Польскі інтэлектуал: Без незалежнай Беларусі не будзе незалежнай Украіны
Польскі сацыёлаг, публіцыст, сузаснавальнік Krytyki Politycznej Славамір Серакоўскі піша пра тое, як падзеі ў Беларусі звязаныя з будучыняй Украіны.
Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе сталі Алесь Бяляцкі, расійская арганізацыя «Мемарыял» і ўкраінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод». Падаляк, дарадца кіраўніка Офіса Зяленскага, раскрытыкаваў Нобелеўскі камітэт за ўганараванне гэтай прэміяй Бяляцкага і «Мемарыяла». Гэта памылка, лічыць польскі інтэлектуал.
Украінцы паспяхова ваююць, і задавальненне ад гэтых звышчалавечых намаганняў можна заўважыць у выказваннях украінскіх чыноўнікаў. У такіх сітуацыях вельмі проста перагнуць палку, піша Серакоўскі.
«Гэта, на жаль, лухта. Я не ведаю, з якой прычыны Падаляк лічыць «Мемарыял» прадстаўніком пуцінскай Расіі, ці Алеся Бяляцкага прадстаўніком лукашэнкаўскай Беларусі. Гэта выключна заслужаныя праваабарончыя арганізацыі», — піша Серакоўскі.
«Мемарыял» гвалтоўна ліквідаваны, а Алесь Бяляцкі ўжо год сядзіць у турме, што нічым не адрозніваецца ад сталінскіх лагераў.
«Падаляк насамрэч крыўдуе на Бяляцкага за тое, што ён не асудзіў напад на Украіну? І як ён мог гэта зрабіць? Турмы Лукашэнкі падобныя на чорныя дзіркі, з іх нічога не выходзіць вонкі», — тлумачыць польскі публіцыст.
Выказванне Падалака адлюстроўвае больш шырокую з'яву: зацяжныя, нікому непатрэбныя (акрамя Пуціна і Лукашэнкі) спрэчкі паміж украінцамі і беларусамі. Гаворка ідзе пра пачуццё перавагі з боку украінцаў перад беларусамі. Маўляў, беларусы не ваявалі са зброяй у руках, як украінцы ў 2014 годзе.
«Свабодныя беларусы, у адрозненне ад украінцаў, ніколі не мелі паловы краіны ў сваіх руках, разам з самакіраваннем і поўным плюралізмам у парламенце. Беларуская дэмакратыя была поўнай фікцыяй ужо больш за чвэрць стагоддзя. Тое, што яны наогул выступілі так масава ў 2020 годзе, можна лічыць сапраўдным цудам у краіне, якая адказвае ўсім крытэрыям вызначэння таталітарызму», — піша Серакоўскі.
Замест таго, каб памятаць пра гэта, беларусаў часта разглядаюць як канфармістаў. Беларусаў байкатуюць за мяжой, абыходзяцца з імі як з рускімі, а гэта раўнасільна рэпрэсіям рэпрэсаваных, піша публіцыст.
Беларусы патрэбныя як палякам, так і ўкраінцам, адзначае ён, згадваючы полк Каліноўскага і чыгуначных партызан.
Ціханоўскую ніколі не запрашалі Кіеў. І цяпер, калі яе ўрад у выгнанні быў створаны, Украіна магла б яго афіцыйна прызнаць. Для Лукашэнкі гэта будзе вялікі ўдар, піша Серакоўскі.
«Навошта Украіна падтрымлівае дыпламатычныя стасункі з дыктатарам, які аддаў расіянам свае аэрапорты і чыгунку для перавозкі войскаў? Поўнамаштабная вайна з Украінай пачалася менавіта з запуску першых ракет з тэрыторыі Беларусі. Калі Зяленскі хоча прызнаць Расію тэрарыстычнай дзяржавай, то ён павінен патрабаваць таго ж супраць дыктатуры Лукашэнкі», — піша інтэлектуал.
Калі ж кіеўскія ўлады будуць і далей ігнараваць Ціханоўскую, гэта можа паставіць пад пагрозу адносіны свабодных беларусаў і свабодных украінцаў. А гэта не патрэбна нікому, акрамя Крамля.
Каментары
Унылый бот ябатька вы.