Можна ўявіць, як Стэфанія Станюта ў свае восемдзесят-дзевяноста хадзіла па Мінску, памятнаму ёй ад нараджэння.
Расповедам пра жыццё і лёс славутай актрысы, легенды сцэны Стэфаніі Станюты мы з Samsung Galaxy S9|S9+ завяршаем цыкл «Беларускія гераіні» — гэта 12 матэрыялаў, 14 імёнаў і безліч неймаверных гісторый, у якіх няма ні кроплі выдумкі. Эмілія Плятэр, Вера Харужая, Ларыса Геніюш, Алаіза Пашкевіч, Алена Кіш, Жанна Капуснікава, Марына Лобач, Ядвіга Паплаўская, Зінаіда Бандарэнка, Соф’я Кавалеўская, беларускія дзекабрысткі Ганна Бабарэка, Марыя Дубоўка і Ларыса Гарэцкая — зямлячкі, якімі трэба ганарыцца!
У 1905-м, калі яна з’явілася на свет, ускрайкам Мінска была іх вуліца Кладбішчанская (Смалячкова). Па пераездах яе бацькоў з адной здымнай кватэры на другую можна адсочваць тапаграфію кампактнага «губернскага горада». Чырвоная, адкуль мама вадзіла яе ў прыватную купальню на Свіслачы, Багадзельная, Падгорная, Петраградская — сёння ўсё гэта ў межах дзвюх станцый метро.
Вялікая артыстка Стэфанія Станюта здавалася вечным і ўніверсальным увасабленнем Беларусі — арыстакратычнай і гарадской. Яна сыграла сотні роляў у спектаклях, знялася ва ўсіх топавых карцінах «Беларусьфільма» (толькі «Ідзі і глядзі» выключэнне — рэжысёр адмовіўся ад прафесійных акцёраў).
І, нягледзячы на сваю «вечнасць» і поўнае трагізму жыццё, душа не загрубела. «Чалавек-святло» называў Стэфанію партнёр па сцэне Віктар Манаеў.
Станюта сышла ў 2000-м, разам са сваім ХХ стагоддзем. Яна пражыла яго цалкам, кніга пра яе лёс можа быць падручнікам па гісторыі краіны: усе вызначальныя падзеі стагоддзя пракаціліся і па ім.
Мастак і сялянка
Калі б у часы яе маленства Зыбіцкая была тым, чым яна ёсць цяпер, там часцяком можна было б спаткаць тату Стэфаніі. Міхал Станюта працаваў рахункаводам у офісах розных устаноў, а ў вольны час вучыўся на мастака. Гэта ўключала ў сябе і асваенне пэўнага багемнага ладу жыцця. «Толькі што быў тут — і знік!» — усё дзівілася з яго няўлоўнасці жонка.
«Безліч было і закусачных. Паспрабуй тут не выпіць, казаў бацька, асабліва ж чатырнаццатага, у дзень палучкі, калі ідзеш з сябрамі пасля працы, узняўшы верх шапкі над брыльком, што азначае «задаволены начальствам», успамінала дачка. Пасля ён мог ехаць на фурманцы і раскідаць направа-налева купленыя для жонкі і малой дачкі абаранкі. Нават дзіўна, што такі «лёгкі» сын вырас у строгай маці-каталічкі. Яна была раз’юшаная, калі Міхал ажаніўся з праваслаўнай, ды яшчэ і сялянкай з-пад Докшыц. Памірыцца ўдалося толькі калі ў гонар бабы назвалі ўнучку — Стэфаніяй.
Але маляванне для Міхала не было спосабам уцёкаў ад адказнасці перад сям’ёй у разгульнае жыццё. Ён дабіўся свайго, вывучыўся і сам зрабіў з сябе мастака.
Карціна, з якой Міхал Станюта застаўся ў гісторыі нацыянальнага мастацтва — партрэт дачкі, выстаўлены цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі. Яго ўдалося вярнуць з Германіі, куды ён быў вывезены ў апошнюю вайну. Большасць жа яго карцін даваеннага часу згінулі без следу.
