Паэтка Антаніна Хатэнка: Няма ніякага гераізму ні ў тым, каб з’ехаць, ні ў тым, каб застацца. Горш будзе, калі перасварымся
Традыцыйна 14 лютага — у дзень нараджэння Міхася Стральцова — у Мінску пачынаўся Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце», які праводзіўся Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам. На фестывалі ўручалася і Стральцоўская літаратурная прэмія. На жаль, сёлета яго не было каму праводзіць — абедзве пісьменніцкія арганізацыі рашэннем Вярхоўнага суда ліквідаваныя яшчэ летась. Але новага лаўрэата прэміі журы усё ж назвала. Ім стала Антаніна Хатэнка. Адметная паэтка і дасведчаны этнакультуролаг, яна аказалася яшчэ і цікавым суразмоўцам, піша «Народная воля».
— Антаніна, віншую з прэміяй і важкім дадаткам да яе — кнігай «Вербніца»! Першая твая кніга «Зніч крыжовых дарог» выйшла ў далёкім 1992-м. Чаму такі працяглы перапынак паміж кнігамі — ажно 30 гадоў?
— Дзякую за віншаванне. Насамрэч, і прэмія, і выданне кнігі аказаліся для мяне нечаканымі. Я ніколі асабліва не адчувала патрэбы выдавацца. Бо стан, калі прыходзяць вершы, настолькі самадастатковы, што ўсё астатняе мне бачыцца другасным. Прызнацца, не вельмі я люблю ўсе гэтыя прызнанні-ўганараванні, прэміі-медалі. Асабліва дзяржаўныя і асабліва цяпер, калі дзяржава ўзнагароджвае за ліслівасць і рабства. З недзяржаўнымі ўзнагародамі ўсё іначай, цяплей, праўдзівей. І кнігу атрымаць было прыемна, бо напісанае, як вядома, застанецца. Інтэрнэт — з’ява няпэўная, а кніга — усё ж рэч матэрыяльная. Кнігам Скарыны больш за 500 гадоў, а мы па-ранейшаму можам патрымаць іх у руках.
— Давай праяснім сітуацыю з тваёй радзімай. Нарадзілася ты, здаецца, на Зэльвеншчыне, але і Пружаны табе не чужыя. Дык твой радзінны куток — дзе?
— Мой радзінны куток там, дзе вязалі пупок, — на Зэльвеншчыне. Там была першая мая вялікая вада — Зальвянка, першая крыніца з жывой вадой, першая Юр’ева раса — дзеля відушчасці душы, першыя ў жыце валошкі. У няцэлых пяць гадкоў мяне перавезлі пад Ружанскую пушчу, якая ідзе да самай Белавежы. Мы жылі ўсёй сям’ёй у маленькай баковачцы з печчу, праз калідор ад школкі, дзе бацька, настаўнік, вучыў хутарскіх дзяцей. І я стала лясным чалавекам: заплятала косы бярозам, спявала ім песні. Тады ж пачалі прыходзіць і першыя вершы.
— Ты проста як Маўка з паэмы «Лясная песня» Лесі Украінкі.
— Я вельмі люблю гэты твор, Маўка — родная мне душа. Таму Зэльвеншчына — як першае каханне, а Пружаны, дзе я скончыла школу, Ружаны, дзе дажывалі свой век бацькі, — гэта мая ахова, крэпасць, палацавыя крылы на гары. Так і жыву: гнуткасць вярбінная ўва мне з берагоў Зальвянкі, а сіла, непахіснасць — пушчанская, зубровая.
— У фармулёўцы журы сказана, што прэмія прысуджаная «за вернасць класічным літаратурным традыцыям, тэматычнае і вобразнае багацце мовы, папулярызацыю паэтычнымі сродкамі народных звычаяў і абрадаў». А ці можна знайсці ў нашым старажытным фальклоры адказы на нейкія сучасныя злабадзённыя пытанні?
— Ой, дарэмна ты мяне ў той бок вядзеш! Магу не спыніцца. Бо ўся наша народная культура — тысячагодовы пласт мудрасці. Па-першае, наша калектыўная свядомасць усё яшчэ чапляецца за вобраз добрага цара: памяняем аднаго на другога — і зажывём сабе шчасліва. Але так не будзе. Па-другое, часам мы чуем: вось пераможам жорсткі нялюдскі рэжым, а тады падумаем, ці патрэбная нам беларуская мова… Так могуць думаць толькі безадказныя гульцы на полі жыцця і смерці, а не вырашальнікі народнага лёсу. Народная мудрасць вучыць нас назапашваць сілы. У вядомай казцы перад паходам на Цмока Каваль доўга адкормліваў Удовінага сына валовым мясам, выкоўваў яму (тройчы!) булаву, пакуль не выйшла дасканалая. Гэткі сабе беларускі варыянт супергероя. Але тая ж народная мудрасць не адмаўляе і талаку: гуртам, як вядома, і бацьку, лягчэй біць.
— Ты — пяты лаўрэат Стральцоўскай прэміі, і ў цябе былі годныя папярэднікі — Анатоль Вярцінскі, Алег Мінкін, Наста Кудасава і Анхела Эспіноза Руіс. Хто з іх табе блізкі светапоглядна?
