Спорт77

Менш за два мільёны насельніцтва і бронза ЧС. Як латвійскі хакей дасягнуў такога поспеху

Апошнія дні для невялікай Латвіі сталі святочнымі. У нядзелю мясцовая хакейная зборная ўзяла бронзу чэмпіянату свету, і гэта — найлепшы вынік у яе гісторыі. «Наша Ніва» расказвае, як суседзі беларусаў яго дасягнулі.

Arena Riga — адзін з нешматлікіх лядовых комплексаў у Латвіі. Фота: Wikimedia Commons

У групавым этапе турніру латвійцы набралі 13 ачкоў за сем гульняў і занялі ў выніку трэцяе месца ў групе. У чвэрцьфінале яны, імаверна, недаацэненыя шведамі, выбілі іх з гульні, але прайгралі ў паўфінале і выйшлі на зборную ЗША ў матчы за трэцяе месца. Несумненна, да гэтай гульні латвійцы падышлі максімальна матываванымі. У выніку 4:3 у авертайме — і бронза ЧС у кішэні латвійцаў!

Для гэтай зборнай такі вынік — гістарычны, раней максімум гэтай каманды на ЧС складаў 7 месца (турніры ў 1997, 2004 і 2009 гадах). То і не дзіва, што ў гонар медалёў у краіне абвясцілі выхадны, а хакеістаў у Рызе сустракалі як нацыянальных герояў. 

Можна дакладна казаць, што для латвійцаў хакей — частка нацыянальнай ідэі. Калі ў пачатку 90-х краіна атрымала незалежнасць, у яе было не надта шмат рэсурсаў, якія б дапамаглі пазіцыянаваць сябе ў свеце. І тады на дапамогу спантанна прыйшоў хакей. Тым больш што была і прычына заўзець за сваіх: у сярэдзіне 90-х Латвія перабралася з групы С у групу А і з таго часу вагалася недзе на ўзроўні 7-13 месца. 

Пра тое, што хакей для Латвіі — нацыянальны спорт, кажа і статыстыка. На дзевяць з лішнім мільёнаў беларусаў маем 40 хакейных арэн, на амаль два мільёны латвійцаў — 22 арэны. Розніца ў доступе да трэніровак відавочная.

У мінулым годзе латвійцы скончылі ЧС на 10 месцы, але гэтым разам мы бачым рывок да бронзы. Не ў апошнюю чаргу за гэта адказвае галоўны коўч каманды Харыйс Віталіньш. Цікава, што ў фінале хакейнага ЧС у Мінску, што адбыўся ў 2014 годзе, Віталіньш выводзіў на лёд будучых чэмпіёнаў свету — зборную Расіі. Віталіньш, які працаваў тады асістэнтам расійскага трэнера Алега Знарка, замяніў таго на фінале праз яго дыскваліфікацыю. І ў расійскай зборнай, і ў клубах КХЛ латвіец доўгі час быў у цені Знарка, свайго яркага кіраўніка, таму цяперашняя бронза ЧС — доказ, што ён можа і сам дасягаць поспеху.

Пры гэтым Віталіньш мае не так шмат досведу самастойнай працы ў камандах: напрыклад, яму здаралася кіраваць маскоўскім «Дынама» і швейцарскім «Давосам». Нарэшце, за поспехі ў працы са зборнай Расіі Віталіньш атрымаў тры расійскія ордэны, а таксама тытул заслужанага трэнера гэтай краіны. Паказальна, што ў сітуацыі, калі праз санкцыі расійскую зборную выкінулі са спаборніцтваў па ўлюбёным відзе спорту, яе былы трэнер прыводзіць да гістарычных медалёў ідэалагічнага праціўніка. І несумненна, што досвед з такой моцнай камандай, як расійская, яму шмат чаго даў.

А што да гульцоў? У Латвіі больш прафесійных хакеістаў, чым у Беларусі: 1343 супраць 954. У нашай паўночнай суседкі хакеем займаецца больш мужчын (7898 супраць 7053) і жанчын (311 супраць 77). У наймацнейшай хакейнай лізе свету, НХЛ, гуляе пяць латвійцаў і тры беларусы — і зноў жа, успомніце, што насельніцтва Латвіі ў чатыры разы меншае, чым насельніцтва Беларусі.

Чым больш у краіне добрых хакеістаў, тым лепшы ў трэнера нацыяналкі выбар гульцоў для зборнай. Хакеісты з НХЛ не ўдзельнічаюць у ЧС, бо падчас чэмпіянату ў лізе ідзе этап плэй-оф, але ж НХЛ — гэта вяршыня піраміды. Калі больш латвійцаў трапляюць у наймацнейшую лігу, гэта сведчыць пра тое, што ў цэлым у Латвіі больш добрых гульцоў, чым у Беларусі, і, адпаведна, у краіне вышэйшы ўзровень дзіцячага хакея.