Пакуль тата займаўся самаўдасканаленнем, сямейную гаспадарку цягнула мама. Хрысціна Іванаўна, пераехаўшы ў горад, як многія, сялянскасці сваёй саромелася. Прыдумала сабе нават гарадское імя — Лідзія Васільеўна. Нават муж так яе зваў.
Стэфанія ўспамінала безграшоўе 1920-га. Не было ні працы, ні зберажэнняў. У Менску палякі, бацька з упраўленнем чыгункі, дзе ён тады працаваў, эвакуіраваўся на савецкую тэрыторыю. Маці, каб пракарміць сябе і дачку, скупляла прадукты ў наваколлі і прадавала ў горадзе. На розніцу жылі.
Правальныя дэбюты
У тэатр Станюта трапіла дзякуючы танцу, які праз усё жыццё быў для яе улюбёным і найвышэйшым з усіх відаў мастацтва.
«Звар’яцеласць на танцаванні» прывяла яе ў трупу статыстаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад загадам Фларыяна Ждановіча. З таго таварыства вырасце Першы Беларускі дзяржаўны тэатр — будучы Купалаўскі, у які Стэфанія вернецца ў пачатку 1930-х, каб застацца да канца жыцця.
Сёння тэатр за рэдкім выключэннем успрымаецца як забаўка ці нешта прыкладное, куды водзяць ільготна дзяцей і ваеннаслужачых. Але ў пачатку ХХ стагоддзя, калі Стэфанія пачынала, усё было іначай. Уявіце: дзесяцімільённая грамадзіна беларускага сялянства не мела ні тэлебачання, ні радыё, рэдка-дзе выпісвала газеты. І тэатральная трупа, якая трапляла ў мястэчка, магла зрабіць пераварот ва ўяўленнях чалавека пра свет. Тэатр быў з’явай вялізнай культурнай сілы.
14-гадовая Стэфанія ўдзельнічала і ў хоры, і ў масоўках, згаджалася выходзіць на сцэну з любой нагоды і ў любым вобразе. Там атрымала і першы ганарар — два злотых. Яна іграла безназоўную ролю ў п’есе з чароўным сюжэтам, дзе выконваліся ўсе жаданні героя: выходзіла на дыбачках пасля яго словаў «Запаліць бы люльку!» у жоўтай папяровай пачцы, з люлькай у руках.
Маці доччынаму заробку была вельмі радая.
Першыя ж два выхады Стэфаніі ў ролях «са словамі» былі правальныя.
Раз трэба было замяніць артыстку ў п’есе Францішка Аляхновіча «Бутрым Няміра». Баярына Няміру іграў сам Аляхновіч, а Стэфанія — яго жонку, закатаваную ім ад рэўнасці. Маналог яе быў караценькі, але ў маладой артысткі здарыўся ступар: сяк-так вымавіўшы першую фразу, яна здранцвела — як ні стараўся суфлёр.
Другі раз ёй дасталася роля Хімкі ў п’есе Уладзіслава Галубка «Ганка». Фразу трэба было сказаць толькі адну: «Ганка ў студні ўтапілася!» Але Стэфанія запанікавала і выгукнула: «Хімка ў студні ўтапілася!» Зала зарагатала.
Сотні пачаткоўцаў пасля дзвюх такіх спробаў назаўжды развіталася б з тэатрам. Але Стэфанія была не такая. Хоць усё жыццё яна мела страх перад сцэнай: часам, успаміналі маладзейшыя калегі, даводзілася «гаркнуць», каб заслужаная артыстка асмелілася выйсці з-за кулісаў і іграць.
