Слядоў бойкі на месцы не было. Што вядома пра таямнічую смерць Шышова, якога знайшлі ў Кіеве павешаным
2 жніўня ў Кіеве знік Віталь Шышоў — 26-гадовы кіраўнік Беларускага дома, суполкі, якая займалася дапамогай уцекачам, ладзіла акцыі салідарнасці. Хлопец выйшаў на прабежку і не вярнуўся. На наступны дзень Віталя знайшлі ў парку павешаным. Блізкія не вераць у суіцыд.
«Наша Ніва» пагаварыла з дзяўчынай Віталя і яго сябрам.
«Віталь родам з Касцюковічаў. Але апошнія гадоў восем жыў у Гомелі.
З яго словаў, бацькі памерлі ў 2014 годзе, абодва ад рака ў кароткі прамежак часу. Братоў і сясцёр не меў, былі нейкія сваякі, але адносін з імі Віталь не падтрымліваў.
Мы разам вучыліся ў гандлёва-эканамічным каледжы на праграмістаў. Скончылі ў 2016. Пасля Віталь працаваў у фірме, якая займаецца вокнамі, быў там ці то адным з заснавальнікаў, ці то намеснікам дырэктара. Да таго ж рабіў нейкія старонкі ў інтэрнэце, пісаў тэксты — не палітычныя, як звычайны капірайтар-фрылансер. Зарабляў нармальна, здымаў кватэру ў Гомелі, дзе жыў адзін», — расказвае гомельскі сябар Шышова.
На фота з каледжа Віталь пазіруе са значком БРСМ на грудзях. Але сябар кажа, што да моладзевай арганізацыі Шышоў дачынення не меў:
«Гэта мы проста ў каледжы выконвалі функцыі як бы аховы. Але ж у БРСМ не ўваходзілі, Віталь быў далёкі ад гэтага. Увогуле, мы з ім палітыку не абмяркоўвалі.
Пра яго ўдзел у пратэстах я не ведаю. Мы бачыліся ў верасні 2020 года, Віталь казаў, што ў яго ўсё добра. Пасля я даведаўся, што ён перабраўся ў Кіеў — я не здзівіўся, бо і раней Віталь казаў, што вельмі хацеў бы пажыць у гэтым горадзе. Я ведаў, што ён якраз нядаўна ездзіў у Касцюковічы, прадаў там дом і кватэру, так што грошы ў яго былі — ну, думаю, добра.
Увогуле, блакітная мара ў Віталя была з’ехаць у Амерыку. Ён там не меў сяброў ці сваякоў, проста падабалася яму гэтая краіна. Не ведаю, чым бы ён там займаўся. Увогуле, аднойчы Віталь казаў, што хацеў бы стварыць прыватную ваенную кампанію. Не ведаю, ці ўсур’ёз думаў ці можа так жартаваў, бо сам ён нідзе не ваяваў і не планаваў».
У Кіеў Шышоў прыехаў у пачатку кастрычніка, расказвае яго дзяўчына Бажэна.
«Віталь выходзіў на пратэсты ў Гомелі 9-12 жніўня. А раней у яго была судзімасць за экстрэмізм. Атрымаў, здаецца, 2 гады ўмоўна. Судзілі за нейкую карцінку ў інтэрнэце (гэта пацвердзіў і сябар Шышова — НН). Таму цяпер ён баяўся, што пасля пратэстаў да яго хутка прыйдуць, і вырашыў з’язджаць з Беларусі. Купіў спачатку пуцёўку ў Турцыю, але там штосьці здарылася, і ён проста вырашыў раптоўна ехаць ва Украіну. Перасек мяжу легальна, я бачыла штамп у пашпарце, — расказвае Бажэна. — У Кіеве праводзіліся акцыі ля пасольства Беларусі, мы неслі вахту 40 дзён там увосень. І там выспела ідэя стварыць Беларускі дом у Кіеве. Віталь стаў яго кіраўніком.
Беларускі дом — некамерцыйная арганізацыя. У нас няма памяшкання, мы працуем як валанцёры. Не працуем з фондамі, самі ладзім акцыі, збіраем грошы для бежанцаў, купляем ім прадуктовыя карткі.
На адным з Маршаў у Кіеве мы пазнаёміліся. У мяне быў дзень нараджэння, знаёмыя прапанавалі трохі адсвяткаваць. І Віталь пайшоў з намі, проста за кампанію — сам ён не піў. Ну і неяк закруцілася».
Перад Новым годам Віталь з Бажэнай з’ехаліся.
«Мы здымалі звычайную кватэру, за свае грошы. Віталь зарабляў як айцішнік-фрылансер. Каб ён быў звязаны з нейкімі чужымі грашыма, я не ведаю. Даўгоў ён не меў, гэта дакладна, — кажа Бажэна. — Віталь больш хваляваўся, што цяпер сюды наехалі не толькі ўцекачы, але і шмат людзей, звязаных з сілавікамі. Ён заўсёды быў насцярожаны, сачыў, якія машыны ў двары, хто за ім ідзе, насцярожана ставіўся да новых твараў на акцыях.
Бо бывалі розныя моманты. Аднойчы на нас нападалі нейкі па выглядзе наркаманы на акцыі, пасля тых людзей бачылі каля беларускага пасольства ва Украіне.