Што яшчэ наблізіла Латвію да бронзы? Гэтым разам ЧС быў для латвійцаў хатнім: так, частка матчаў праходзіла не ў Латвіі, а ў Фінляндыі, але што значыць гэтая адлегласць для заўзятараў? Таксама ЧС у гэты раз праходзіў без моцнага суперніка — Расіі, якая забаненая на міжнародных турнірах ледзьве не ва ўсіх відах спорту праз ролю агрэсара ў вайне з Украінай.

Нарэшце, паглядзім зноў на шлях латвійскай зборнай на турніры. Трэцяе месца ў групе сенсацыйным не назавеш — цалкам тыповы вынік для краіны, што месціцца на 11 месцы ў сусветным хакейным рэйтынгу. У чвэрцьфінале латвійцы выбіваюць шведаў, і гэта папраўдзе нечакана, але скандынавы пасля чэмпіёнстваў у 2017 і 2018 гадах тройчы выляталі ў чвэрцьфіналах ЧС і адзін раз увогуле не выйшлі з групы. Дададзім да гэтага 40 сэйваў латвійскага кіпера Шылава, добрую працу трэнерскага штаба Віталіньша і, хутчэй за ўсё, недаацэнку латвійцаў з боку шведаў — так і склалася сенсацыя.

Застаецца дадаць, як у гэты час маецца «хакейная дзяржава» Беларусь. Як і Расія, наша каманда застаецца ў міжнародным бане праз вайну ва Украіне, але ж чыноўнікі ад хакея спрабуюць «кампенсаваць» відавочны недахоп турнірнай практыкі. Вядома, робяць гэта праз Расію: нядаўна, напрыклад, расіяне і беларусы згулялі разам восем матчаў, з іх беларуская зборная перамагла двойчы. У сусветным рэйтынгу IIHF (Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе) Беларусь займае 14-е месца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

У гродзенскіх кінатэатрах замест сусветных навінак паказваюць беларускі хакей

У школах з'явіцца факультатыў па хакеі

«Ганаруся, што мой сын — Сцёпа». Аляксандр Пуціла — пра «найгоршага» міністра спорту, баязлівых спартоўцаў і дынастыю Азаронкаў

Каментары7

  • Жвір
    31.05.2023
    Трэба ўдакладніць, што й ня толькі ў хакеі. І заўважце, латвійская каманда не была прадстаўлена ў КХЛ, якую ў Беларусі лічаць панацэяй. Як толькі Латвійская хакейная федэрацыя спыніла супрацоўніцтва з КХЛ, дык адразу й посьпех. А зірніце на казахаў,.. а ўзгадаць на вынікі беларускай зборнай... Даўно казаў, што ў 2008-м была ўчынена дыверсія супраць беларускага хакея.
  • Ёсік
    31.05.2023
    Не згодна. Хакеісты Латвія біліся за гонар сваёй краіны, як бы гэта не гучала пафасна. А ўспомніце, калі апошні раз хакеісты Беларусі біліся за гонар сваёй краіны? Так, у 2002 на Алімпіядзе. Ды шчэ ў 2008 ці 2009 на ЧС, калі фінам, чэхам ды расейцам накідалі, але некаторыя галы не залічвалі. Усё, увесь астатні час на лёд выходзілі зоркі інстаграма, ім слова гонар да сракі, гэта звычайныя дармаеды, а не хакеісты, гульцы лукашэнкаўскай каманды.
  • З Латвіі
    31.05.2023
    Ну не пішыце, калі ласка прозвішча трэнера як кальку з рускай. Не ганьбіце мову, калі ласка. Калі быў прэзідэнтам Бэрзыньш, то пісалі правільна. Канчатак цвёрды -ыньш заўжды ў латышоў. Вітолыньш, націск на першы склад, а не на апошні. Па-латышску ў арыгінале Vitoliņš. "Л"
    цвёрды
    Латышыы, напрыклад, адразу пацікавіліся ў мясцовых беларусаў, нават з самога Саэйму, як правільна пісаць Cihanouckaja ці Tihanovskaja, ў перакладзе з беларускай. Розніца зразумелая, тое ж самае і тут, я ўжо пісаў неаднойчы пра гэтыя канчаткі ў прозвішчах, і не толькі я, ўсё адно такая ганебная памылка застаецца на НН, поўнасцю перакручанае прозвішча трэнера, які зараз стаў вядомы на ўвесь свет, напісаць яго прозвішча правільна па-беларуску гэтак жа важна, як і прозвішча прэзідэнта.

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →