Спявачка абвясціла, што яе выступы ў Еўропе не адбудуцца, і выбачылася перад прыхільнікамі.
Канадская спявачка Селін Дыён адмяніла ўсе канцэрты ў Еўропе, якія павінны былі прайсці ў рамках яе сусветнага турнэ, з-за рэдкага неўралагічнага захворвання, піша The Guardian. Выступы, запланаваныя на 2023 і 2024 гады, не адбудуцца.
«Мне шкада хваляваць усіх вас ізноў. Я вельмі старанна працую над аднаўленнем сваіх сіл, але турнэ можа быць вельмі цяжкім, нават калі ты здаровы на 100%. Было б несумленна працягваць пераносіць канцэрты, і хоць гэта разбівае мне сэрца, нам лепш адмяніць усё цяпер, пакуль я не буду сапраўды гатовая зноў з'явіцца на сцэне. Я хачу, каб усе вы ведалі: я не здаюся, і я не магу дачакацца, калі ўбачу вас ізноў», — гаворыцца ў звароце 55-гадовай спявачкі да прыхільнікаў.
У канцы 2022 года стала вядома, што ў Селін Дыён дыягнаставалі вельмі рэдкае неўралагічнае захворванне — сіндром мышачнай скаванасці. Яно сустракаецца прыкладна ў аднаго чалавека на мільён. Сімптомы захворвання — моцныя спазмы і скаванасць, што нарастае з часам. Цалкам вылечыць сіндром пакуль немагчыма.
Каментары