Першая беларуская студыя
Тэатральным універсітэтам для Станюты стала Беларуская драматычная студыя, што працавала ў Маскве. Універсітэтам — без перабольшання, бо студыя дзейнічала ў статусе ВНУ. Стэфанія трапіла туды ў 1921-м, з самым першым наборам. Чатырнаццаць беларускіх студэнтаў жылі спачатку ў кінатэатры, потым — у інтэрнатах, у цесных пакойчыках, елі ржаную муку з клеем, успамінала яна. Але ўсе побытавыя нязручнасці Масквы захінаў тэатр. «Толькі ім мы жылі, толькі яго ведалі».
Маладых беларусаў вучылі рэжысёры МХАТа, беларускую мову выкладаў паэт і прадстаўнік БССР у Маскве Уладзімір Дубоўка.
«Вучоба пачыналася зранку, доўжылася днём, увечары мы ішлі на лекцыі, а потым вярталіся да сябе і ўвальваліся яшчэ ў глядзельную залу «Арса» на апошні сеанс. Так што з раніцы да ночы і жылі адно мастацтвам».
Бывалі і забавы: Стэфанія ўспамінала тракцір «Мосгіко», з якога навучэнцы беларускай студыі не выходзілі, не заставіўшы падваконне пустымі піўнымі бутэлькамі.
Выпускныя спектаклі студыйцы ставілі два: «Сон у летнюю ноч» і «Цара Максіміліяна» — класіку Шэкспіра і народную драму. Шэкспіра пераклаў на беларускую паэт Юрка Гаўрук, Стэфанія іграла каралеву феяў Тытанію.
Апантанасць, энергія, якая зараджае ўсіх навокал, вось што ўспаміналася Стэфаніі з тых гадоў. Машыніст сцэны Ягуноў рабіў неймаверныя дэкарацыі — павуцінне з канатаў на ўсю сцэну, якое магло вытрымаць дзесяць чалавек. Швачкі стаялі за кулісамі з іголкай і ніткай напагатове — падшыць, калі раптам у акцёра шво разыйдзецца. «А які вальс напісаў маёй Тытаніі да «Сну ў летнюю ноч» кампазітар Сакалоў-Фядотаў! Дзе гэта ўсё цяпер? Не захавалася, прапала, згінула…»
«Згінула» — не толькі пра творы, цэлыя беларускія пераклады класічных рэчаў, але і пра сам настрой нацыянальнага абуджэння ў 1920-я.
Наракала Станюта і на тое, што цяпер маладых артыстаў не «абкатваюць» на класіцы, дапамагаючы ім раскрыцца.
Верш Коласа ў альбом
Маладая беларуская дзяржава звяртала многа ўвагі на падрыхтоўку акцёрскіх кадраў. Усе дзеячы — палітыкі, пісьменнікі, артысты, — якія бывалі ў Маскве, лічылі за абавязак наведаць Беларускую студыю. «Вы — нашы арляняты», — казаў навучэнцам старшыня ўрада Аляксандр Чарвякоў. А маладыя яшчэ класікі літаратуры пісалі ў альбомы прыгожым актрысам свае вершы.
Якуб Колас, надпісаўшы «Стэфцы Станюце на памяць», прысвяціў ёй такі верш:
Я пайду, міну лясочкі,
Што чарнеюць, нібы бровы, —
Там пабачу я свет новы,
Там пацешу свае вочкі,
Там другія ўчую словы.
За ляскамі, за тым гаем,
Далі, лёгшы сінім морам,
Вабяць душу мне прасторам
I чаруюць новым краем,
Клічуць к нейкім ясным зорам.
Я йду смела, сэрцу люба,
А ў дарозе травы, краскі
Мне гавораць свае казкі;
Мне смяецца постаць дуба,
Чараў поўная і ласкі…
Я ўсё йду; бяжыць дарога
То на ўзгоркі, то ў лагчыну.
Ветрык гойдае былінку,
Навявае думак многа
Мне пра родную краінку.
Я прайшла ляскі густыя,
Мой дзянёк гарыць высока;
Я на далі кіну вока —
Далі-мары залатыя
Ох, далёканька-далёка!
