«Заканчваецца і Куба, якая супрацьстаяла ЗША». Куба выявіла расійскую сетку вярбоўкі сваіх грамадзян для вайны з Украінай і абурылася
Куба афіцыйна заявіла аб рашучых дзеяннях па прадухіленні вярбоўкі яе грамадзян для ўдзелу ў ваенных аперацыях ва Украіне. Такую практыку яна разглядае як гандаль людзьмі. Калякрамлёўскі гісторык своеасабліва пракаментаваў гэта.
Міністэрства замежных спраў Кубы распаўсюдзіла заяву, у якой адзначаецца, што Міністэрства ўнутраных справаў краіны выявіла і вядзе працу па нейтралізацыі і ліквідацыі сеткі гандлю людзьмі, якая дзейнічала з Расіі з мэтай прыцягнення ў расійскае войска для ўдзелу ў ваенных аперацыях ва Украіне грамадзян Кубы, якія пражываюць у Расіі, а таксама грамадзян на тэрыторыі самой Кубы.
Улады краіны заявілі, што ў адносінах да асобаў, якія маюць дачыненне да гэтай дзейнасці, узбуджаны крымінальныя справы.
«Ворагі Кубы распаўсюджваюць скажоную інфармацыю, каб ачарніць імідж краіны і паказаць яе саўдзельніцай гэтых дзеянняў, якіх мы рашуча не прымаем. Куба займае цвёрдую і дакладную гістарычную пазіцыю супраць наёмніцтва і адыгрывае актыўную ролю ў ААН, выступаючы супраць згаданай практыкі.
Куба не ўдзельнічае ў вайне ва Украіне. Яна дзейнічае і будзе дзейнічаць рашуча супраць тых, хто на тэрыторыі краіны ўдзельнічае ў любой форме гандлю людзьмі ў мэтах наёмніцтва або вярбоўкі», — гаворыцца ў заяве.
Гэтую заяву па-свойму пракаментаваў пракрамлёўскі гісторык Аляксандр Дзюкаў. Дзеянні ўладаў Кубы ён паспрабаваў выдаць за міфічную здраду ідэалаў:
«Судзячы з усяго, на нашых вачах заканчваецца і Куба, якая супрацьстаяла ЗША. МЗС Кубы называе вярбоўку добраахвотнікаў у СВА «гандлем людзьмі», МУС заводзіць крымінальныя справы. Мінулі тыя часы, калі кубінскія ваеннаслужачыя давалі дыхту ў Афрыцы».
Нагадваем, што прыкладна год назад у Гаване прайшла XXII штогадовая міжнародная нарада камуністычных і працоўных партый, якая асудзіла вайну і прыняла жорсткую антываенную рэзалюцыю, у якой «рашуча абвергла любую датычнасць палітыкі расійскага ўрада да антыфашысцкага руху». Рэзалюцыю адмовіліся падпісаць прадстаўнікі расійскіх КПРФ і РКПР і рэшткаў Камуністычнай партыі Украіны.
Чытайце яшчэ:
«Якія беларусы цёплыя». Беларускі кубінец — пра свае дзве радзімы і год на Акрэсціна
Куба правяла пяціразовую дэвальвацыю
Разведка ЗША падазрае Расію ў акустычных атаках на Кубе ў 2017 годзе
Каментары