«Усё ж часы былі тады іншыя». Пахаванне Алеся Пушкіна ў 2023-м vs пахаванне Ларысы Геніюш у 1983-м
Пахаванне Алеся Пушкіна выклікала значную грамадскую рэакцыю. Адзін з карыстальнікаў фэйсбука параўнаў яго з пахаваннем Ларысы Геніюш і задаўся пытаннем: што можна сказаць, аналізуючы гэтыя два пахаванні?
1983 год, «спіць народ, нібы зерне ў раллі». Савецкі Саюз здаецца вечным, незалежную Беларусь уяўляюць лічаныя людзі ўнутры краіны, беларуская эміграцыя нешматлікая і раз'яднаная дзяржаўнымі межамі, канфесійнымі і палітычнымі падзеламі.
Ларыса Геніюш была адзіным чалавекам, які, жывучы ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, адмаўляўся прыняць савецкае грамадзянства. Яе несавецкая беларускасць, прынцыповасць рабілі яе маяком для нонканфармісцкай моладзі.
Вось чаму яе пахаванне стала падзеяй нацыянальнага маштабу.
З Мінска на пахаванне прыехала моладзь і інтэлігенцыя. Але галоўную частку працэсіі складалі жыхары Зэльвы. Геніюш добра ведалі і паважалі і як прыхаджанку царквы, і як жонку доктара. «Тады была традыцыя праводзіць людзей усёй вёскай», — піша адзін з удзельнікаў абмеркавання.
Пахаванне Алеся Пушкіна таксама сабрала нямала людзей, хоць мястэчка Бобр і вымірае пакрысе, дый, як адзначылі ў каментарах, «цяпер усёй вёскай хаваць не ходзяць проста таму, што так не прынята. Вельмі часта і самі сваякі [цяпер] не хочуць гараваць на вачах тысяч людзей».
Гэтую думку пацвярджае ў сваім каментары іншы чалавек: «Тры месяцы назад памёр знаёмы, яму гадоў 70 было. Дык да яго на пахаванне нават пляменнікі не прыехалі. Жывуць у Беларусі, недалёка ад таго месца, дзе жыў нябожчык. Нешта змянілася…»
Але асноўная дыскусія разгарнулася на параўнанні часоў Андропава і сітуацыі ў сучаснай Беларусі. Так адзін з карыстальнікаў заўважыў: «У нас ужо далёка не андропаўшчына. Са спасылкай на развіццё цывілізацыі ў параўнанні з першай паловай ХХ стагоддзя ў нас сапраўды блізка да 37-га года».
Другі задае пытанні:
«Колькі сотняў беларускіх палітвязняў сядзела на той момант? Колькі тысячаў прайшлі за гэты год праз адміністратыўны палітычна матываваны працэс?»
Трэці адзначае: «Тыя тысячы (што маглі прыйсці на пахаванне — рэд.) за кратамі, іншыя тысячы за мяжой. Яшчэ ў тысяч скалечаныя сем'і і лёсы».
Іншы карыстальнік адзначае: «Цяпер у Беларусі нашмат больш жорсткі рэжым. За ўдзел у пахаванні нават пры Андропаве нічога такога не чакалася. Наогул такога страху не было. Былі «чырвоныя лініі», і добра было вядома, дзе яны праходзяць. Цяпер у Беларусі ніхто не можа сказаць, што за нешта дакладна не будзе пераследу. Атмасфера жудасная».
«У 80-я нават пры Андропаве атмасфера была ўжо нейкая расслабленая, адчувалася нямогласць сістэмы, — дзеліцца сваімі назіраннямі іншы і дадае: — Так, прыход Андропава крыху палохаў і як бы азначаў рэакцыйны паварот, але ён не паспеў нічога такога нарабіць. Усё ж часы былі тады іншыя. Цяпер — трэці год ідуць масавыя рэпрэсіі, правіл, маралі і законаў няма ні на адным узроўні ўлады, і жорсткасць спаборнічае з абсурдам».
Пра адсутнасць «правілаў гульні» ў цяперашні час піша іншы карыстальнік: «Нават рэч не ў лічбах (хаця і гэтага аргумента было б дастаткова). Рэч у тым, што ў паслясталінскім СССР былі зразумелыя правілы гульні, якія не змяняліся дзесяцігоддзямі.
Ва ўмоўным 1963-м і ўмоўным 1983-м падставы для рэпрэсіяў былі адны і тыя ж. А цяпер саджаюць за тое, што яшчэ ўчора ні ў каго не магло выклікаць пытанняў. І гэта значна больш дэмаралізуе грамадства. Ну і яшчэ, як гэта ні дзіўна, клопат аб іміджы. СССР было не ўсё роўна, што пра іх кажа міжнародная супольнасць. Якраз таму, напрыклад, Нобелеўскіх лаўрэатаў у СССР не кідалі ў лагеры».
Да дыскусіі далучыўся і гісторык Аляксандр Пашкевіч, які адзначыў, што «ў 1983 годзе не было масавых рэпрэсій. І не толькі ў гэтым годзе не было — не было ўжо 30 гадоў. І людзі ведалі, што, прынамсі, у турму іх за ўдзел у пахаванні не кінуць. А ў 2023 годзе масавыя рэпрэсіі ёсць. І людзі ведаюць, што яны не пад уяўнай, а пад рэальнай пагрозай. У гэтым і розніца».
Аляксандр Пашкевіч просіць
«не забывацца, што ў Беларусі шалеюць рэпрэсіі, і там зусім-зусім не такая сітуацыя, калі ты, едучы на такое пахаванне, нічым не рызыкуеш. Рызыка вялікая, і цяпер людзі літаральна кожны крок узважваюць, варта ім рызыкаваць ці не варта. Цана любога, нават такога «бяскрыўднага» кроку, задраная неймаверна».
У іншым каментары адзначаецца, што «становішча Геніюш пасля смерці Сталіна і вызвалення з лагера было куды больш свабодным за становішча кожнага з беларусаў, хто застаўся ў цяперашняй Беларусі, — піша аўтар. — Больш за тое, становішча Геніюш тады было нашмат больш бяспечным, чым яе становішча сёння. Яе вершы друкаваліся ў часопісах, кнігі выдаваліся (і не прыватнымі выдавецтвамі, а дзяржаўным), яе запрашалі ў саюз пісьменнікаў, яна вяла перапіску з Максімам Танкам (сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР), яна магла сабе дазволіць не браць савецкае грамадзянства…
А сёння яе помнік раптам нечакана знік. І нават за лайк можна атрымаць гады турмы.
Колькі б людзей прыйшло ў 1937 на пахаванне кагосьці рэпрэсаванага? А гэта пры ўсёй непараўнальнасці маштабаў цяпер найлепшы арыенцір, а не 1983 год».
Чытайце таксама:
Галоўная таямніца Алеся Пушкіна
Каментары