гісторыя дзяржавы і сьцьвярджэньне, што першая зьнешнепалітычная ўстанова зьявілася ў 1919 годзе?
Прынята казаць, што «Беларусь шукае сваю ідэнтычнасьць». А насамрэч усё даўно было знойдзена, і ўсё даўно зразумела: проста трэба, каб як мага больш беларусаў асвоілі знаходкі сваіх папярэднікаў і былі сумленнымі перад сабой. Прызнацца, нарэшце, што Дамейка й Касьцюшка былі беларусамі — гэта важны крок. Прызнацца, што цяперашняя беларуская дзяржаўнасьць пачалася з БНР і спыніць самім выракацца сваёй уласнай гісторыі — гэта непазьбежны наступны крок, хоць заўтра, хоць пасьлязаўтра.
Каментары