Грамадства

«Праз 10 дзён прызначана аперацыя». Спявачка Кацярына Ваданосава — пра рак і думкі пасля пастаноўкі дыягназу

На мінулым тыдні спявачка Кацярына Ваданосава даведалася, што ў яе рак малочнай залозы. «Што ж, як змагарка са стажам, пачынаю новае змаганне», — напісала яна. Пра тое, як перажывае гэты перыяд, і пра лячэнне, якое чакае, Кацярына расказала «Нашай Ніве».

Фота: сацыяльныя сеткі

«Не скажу, што былі нейкія праблемы са здароўем. Мабыць, трывожныя званочкі, на якія я звярнула ўвагу, але нічога радыкальнага з імі не рабіла, — распавядае Кацярына. —

Пачаліся яны ў 2020 годзе падчас маршаў. Сімптомы незразумелыя, кшталту лактацыі. Толькі я не была цяжарная. Увогуле, тады, як і ўсім беларусам, было не да таго». 

Першы раз да доктара Кацярына прыйшла вясной 2021 года ў Мінску. У прыватны цэнтр, які цяпер ужо не працуе. 

«Наша сістэма зладжаная такім чынам, што цябе адпраўляюць да шматлікіх дактароў, робяць даследаванні, аналізы. І далёка не заўсёды ўсе яны патрэбныя.

На УГД мне далі вынік. Там была нейкая вялікая колькасць кістаў. Сама доктарка нічога не тлумачыла, проста сказала ісці далей. І тут надышоў той час, калі тэрмінова трэба было ехаць у эміграцыю. Уся мая дыягностыка адклалася на дзевяць месяцаў. 

У Кіеве не звярталася да дактароў. Не ведаю, чаму. Не было віду на жыхарства, дакументаў. І я разумела, што калі са мной нешта здарыцца, то гэта будзе бадзянне большае, чым у Беларусі», — дзеліцца яна. 

Трывогу Кацярына забіла месяц таму, калі ў яе з’явілася пухліна.

«Я яе адчуваю, бачу, яна даволі вялікая, — кажа Кацярына. — Асабліва пры маім невялікім памеры грудзей. Але мне з гэтым пашанцавала, я сваечасова заўважыла і адразу пайшла правярацца.

Яно баліць, але не сама пухліна, мабыць, а тое, што вакол яе. Яна рэальна вельмі хутка расце. За месяц атрымаўся вялікі гуз. Адчуванне, што знутры ў грудзях сядзіць каменьчык, які цісне».

У Беластоку, у які пераехала Кацярына пасля пачатку вайны ва Украіне, ужо агучылі дыягназ — першая ступень раку, без метастазаў.

«Аперацыя прызначаная на 9 чэрвеня. Будуць выдаляць левую грудзь і ўстаўляць імплант. Выдаляць не толькі пухліну, але і мышачную тканку побач, найбліжэйшыя вузлы. І потым, наколькі я зразумела, назначаюць гарманальную тэрапію. Калі па яе выніках усё будзе добра, то можа быць так, што мне не спатрэбіцца хіміятэрапія. Я на гэта вельмі спадзяюся.

У мяне ўжо дзеці ёсць, нараджаць і карміць не трэба, таму за тое, што грудзь выражуць, я не хвалююся. Толькі што лысая застануся, вельмі не хочацца. 

Звычайна, калі я камусьці пра гэта расказваю, пытаюцца, ці нельга так, каб бюст большы зрабілі. Але я абсалютна не хвалююся адносна сваіх памераў», — смяецца яна. 

Фота: сацыяльныя сеткі

Калі Кацярына прыехала ў Беласток, яна падалася на міжнародную абарону. Усе медыцынскія паслугі яна будзе атрымліваць на тых жа самых правах, што і грамадзяне Польшчы. 

«Я, як чалавек без пашпарта, павінна рабіць цяпер усе такія справы праз цэнтр бежанцаў. Там ёсць медыцынскі пункт. У ім мне выпісалі накіраванне ў цэнтр анкалогіі. Я нават запыталася, ці трэба плаціць за імплант, адказалі, што не, забяспечвае дзяржава. 