— Калі паперадзе ідуць такія тытаны, як Анатоль Вярцінскі, ніхто з тропу не саб’ецца. Вярцінскі — мой літаратурны настаўнік, дарадца, сябра. Анхела — іспанка, якая піша вытанчаныя вершы па-беларуску. Кудасава — чуйны нерв Беларусі. У абедзвюх паэтак вогненная энергетыка, боль, выбух, любоў, адчай, самота ўсяленская і — радасць жыць, дыхаць, перамаўляцца з травамі, рэкамі… А найбліжэй мне ўсё ж Алег Мінкін. Мы з-пад адных стрэх ледзяшы адломвалі, аднымі вечарамі наталяліся. З пакалення мы аднаго, як з гнязда буслінага.
— Вернемся да тваёй «Вербніцы». Як падлічыў адзін прафесар, вярба — самае частаўжывальнае дрэва ў беларускай паэзіі, што можна праілюстраваць радкамі Ларысы Геніюш: «З беларускай учэпістай гліны і рабра прынямонскіх вярбін я — галінка ля белага тыну напалову забытых святынь». Але ж вярба надта крохкая, можа, у якасці «будматэрыялу» нам лепш падышоў бы, напрыклад, дуб?
— Што вярба гэткая папулярная ў літаратуры — не дзіва. Яна — самае ўстойлівае, учэпістае, упартае, нязломнае дрэва. Нездарма перад Вялікаднем мы адзначаем Вербніцу, калі галінкі вярбы набываюць цудадзейную моц. Хто з нас не памятае, як сцябаюць сямейнікі адно аднаго, прыпяваючы: «Не я б’ю — / вярба б’е, / за тыдзень — / Вялікдзень. / Будзь здароў, / як вада, / і расці, / як вярба!». Што да згаданага дуба, то моц у яго такая, што, прысланіўшыся ці абняўшы яго камель, адчуваеш прыток сілы. Зноў жа, у народзе гаварылі: «У сасновым лесе маліцца, / у бярозавым любіцца, / у дубовым волю каваць, / у яловым душу д’яблу прадаваць». Так што дуб волю куе, але не даруе тым, хто пілуе дубровы на побытавыя патрэбы. Не рабілі з яго раней ні падлогі, ні мэблі. Хіба дамавіны і крыжы — дуб яднаў зямлю і неба.
— Адзін з дзеячаў культуры, які год таму з’ехаў за мяжу, нядаўна напісаў у «Фэйсбуку», што ён «не змог заставацца ў канцлагеры». А як табе бачыцца наша тут жыццё?
— Наша сітуацыя небяспечная тым, што няма цэнтра прыцягнення. Расчараванне ў так званай новай апазіцыі б’е куды больш балюча, чым «амонаўскія» дубінкі. Ведаеш, ёсць такое будысцкае выслоўе: сваё неба нашу ў сабе. Так і ў нас: хтосьці носіць у сабе свой канцлагер, а хтосьці — сваю свабоду. Я застаюся тут, у жорсткім падзеле на «сваіх» і «ворагаў», у напружанні і збіранні ўсіх жыццёвых рэсурсаў, каб неяк жа бараніцца і бараніць слабейшых за мяне. Бо менавіта тут — першая лінія абароны годнасці. І няма ніякага гераізму ні ў тым, каб з’ехаць, ні ў тым, каб застацца. Найгорш будзе, калі і па гэтай прыкмеце мы перасварымся. Еднасць — адзіны паратунак. Але еднасць не за кагосьці і не супраць, а проста еднасць. Як з’ява, як факт, як сведчанне нашай нацыянальнай мудрасці стаяць на сваім. Налягаем на мову, на культуру, на гісторыю! І выберамся з той ямы, у якую дазволілі сябе загнаць.
— Ведаю, што ты сябруеш з украінскімі паэтамі, адносна нядаўна брала ўдзел у Літаратурным фестывалі «Лясная песня» ў Луцку. Але сёння Украіна адгароджваецца ад Беларусі калючым дротам, паколькі наша зямля можа ператварыцца ў плацдарм для агрэсара — Расіі. Як ты лічыш, ці зможа Масква пасварыць нас з нашымі паўднёвымі суседзямі?
— Мы зрошчаныя з Украінай па ўсіх швах, усімі клеткамі і тканкамі. Украінцы восьмы год гінуць ад расійскіх куль, таму наконт Расіі ілюзій не маюць. Памятаю, колькі гарадоў і мястэчак украінскіх я аб’ездзіла з выступленнямі, і ўсюды слухачы пыталіся пра наш рай-спакой-стабільнасць. Слухалі і зайздросліва ўздыхалі: у вас там заводы-фабрыкі працуюць, у вас дарогі гладкія і вуліцы чыстыя. Але як толькі даходзіла да мовы… «Як гэта — у Беларусі школы рускія?!» Украінцы не маглі гэтага зразумець.
— Здаецца, толькі цяпер у многіх нашых паўднёвых суседзяў на Лукашэнку і яго палітыку вочы адкрыліся.