* * *
Адбягаюць мае далі,
Далі новыя відаць;
Падбівацца ножкі сталі —
Цяжка мне адной дыбаць!
«Яму, напэўна, здалося, што я адна, што нікога ў мяне няма, ніякага спадарожніка ў жыцці», — успамінала Станюта.
Студэнтка са стэкам
З патэнцыйнымі спадарожнікамі праблемы не было, нават даводзілася адбівацца. Маладая студэнтка мадэльных параметраў з выразным абліччам, убраная па модзе тых часоў — кепі, шалік, стэк у руцэ — хто толькі з ёй не хацеў пазнаёміцца! Аднакурснік Канстанцін Саннікаў рэгулярна «іграў» раўнівага мужа, каб ад Стэфаніі адчапіліся чарговыя залётнікі. Адзін раз яе пераследаваў на вуліцы «нэпач» (бізнэсовец) на пралётцы — давялося хавацца ў дварах.
У тыя самыя гады яна ўзяла шлюб з аднакурснікам Васілём Рагавенкам. Шлюб па модзе тых часоў быў «фактычны» — без усякіх роспісаў. «Наш дырэктар Ляжневіч выдаў па 10 рублёў кожнаму. Я купіла замшавыя туфлі-лодачкі і фільдыперсавыя панчохі», — успамінала Стэфанія.
Зламалі ні за што
Пажылі яны разам нядоўга, разышліся ўжо ў Віцебску, куды студыйцаў скіравалі працаваць, арганізаваўшы з іх Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Лёс Васіля склаўся трагічна: у 1930-я яго, гучнага, кампанейскага, па дурным абвінавачанні звольнілі з тэатра ў рамках чарговай палітычнай кампаніі па пошуку ворагаў. Пасля ён дзесьці ў гасцях неасцярожна пажартаваў — і трапіў у лагер у Магаданскі край на 13 гадоў.
Выжыць дапамагло акцёрскае майстэрства: «Як мог, «выступаў» там, ратуючы жыццё і здабываючы кавалак хлеба. Казаў потым, што выжыў і не звар’яцеў толькі таму, што ператварыўся ў штукара-камедыянта, блазна. Забаўляў зэкаў і начальства…».
Пасля адседкі Васіль вярнуўся ў Віцебск, займеў другую сям’ю, уладкаваўся ў тэатры і раптам — прыходзіць яму паперка пра рэабілітацыю за «адсутнасцю складу злачынства». Рагавенку пасля таго дасталі з пятлі: чалавек асэнсаваў, што яму зламалі жыццё ні за што.
Раўнівы кавалерыст
Другі муж Стэфаніі з Гулага не вярнуўся. Аляксандр Кручынскі, вайсковец-кавалерыст, быў родам з Мінска. Стэфанія пазнаёмілася з ім падчас гастроляў, калі акцёраў прынагодна паслалі ў кавалерыйскі полк вучыцца верхавой яздзе. Аляксандру выпала быць інструктарам у Станюты. «Не ведаю, хто мне больш спадабаўся, ён ці яго конь Агеньчык», — смяялася Стэфанія.
Яны пажаніліся, нарадзіўся сын. Але акцёрскае жыццё Стэфаніі і яе пастаянныя раз’езды нервавалі гарачага мужа-кавалерыста. Ён раўнаваў яе, змушаў кінуць тэатр. Яны разышліся перад вайной.
Прыход немцаў заспеў Аляксандра з сынам у Мінску. Стэфанія была на гастролях у Адэсе, іх трупу эвакуіравалі ў Томск. Кручынскі ў вайну працаваў на біржы і дапамагаў партызанам. Але яго ўсё адно пасля звінавацілі ў пасобніцтве немцам і адправілі ў Варкуту. З лагера ён не вярнуўся.