У пачатку лета да мяне падышлі нейкія мужчыны. Штосьці слова за слова, яны пачынаюць пытацца пра Беларусь, а высветлілася, што мяне здымалі і пісалі гук — калі адзін з іх уставаў, у яго выпала скрыначка ад мікрафона-пятлічкі. Калі ён зразумеў, што я тое ўбачыла, проста рэзка сышоў, і я бачыла, як да яго трохі далей далучыўся нейкі іншы мужчына з камерай у руках.
Мы паведамлялі пра гэта спецслужбам, бо нас ужо ведалі людзі са Службы бяспекі Украіны, якія сачылі за бяспекай на акцыях. Тыя параілі сачыць за сваімі, ну і ўсё.
Віталь трохі параноіў, але можа і не параноіў, як цяпер бачна… Ён заўважаў, напрыклад, што нейкі бус увесь час за намі едзе. Але апошні месяц было ціха, Віталь трохі супакоіўся, як я думала.
Хаця агульныя сябры кажуць, ён пісаў ім, што мае кепскія прадчуванні, маўляў, калі што здарыцца, прыглядзіце за Бажэнай. Але мне ён нічога такога не казаў».
Раніцай 2 жніўня Віталь знік.
«Ён бегаў не кожны дзень, так, пад настрой. І вось учора я прачнулася каля 10, падумала, што ён нядаўна сышоў. А насамрэч яго не было дома ўжо гадзіну. Пачакала яшчэ гадзінку, пасля пішу, званю — цішыня. Зразумела, штосьці не тое. Папрасіла знаёмых, каб яны таксама набралі, ён не бярэ. Думаю, можа яму стала кепска падчас прабежкі? — згадвае Бажэна. — Прыехалі знаёмыя, мы прайшліся па лесе, нічога не знайшлі. Тады выклікалі паліцыю. Быў сабака, але след не ўзяў.
Мы да 2 гадзіны ночы прачэсвалі лес, званілі яму ўвесь час. Я на той момант думала, што Віталя ўжо вывезлі і ён ужо ў Мінску. І ноччу я не магла спаць, усё думала, як жа ён будзе сядзець у Беларусі? У яго сваякоў там няма, хто перадасць перадачу?
Таму ў лесе я хацела проста адшукаць яго тэлефон, які па білінгу быў недзе там, можа, тэлефон бы дапамог штосьці высветліць. Але спачатку ішлі гудкі, пасля тэлефон проста сеў».
Раніцай 3 жніўня Бажэна з сябрамі зноў пайшлі ў тую лесапаласу.
«У мяне было як прадчуванне, што недзе ў пачатку парка трэба шукаць тэлефон. Пачалі шукаць, і сябры зайшлі кудысьці глыбей, туды дзе не заходзілі раней, бо думалі, што Віталь туды не мог бы забегчы… І там ён быў павешаны. Канкрэтна што там — я не бачыла, мяне не пусцілі, — кажа Бажэна — У мяне здарылася істэрыка. Я не верыла, што гэта ён.
Але паліцыя прыйшла, пацвердзіла, што гэта Віталь. Яны пыталіся таксама пра вяроўку — ён вісеў на нейкай вяроўцы. У нас такой няма. І паліцыя пыталася, ці не мог ён сам?
Я не думаю, што Віталь так бы паступіў у дачыненні да мяне. Але слядоў барацьбы ці бойкі на месцы, дзе яго знайшлі, няма.
Я не бачыла цела, але паліцыя мне сказала, што былі на твары нейкія пашкоджанні. І па іх версіі, калі ён сам тое зрабіў, то выглядае, што ў першы раз абарвалася вяроўка, Віталь стукнуўся тварам аб пянёк і пасля палез другі раз.
Запіскі ніякай пры ім не было. Я пагартала яго запісныя кніжкі — там таксама нічога, ніякіх намёкаў нават».
Бажэна ў суіцыд Шышова не верыць.
«Думаю, ён не сам гэта зрабіў. Можа, звязана з тым, што Віталь кіраваў Беларускім домам, не ведаю, — кажа яна. —
Але мы хоць і нядоўга былі разам, але гаварылі пра будучыню, будавалі планы. Віталь казаў, што хоча дачку. І апошнім часам мы хварэлі, амаль увесь час былі разам дома — і я не заўважыла, каб штосьці было не так.
Цяпер я пагартала яго блакноцікі. Там спіс мэтаў аж да 2035 года: пачаць правільна харчавацца, пераехаць у ЗША…»
У версію з самагубствам не верыць і беларускі сябар Віталя.
«Апошні раз мы размаўлялі недзе месяц таму. У чэрвені ў Віталя быў дзень нараджэння, я павіншаваў. Пра палітыку мы не гаварылі. Я спытаў, як справы, Віталь адказаў — усё добра!
І цяпер я даведаўся пра яго смерць з навінаў.
Я не веру ў суіцыд. Не хачу паглыбляцца, але я вельмі добра ведаю яго ментальны настрой, ён ніколі не стаў бы вешацца вось так, у лесе. Я ведаю, што сам ён бы ніколі не зрабіў гэта менавіта такім чынам, ён не такі чалавек», — кажа гомельскі сябар Шышова.
Дзе і як пройдзе пахаванне блізкія Віталя Шышова пакуль не ведаюць, цела яшчэ не аддалі, праводзяцца экспертызы.
Украінскія праваахоўнікі папярэдне разглядаюць дзве версіі: самагубства альбо наўмыснае забойства, замаскіраванае пад самагубства. На целе Віталя ёсць пашкоджанні, яны адпавядаюць паводле сваіх характарыстык «аднаразоваму падзенню».
Каментары