— Так, калі на беларуска-ўкраінскай мяжы заляскалі гусеніцы расійскіх танкаў. Але хто іх туды паклікаў? Не беларускі народ. А той, хто кінуў у турмы тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч вымусіў з’ехаць. Мне здаецца, украінцы гэта разумеюць. І беларусы, і ўкраінцы застаюцца пры сваім розуме і самі, без падказак суседкі, мусяць разабрацца, як будаваць сваё жыццё. Бо адступяцца тыя войскі. Адступяцца!
— Летась разам з дзясяткамі іншых грамадскіх арганізацый быў ліквідаваны Саюз пісьменнікаў, сябрам якога ты была з 1994 года. Чым для цябе быў СБП?
— Магчыма, я моцна не бедавала б, што Саюз наш зліквідавалі. Калі б не ведала, колькі адказнасці бралі на сябе пісьменнікі, каб бараніць мову, захінуць ад рэпрэсій смелых і прынцыповых калег. Скажам, вядома, як засланяў сваім аўтарытэтам Максім Танк пасля вяртання з ГУЛагу Ларысу Геніюш. Ці як узяў пад сваё крыло бунтароў-студэнтаў БДУ Алеся Разанава і Віктара Ярца. Вось тут Саюз пісьменнікаў і выконваў сваю місію. Гэта вам не прафсаюзы, якім пальчыкам начальства паківае — і маўчаць, як мышы пад венікам. Ці БРСМ — цюцькі ручныя…
— Хто з пісьменнікаў для цябе ўзор творчых, грамадзянскіх і чалавечых паводзін?
— Янка Брыль, Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Міхась Чарняўскі, Арсень Ліс, Васіль Сёмуха, Адам Мальдзіс, Уладзімір Дамашэвіч… Не магу пералічыць усіх. Калі я на пачатку 1990-х апынулася поплеч з імі — мой свет пашырэў і пасвятлеў. Бо ўсё ж талакоўская ў нас натура. Творцы адзін да аднаго імкнуцца, каб дух паяднання адчуць.
— Беларуская літаратура пад прыгнётам здаўна — то царскі, то савецкі, то цяперашні, ці не самы небяспечны. На яго бесцырымоннае «падзяляй і ўладарнічай» чым можа адказаць творца?
— Калі дзяржава нас падзяліла, то адразу праяснілася, хто якім прынцыпам кіруецца: я для краіны, ці краіна для мяне. Усе звыклыя жыць на дзяржаўным утрыманні перакачавалі ў наўмысна дзеля іх створаны прыўладны Саюз пісьменнікаў. Так усё да дробязі знаёма, з часоў даўно прамінулых. Яшчэ ж Кастусь Каліноўскі абурана запытваў: «Улада для народа, ці народ для ўлады?» А чым адказаць? Рабіць усё магчымае, каб народ не сышоў у нябыт. Маем запавет Караткевіча: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш!».
— Новапрызначаны міністр адукацыі Андрэй Іванец прызнаўся, што ўлюбёны пісьменнік у яго Харукі Муракамі, а спявак — Віктар Цой… Як ты лічыш, пры новым міністры адукацыйны курс будзе той жа самы, што і пры яго папярэдніку Карпенку, які русіфікаваў беларускую школу як толькі магчыма?
— На жаль, змены курсу чакаць не даводзіцца. Глянеш у падручнікі па беларускай літаратуры для рускамоўнай школы — жах ахоплівае! Толькі зрэдку пракідаюцца жывыя радкі Купалы, Багдановіча, Паўлюка Труса ці Ніны Мацяш. А вакол іх — дрымучая калгасная перапеўшчына! Усё творы, дзе плот пахілены і доля гаротная. Нават народныя прыпеўкі перакладаюцца на рускую мову — «дети не поймут». Такія падручнікі толькі адварочваюць вучняў ад роднага пісьменства.
— «У нас русский язык развивается во вред национальному», — і ты, відаць, чула гэта нядаўняе выказванне Лукашэнкі. Як мяркуеш, ці надоўга яшчэ хопіць моцы беларусам і беларускай мове, каб выжываць у такіх умовах?
— Слухай, гэта ж дзікая анамалія — «во вред национальному». Як магчыма такое заявіць і нічога ўслед не прапанаваць — на паратунак і выпраўленне сітуацыі? Таму і пачуваецца беларуская мова на сваёй зямлі, як чалавек пасля інсульту. Варта напомніць, што найперш моўным пытаннем прыкрывалася расійская агрэсія на Данбасе. Украінцы гэта балесна ўведалі. Таму давайце слухаць сваіх класікаў-прарокаў і не пакідаць мовы нашай беларускай, каб не памерці. Ёсць у нас Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Алесь Разанаў і тысячы іх аднадумцаў — агромністае нябеснае войска, якое прамаўляе ў Космас па-нашаму. І ёсць народ на зямлі, які пазалетась паўстаў адстойваць сваю праўду, сваю волю і сваю мову. І пакуль мы ўсе разам свайго не адстаім — не супакоімся.
Каментары