«На адзін аркуш сыходзіць 8 гадзін». Паглядзіце, якія фантастычныя лісты стварае для палітвязняў спявачка Кацярына Ваданосава
Шрыфт Скарынаўскай бібліі, пазалочаныя ініцыялы, самаробныя чарнілы. Спявачка Кацярына Ваданосава піша сярэдневечныя лісты палітвязням, кожны з якіх — як твор мастацтва.
Кацярына гісторык па адукацыі, яна любіць «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» мінулых часоў — асабліва ранняга Сярэднявечча. Усміхаецца, што навучыцца каліграфіі дапамаглі яе дэкрэтныя адпачынкі.
«Калі я сядзела з двума дзецьміі дома, то мне трэба было, па-першае, знаходзіць выйсце празе творчасці, а па-другое, нейкім чынам зарабляць грошы. Тады я была рамеснікам, займалася і каліграфіяй, і пераплётнай справай. Мяне запрашалі весці майстар-класы на гістарычныя фестывалі, замаўлялі кнігі, дзе часта прасілі напісаць нешта на форзацах ці першых старонках», — расказвае Кацярына.
Першыя мастацкія лісты яна напісала на пачатку лета. Дагэтуль слала палітвязням звычайныя, але ніводзін з іх не даходзіў.
«Я знаходзілася ў глыбокай эмацыйная яміне. Я вельмі люблю займацца творчай манатонной працай кшталту вышыўкі, пісьма, а тады нічога такога рабіць не атрымлівалася, таму што я не бачыла ў гэтым сэнсу. Не адчувала, што маю права займацца справай, якая прыносіць мне задавальненне, калі столькі народу сядзіць у турмах. І тады сталі нараджацца такія лісты», — дзеліцца спявачка.
На кожны каліграфічны аркуш у яе сыходзіць гадзін восем працы. «Творчая эпітым'я», як назвала гэта Кацярына.
«Гэта патрэбна не столькі палітвязням, напэўна. Там людзі радуюцца кожнаму лісту, няважна, як ён напісаны. Гэта больш патрэбна мне, таму што цяпер гэта тое, што дазваляе мне адчуць: тое, што я ўмею, яно не дарма і можа камусьці прыносіць радасць».
Кацярына апісвае тэхналогію стварэння «сярэдневечных» лістоў, якой валодае. Вось як, напрыклад, залоцяць ініцыялы: бярэцца алебастр (ён выкарыстоўваецца замест клею), на яго дыхаюць праз спецыяльную трубачку, пасля накладваецца пазалота. Так атрымліваюцца прыгожыя выпуклыя літары, як у летапісах. Для афарбоўкі бяруцца прыродныя пігменты. Але паколькі няма ўпэўненасці, што лісты дойдуць да адрасата, Кацярына выкарыстоўвае матэрыялы, якія можна набыць у звычайнай мастацкай краме — гуаш і тонкую паперу для каліграфіі.
«Чарніла, дарэчы, навучылася рабіць сама. Я жыву цяпер побач з дубовым лесам. Ёсць галавыя арэшкі, якія растуць на дубовых лістах. Калі іх сабраць, пачысціць, заферментаваць, то можна атрымаць чарніла. Яны менш яскравыя, колеру сэпія атрымліваюцца.
Звычайна больш зручна выкарыстоўваць насычанае чорнае чарніла, але ўсё залежыць ад кампазіцыі, той задумкі, якую я хачу ўвасобіць. Калі, напрыклад, гэта кельцкі шрыфт, характэрны для Ірландыі ранняга Сярэднявечча, то там якраз чарніла з галавых арэшкаў падыходзіць больш. Калі гэта стылістыка готыкі, лепш узяць чорнае чарніла», — тлумачыць спявачка.
Шрыфт яна абірае ў залежнасці ад сюжэту ліста. Калі ён натхняльны, «звонкі», то будзе готыка, калі гэта ліст падтрымкі, удзячнасці, то падыходзіць больш акруглы шрыфт.
Некаторыя з гэтых прыгожых паведамленняў змаглі патрапіць да палітвязняў.
«Прарваліся ўсе лісты да Максіма Знака і адзін да Алеся Пушкіна. Але адказ Алеся да мяне так і не дайшоў. Ведаю, што ён прачытаў і захаваў ліст, бо згадваў пра яго ў сваіх іншых лістах. Расказаў, што намаляваў мяне ў адказ аголенай і на кані,
— усміхаецца Кацярына. —
Да менш публічных людзей, наколькі ведаю, не дайшоў ніводзін ліст. Але я спадзяюся, што тыя, хто выкідваў іх у сметніцу, хоць крышку спрычыніліся да прыгожага. Я веру, што ўсё на карысць. Нават калі ў мяне на гэта сыходзіць восем гадзін, а ў таго чалавека, які выкідвае мой ліст у сметніцу, хвіліна, усё роўна — мае восем гадзін прынеслі мне маральнае задавальненне, а яго хвіліна адняла ў яго імгненне жыцця».
Каментары