Дарэчы, сутыкнулася з тым, што хтосьці там пусціў чутку, што я прашу грошы на лячэнне. Не верце, пакуль ніякіх грошай збіраць не трэба. 

Увогуле, мне пашанцавала, што я цяпер у Беластоку. Тут буйны сучасны анкалагічны цэнтр. Назіраю шмат чэргаў з жанчын. Гэта не тое, каб страшна, а ўражвае. Ніхто з дактароў не займаецца тым, каб разглядаць рэтраспектыву майго жыцця. Ніхто не кажа: «Трэба было раней звяртацца». Усё па справе. 

Мяне тут нават запісалі на экстраны візіт да псіхолага. Але, хутчэй за ўсё, я на яго не пайду. Не бачу ў гэтым сэнсу, бо ён польскамоўны. Ды і што ён мне скажа? «У вас рак, жывіце з гэтым». А я яму адкажу, што перажыла эміграцыю з Беларусі і вайну ва Украіне. У параўнанні з гэтым мой рак успрымаецца даволі спакойна.

Можа быць, гэта звязана з тым, што я цяпер на антыдэпрэсантах, але яны не такія, каб сур’ёзныя», — расказвае яна. 

На пытанне, як яна падтрымлівае сябе псіхалагічна, Кацярына адказвае, што на гэта ў яе няма часу. Проста жыве і робіць свае справы. 

«Адна праца, другая, дзеці, бальніца. Не ведаю, што павінна здарыцца, каб я сядзела і думала, як сябе падтрымаць. Тым больш, шмат рэчаў мне цяпер нельга. Напрыклад, піва выпіць. 

Увогуле, калі ў грудзях вырастае гуз, які вельмі бачны, то тут зразумела, што з табой.

Пастаноўка такога дыягназу не стала для мяне нечаканасцю. Страшна не было, я стала думаць пра тое, што мне трэба паспець зрабіць. Як дзяцей падняць, напрыклад. Але мне засяродзіцца на гэтых думках не далі, бо адразу пасля павялі ў адзін кабінет, потым у другі, выпісалі шмат накіраванняў, далі літаратуру нават пачытаць.

Капацца ў сабе часу не было. Цяпер гэта ўспрымаю як новы досвед. Ён робіць мяне мацнейшай», — тлумачыць яна. 

За гэты час Кацярына сутыкалася з жанчынамі, якія ўспрымаюць рак малочнай залозы як нешта табуяванае. Але для яе гэта не так.

«Не бачу нічога ў гэтым заганнага. Тым больш сваёй віны. Я так гэта не ўспрымаю. Іншая справа, што графік змяніўся. І, мабыць, ён цяпер будзем такім на ўсё жыццё. Але будзе бачна. Мы, беларусы, двойчы эмігранты, не можам дазволіць сябе нешта планаваць і перажываць пра тое ці іншае».

Чытайце таксама:

«Доктар сказаў, што я нарадзілася ў кашулі». Беларуска перамагла алкагалізм, рак і адкрыла бізнэс у ЗША

Алюмініевая фольга шкодзіць здароўю. Вось у якіх выпадках

Каментары

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?2

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?

Усе навіны →
Усе навіны

«Адна з найбуйнейшых паветраных атак». Расія выпусціла па Украіне 120 ракет і 90 дронаў6

Доктар гісторыі: Абвінавачваць медыкаў і настаўнікаў у сучаснай Беларусі ў калабарацыянізме проста абсурдна16

На беларуска-польскай мяжы расце чарга з легкавых аўто

Некалькі месяцаў таму Зяленскі адгаварыў Шольца ад званка Пуціну1

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну64

У Мінску працуе святлафор, які раздае парады. А кагосьці і пужае12

На Камароўцы знайшлі яблыкі па «цане крыла самалёта»2

Дроны ўпершыню атакавалі Удмуртыю — беспілотнік упаў на ваенны завод1

У Клімавічах адкрылі 500-кілаграмовую бляшанку тушонкі. Яе аддадуць сілавікам ВІДЭА10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?2

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?

Галоўнае
Усе навіны →