Пра што прамаўчалі
Сына Аляксандра Стэфанія гадавала адна. Ён стаў літаратуразнаўцам, доктарам навук. Яны ўсё жыццё былі вельмі блізкія з маці: мы можам чытаць яе маналогі, бо іх клапатліва запісаў у свой час Аляксандр.
Але тым пасляваенным летам, успамінаў ён, маці падалася яму трохі чужой жанчынай у зялёным касцюме. Ён, хоць і быў дзіцем, не расказаў ёй многае з перажытага ў Мінску: як кінуў снежку ў нямецкую машыну і чалавек з пісталетам моўчкі паглядзеў на яго. Ці як п’яны савецкі капітан выстраіў іх сям’ю і хацеў расстраляць як «здраднікаў»… Яго забіў, вывеўшы з двара, саслужбовец.
Стэфанія успамінала, як у вайну яе трэсла ад паведамленняў Савінфармбюро, што савецкая авіяцыя бамбіла Мінск — якраз раён плошчы Незалежнасці, дзе жыў бацька, і вакзала, непадалёк ад якога ў сям’і былога мужа жыў сын. І пра тое, як цягнік, якім беларускія артысты ехалі з Томска дадому, сышоў з рэек і некалькі чалавек так і не пабачылі Беларусь. У тым ліку акцёр, які збіраўся мяняцца з ёй месцамі на вагоннай паліцы, але перадумаў…
У томскай эвакуацыі пачаўся і скончыўся трэці кароткі шлюб Стэфаніі. Мужам быў калега па тэатральнай трупе, істотна маладзейшы за яе. Ён памёр у халодным і галодным сібірскім тылавым горадзе ад хваробы.
Мод
З гэтым трагічным эпізодам яе жыцця сугучны адзін з цэнтральных вобразаў, якім запомнілася гледачам Стэфанія Станюта. Мод: 80-гадовая жанчына, у якую закохваецца юнак.
П’есу «Гаральд і Мод» паводле твора амерыканскага сцэнарыста Коліна Хігінса — пад Станюту і для Станюты — паставілі ў Купалаўскім рэжысёры Валер Раеўскі і Мікалай Пінігін. Яе партнёрам быў Віктар Манаеў.
«Мне здаецца, я так добра разумею сваю Мод, усё тое, што ў ёй, 80-гадовай, жыве нібы па-за ўзростам, вольна ад яго. Гэта — маё, так-так…» — казала яна. П’еса ж фактычна пра тое, што душа чалавечая старэе не ва ўсіх.
Мо ў гэтай маладосці душы, якая праступае скрозь зморшчыны, і быў сакрэт Стэфаніі Станюты — рэдкай актрысы, да якой слава і пазнавальнасць прыйшлі ў сталым веку. Бо, як кажуць, у маладосці ўсе прыгожыя, а ў старасці кожны атрымлівае такое аблічча, якое заслужыў.
Яе ўзнагароды
Нават іграючы сялянак, яна выглядала арыстакраткай, да «падрабляння пад народ» не апускалася. «Народнасць мастака не ў тым, — казала яна. — Народ ведае, чаго ён хоча ад мастацтва, толькі не заўсёды скажа гэта ўголас, дакладнымі словамі. Яму патрэбна тое, што вышэй за ўсё яго звыклае. Ты да яго нахіліся, але так, каб ён падымаўся і яшчэ цягнуўся некуды ўверх, па-за цябе самога».
І болей за ўсе свае ўзнагароды і рэгаліі шанавала людскую ўдзячнасць. «Стаю на аўтобусным прыпынку — бяжыць ад кіёску дзяўчынка маленькая, я нахіляюся да яе, а яна абхапіла мяне рукамі, звонка чмокае ў шчаку два разы і бяжыць назад, да бацькі… А яшчэ расказала знаёмая: хлопчык, убачыўшы мяне па тэлевізары, падбег, зрабіў ля самага экрана такі пацалунак у паветры — і засмяяўся. Ну, што ты скажаш!»
Каментары