Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі — Ціханоўская
Святлана Ціханоўская выступіла з уступным словам да панэльнай дыскусіі «У пошуках зразумелай палітыкі калектыўнага Захаду ў адносінах да Расіі» на Варшаўскай канферэнцыі па бяспецы. У яе выступленні ўтрымліваліся некалькі палажэнняў, якія можна лічыць для беларускага дэмакратычнага руху праграмнымі.
«Усё мінулае стагоддзе мы, беларусы, знаходзіліся ў ліку тых, хто жыў у чорным цені Расіі. Разам з літоўцамі, эстонцамі, украінцамі, грузінамі і многімі іншымі народамі.
У рэшце рэшт мы ўсе выйшлі з гэтага ценю. Мы, беларусы, дакладна зрабілі гэта ў 2020 годзе, з нашай мірнай рэвалюцыяй, якая працягваецца дагэтуль», — адзначыла Ціханоўская. Паводле яе:
«Пасля 2020 года ўвесь свет ведае, што Беларусь — гэта не Расія. І ніколі ёй не будзе.
Свет павінен перастаць думаць пра Беларусь як пра нейкую частку Расіі. У нас іншая культура, іншая гісторыя, іншая мова. У нас ёсць уласная ідэнтычнасць. Мы былі часткай Еўропы за шмат стагоддзяў да таго, як Расія прыйшла ў Беларусь».
Ціханоўская падкрэсліла:
«Часам чую, што Беларусь — «прайграная справа». Але Украіна — а фактычна, і ўся Еўропа — ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі. Беларускі супраціў мае ключавое значэнне».
«Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. Але мы мусім даць людзям надзею.
Такой надзеяй з'яўляецца еўрапейская перспектыва Беларусі як альтэрнатыва «Рускаму свету».
І нарэшце — давайце дапаможам Украіне выйграць гэтую несправядлівую вайну.
Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. Пакуль мы гаворым, многія беларусы змагаюцца за свабоду Украіны. Многія з іх аддалі свае жыцці ў гэтай барацьбе.
Бо мы разумеем, што гэта не проста іх барацьба — гэта наша агульная барацьба за свабоду», — падкрэсліла Ціханоўская.
Удзельнікам гэтай панэльнай дыскусіі былі таксама штатная аглядальніца выдання The Atlantic (ЗША) Эн Эплбаўм, былы прэзідэнт Эстоніі Тоамас Хендрык Ільвес, адзін з лідараў расійскай апазіцыі Гары Каспараў і былы міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Раней, выступаючы на іншай панэлі гэтай самай канферэнцыі, Ціханоўская праводзіла тую ж самую ключавую ідэю:
«У 2020 годзе геапалітычны выбар не стаяў на парадку дня. Людзі пратэставалі супраць тыраніі. Мы змагаліся за дэмакратыю.
Цяпер мы таксама змагаемся за сваю незалежнасць і за само выжыванне Беларусі як нацыі. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь стане часткай Еўрасаюза. У Беларусі, як і ў Украіны, не можа быць будучыні з Расіяй».
Чытайце таксама:
На ўдзельнікаў марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно» завялі крымінальную справу
Амбасадар Міхальскі расказаў пра Макея, сустрэчу ў Ватыкане, ролю эміграцыі і мову як паветра
Каментары