Дарадца Ціханоўскай: Вета літоўскага прэзідэнта можна пераадолець
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр расказала, якія наступныя крокі будзе рабіць Офіс Ціханоўскай, каб законапраект аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны захаваў мяккія фармулёўкі ў дачыненні да беларусаў, нягледзячы на вета, якое наклаў сёння прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
«За рэдакцыю закона з больш мяккімі ўмовамі для беларусаў прагаласавала больш за палову дэпутатаў. Права вета можа быць пераадоленае, калі захаваецца гэтая колькасць галасоў.
Вельмі важным з'яўляецца грамадскі ўдзел. Варта камунікаваць з дэпутатамі Сейма і пераконваць іх прагаласаваць за мяккі варыянт законапраекта.
Мы працуем з дэпутатамі Сейма і тлумачым, што ўвядзенне больш жорсткіх абмежаванняў у дачыненні да беларусаў непрымальнае», — заявіла Крысціна Рыхтэр.
Таксама сёння з адмысловай заявай з гэтай нагоды выступіла і сама Святлана Ціханоўская. Яна, у прыватнасці, сказала:
«Я перакананая, што нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і памагатых рэжыму, і нельга караць беларусаў за дзеянні рэжыму…
Безумоўна, мы вельмі цэнім усю падтрымку, якую Літва аказвала і працягвае аказваць у нашай барацьбе за дэмакратычную еўрапейскую будучыню Беларусі. І мы разлічваем на ўзважанае рашэнне літоўскага кіраўніцтва і літоўскага парламента, каб працягваць умацоўваць сувязі паміж нашымі народамі, а не будаваць паміж імі муры».
Каментары
А россиян можно?