«Ваўкі» загрызлі ўлюбёнцаў Лукашэнкі. Жлобінскі «Металург» стаў чэмпіёнам Беларусі па хакеі
Каманда Дзмітрыя Краўчанкі не дала «Юнацтву» чацвёрты год запар здабыць залатыя медалі Экстралігі. Серыя, якая расцягнулася на максімальную колькасць матчаў, скончылася перамогай гасцей «Мінск-Арэны» 3:0 у вырашальным сёмым змаганні.
Цікава, што супернікі цягам рэгулярнага першынства ажно тузін разоў зыходзіліся да бар'ера, аднак мацнейшага не выявілі. Такі ж парытэт усталяваўся цягам фінальнай серыі, што была ўдвая карацейшай. Таму лядовы двубой у «Мінск-Арэне» павінен быў канчаткова высветліць, хто ж з супернікаў больш варты характарыстыкі «лепшая каманда краіны».
Поспеху дамагліся хакеісты Жлобіна, для якіх тытул стаў другім у гісторыі. І гэта сапраўдная падзея, бо «ваўкі» адужалі абсалютнага лідара суверэннага айчыннага хакею — на рахунку «Юнацтва» ажно дзевяць чэмпіёнскіх банэраў. Сталічны клуб выглядаў паўнавартасным гегемонам перад пачаткам сезона, бо з розыгрыша-2018/19 ніхто не мог скінуць яго з трона. Аднак дубль форварда Кузняцова ды гол капітана Саламонава прынёс Жлобіну «сухую» перамогу ў панядзелак ды вікторыю ў плэй-оф цалкам.
Дадамо, што фінальная серыя расцягнулася на максімальную колькасць гульняў трэці раз у гісторыі. І ўпершыню з 2010 года вырашальны бой адбыўся на «Мінск-Арэне». Тады, дарэчы, «Юнацтва» здолела скарыць салігорскі «Шахцёр». Зараз жа крыўду зазнала сама каманда Яўгена Есавулава. І, у немалай ступені, з-за падтрымкі фан-базы «Металурга»:
ажно 17 аўтобусаў са жлобінскімі заўзятарамі не толькі матывавалі «ваўкоў» на трыумф, але і да нацыянальнага рэкорду спрычыніліся. Сабраныя 15 086 гледачоў на трыбунах — рэкорд чэмпіянатаў Беларусі.
Дадамо, што на гульню наведаўся Аляксандр Лукашэнка разам з сынамі. Ён доўгі час падтрымліваў «Юнацтва» ў часы кіравання клубам Міхаіла Захарава, зараз наўрад ці застаўся задаволены вынікам. Аднак напрыканцы вечара з'явіўся на лёдзе, каб уручыць пераможцам чэмпіёнскі трафей.
Каментары