У Мінску закрыўся гатэль, пабудаваны да хакейнага чэмпіянату свету 2014 года
Гатэль «Славянскі», размешчаны насупраць «Мінск-Арэны», перастаў прымаць гасцей яшчэ з мінулага месяца. Адміністрацыя заявіла пра «часовае спыненне дзейнасці» і папрасіла «з разуменнем паставіцца да гэтай акалічнасці». Прычыны, па якіх гатэль зачыніўся напярэдадні калядных і навагодніх свят, не называюцца, піша Office Life.
Як высветліла выданне, у той жа дзень, калі «Славянскі» спыніў працу, быў адкрыты ліквідацыйны працэс у дачыненні да забудоўшчыка і ўладальніка гатэля — створанай групай расійскіх інвестараў кампаніі «Белінтэррасінвест».
Гэта кампанія з пачатку 2010-х узводзіла жылы комплекс «Славянскі» і ў яго рамках у красавіку 2014 года, акурат да чэмпіянату свету па хакеі, які стартаваў у Мінску, пабудавала і ўвяла ў эксплуатацыю 15-павярховы гатэль на 126 месцаў.
У верасні гэтага года «Белінтэррасінвест» звяртаўся ў Эканамічны суд горада Мінска з заявай аб пачатку працэдуры банкруцтва. У дакументах суда кампанія фігуруе ў якасці даўжніка. Аднак заява была вернутая назад просьбіту.
«Часовае спыненне дзейнасці» «Славянскага» можа падштурхнуць у Мінску цэны на гатэльныя паслугі, якія напярэдадні прыезду расіян на навагоднія святы ўжо папаўзлі ўверх, лічаць некаторыя эксперты.
Каментары
то так яму і трэба... габтэлю гэтаму