Начальнік наваполацкай калоніі, дзе мучаць Ігара Лосіка, рос з ім у адным доме ў Баранавічах
Андрэй Пальчык — былы начальнік наваполацкай калоніі №1. Па сведчаннях вязняў, гэта калонія мае самыя жорсткія ўмовы. І вось нюанс — даведзены да адчаю ў калоніі блогер Ігар Лосік, аказваецца, жыў з Пальчыкам у адным доме, а бацькі Пальчыка ўвесь гэты час хадзілі аднымі сцежкамі з бацькамі Лосіка і яго арыштаванай жонкі.
Вуліца Наканечнікава, паўночны раён Баранавіч. Ціхі жылы масіў з возерам, школамі і садамі. Побач вечна пусты Лядовы палац і Свяцілаўскае возера, у якім нельга плаваць, але ўсё роўна прыгожа.
Ад шуму старой трасы Р2, якая вядзе на Мінск, раён аддзяляе невялікі гаражны масіў і рэдкая лесапаласа. Ад вялікага завода аўтаматычных ліній — чыгунка.
Мала што парушае спакой жыхароў, гэта класічны ціхі беларускі спальны раён. У гэтых дварах, ходзячы па адных сцежках, выраслі два зусім розныя чалавекі — Ігар Лосік і Андрэй Пальчык.
Яны жылі ў адным даўжэзным доме нумар 33 на той самай вуліцы Наканечнікава.
Лосік прапісаны ў першым корпусе, Пальчык — у другім. Але па факце іх кватэры раздзяляе літаральна пару пад'ездаў. Бацькі Пальчыка і цяпер там жывуць.
Пальчык вядомы сваёй жорсткасцю.
«Начальнік на вачах падначаленых збівае людзей, здзекуецца з іх. Пры гэтым, думаю, ён атрымлівае ад сваіх дзеянняў асалоду. Гэта бачна па яго твары», — расказваў у інтэрв'ю блогер Аляксандр Кабанаў.
Днямі стала вядома, што Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і горла. Як паведамляла «Свабода», Ігар нібыта адмовіўся «займацца прыборкай памяшкання», і яму прыгразілі, што змесцяць у ШІЗА. У адказ на гэта вязень дэманстратыўна ў прысутнасці іншых асуджаных лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Таксама паведамлялася, што Пальчыка здымаюць з пасады і пераводзяць на працу ў іншае месца для асуджаных.
Каментары
а Гродно(дно)? а Брест?