Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, выступаючы ў сераду перад журналістамі разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, што напад на Украіну стаў пачаткам канца агрэсіўнай Расіі.
«Мы сёння фарміруем карціну будучай Еўропы. Крэмль і Пуцін, Масква хацелі канца Украіны. Але сёння мы бачым, што гэтая вайна з'яўляецца пачаткам канца для Расіі, агрэсіўнай Расіі — такой, якой мы яе ведаем, але таксама і пачаткам зусім новай Еўропы», — сказаў Маравецкі на супольнай з Зяленскім прэс-канферэнцыі.
«Расія ўжо прайграла вайну і барацьбу за душы ўкраінцаў. І я перакананы, што Расія таксама прайграе і гэтую вайну за Украіну, і ўрэшце прайграе ў вайне за дамінаванне ў нашым рэгіёне», — сказаў польскі прэм'ер.
Уладзімір Зяленскі і Матэвуш Маравецкі сёння падпісалі пратакол аб пастаўках Украіне вайсковай тэхнікі, у прыватнасці, польскіх бронетранспарцёраў Rosomak. Пра куплю Украінай ста такіх машын паведамлялася ў сакавіку.
Таксама Украіне будуць пастаўленыя самаходныя мінамёты Rak, пераносныя зенітна-ракетныя комплексы Piorun, знішчальнікі МіГ і іншая зброя.
Каментары